Сталя́р ‘спецыяліст па тонкай апрацоўцы драўніны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сто́ляр ‘тс’ (Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк.), ст.-бел. столяръ ‘тс’; сюды ж сталя́рскі, сталя́рства (ТСБМ, Шат.). Укр. сто́ляр, рус. столя́р, разм. сто́ляр. З польск. stolarz ‘тс’, якое ўтворана ад stół ‘стол’ і калькуе ням. Tischler ‘тс’ ад ням. Tisch ‘стол’; гл. Фасмер, 3, 766 з літ-рай; Брукнер, 517. Карскі (1, 414) непасрэдным запазычаннем з польскай лічыць формы з націскам на першым складзе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нак ‘дзяржанне ў розных прыладах (вілах, чапяле, рыдлёўцы, памяле, нажы і інш.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Ласт., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 2, 4, Сцяшк.), тро́нок ‘тс’ (Тарн., Арх. Вяр., ТС, Лекс. Бел. Палесся), тро́нак ‘ствол’ (Рэг. сл. Віц.), трон ‘цэп’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.). З адаптаванага польск. trzonek ‘рукаятка, ручка’ < trzon ‘аснова, састаўная частка чаго-небудзь; рукаятка, ручка’, што адпавядае беларускаму чаранок (гл.). Сюды ж ст.-бел. троновый зуб ‘карэнны зуб’ (ГСБМ) з польск. ząb trzonowy ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпа́ ’натоўп, тлум’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Растарг.), талпа́ ’натоўп’ (Ян.), ст.-бел. толпа ’тс’ (канец XV ст., КГС). Параўн. укр. товпа́ ’тс’, рус. толпа́ ’тс’, стараж.-рус. тълпа ’тс’, чэш., славац. tlupa ’натоўп, тлум’ (з рускай, гл. Махэк₂, 646), балг. тълпа ’натоўп’, макед. толпа ’тс’. Прасл. *tъlpa або *tьlpa, аддзеяслоўны назоўнік ад tъlpiti (гл. тоўпіць), роднасны літ. talpà ’ёмістасць, аб’ём’, лат. talpa ’памяшканне’, ст.-інд. tálpuḥ ’ложа, сядзенне’, talpã ’тс’ (Фасмер, 4, 74; ЕСУМ, 5, 588).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хадзень ’прышэлец, прыблуда’ (ТСБМ, Янк. 3., Нар. Гом.; ашм., Стан.), прыхо́дзень ’які прыйшоў з другога месца, прышлы’ (Ласт.), сюды ж прыхажа́кі ’прышлыя людзі’, прыхо́джы, прыхо́жы, прыхаджа́лы ’прышлы, нетутэйшы’, маст. прыхо́джы перан. ’запазычаны’ (паст., віл., трак., смарг., навагр., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приходень ’прышлая асоба; чужаземец’, якое, паводле Жураўскага (SOr, 10, 40), запазычана з польск. przychodzień ’тс’, што, на думку Вярхова (Аб нек. асабл., 34, 37), неабавязкова ў сувязі з прадуктыўнасцю словаўтваральнага тыпу. Ад прыходзіць (гл. хадзіць) з розным суфіксальным афармленнем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прычыні́ць1 ’паслужыць прычынай чаго-небудзь; выклікаць непрыемныя наступствы’ (ТСБМ), ’зрабіць’: мне дабра не прычыніла і тая Антоля (пух., Сл. ПЗБ), прычыня́цца ’выбіраць пэўныя ўмовы, абставіны’ (ТС). Да чын, чыніць (гл.).

Прычыні́ць2 ’зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна’ (ТСБМ, Ласт., Янк. 1, Ян.), прічыні́ць ’тс’ (Бяльк.), а таксама прычыні́ць ’прыадчыніць’ (ТС); сюды ж са спецыфічным абмежаваннем семантыкі прычыны́ты ’завязаць (фартух)’ (кобр., ЛА, 4). Беларуска-ўкраінскі семантычны рэгіяналізм (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 41; Непакупны, Связи, 86). Далей гл. чын, чыніць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́шлы ’які прыйшоў адкуль-небудзь, нетутэйшы, чужы’; ’які прыйдзе, наступіць; будучы’ (Ласт., Байк. і Некр., Шат., ТСБМ; арш., шчуч., маст., зэльв., слонім., глус., добр., ЛА, 3), ’які прыйшоў, надышоў (аб часе)’ (Мал.), ст.-бел. пришлый ’будучы’. Рус. при́шлый ’нетутэйшы, чужы’, смал. ’наступны’, укр. при́шлий ’будучы’. Першапачаткова дзеепрыметнік на ‑л‑ ад дзеяслова прыйсці. Другое значэнне, магчыма, з польск. przyszły ’тс’, параўн., аднак, ст.-бел. пришлое ’будучае’ (1562 г.), якое Карскі (2–3, 42) разглядае як звыклы дзеепрыметнік прошлага часу. Гл. пры́шласць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сказ1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).

Сказ2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)