шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.

1. Даўней — тэрміновая пошта, данясенне, адпраўленыя конным пасланцом. Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка, так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва. Шамякін. // Пісьмо, данясенне і пад., якія дастаўляліся такой поштай. — О, сапраўды важная справа! — усклікнуў Валерый, прачытаўшы першыя радкі эстафеты. Якімовіч.

2. Спаборніцтва каманд на скорасць (па бегу, плаванню і пад.), калі на пэўнай частцы дыстанцыі бегуна або плыўца змяняе яго таварыш, беручы ад свайго папярэдніка ўмоўлены прадмет. // Спецыяльны прадмет, які перадаецца пры такіх спаборніцтвах. / у перан. ужыв. Пяцьдзесят гадоў нясе савецкая моладзь, наш Ленінскі камсамол эстафету працоўнай і ратнай доблесці і славы, перадаючы яе ад пакалення да пакалення. Машэраў. У небе лятаюць сокаламі Сягоння мае равеснікі. Эстафету бацькоў высока У светлую даль панеслі. Маркевіч.

•••

Прыняць эстафету гл. прыняць.

[Фр. estafette ад іт. staffa — стрэмя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Дасягнуць чаго‑н., паразіць якую‑н. цэль (пра кулю, снарад, што‑н. кінутае і пад.). Адна бомба трапіла ў лазню, запаліла страху. Кулакоўскі. У руках у Пракопа былі кветкі. Ён узмахнуў імі, і букет, апісаўшы дугу, трапіў у акно. Карпаў. // Пацэліць у што‑н., метка кінуўшы, стрэліўшы. Выхапіла [Зіна] з кабуры пісталет і, не цэлячыся, стрэліла тры разы запар. Трапіла ці не? Ваданосаў. // перан. Угадаць што‑н., трапна, дарэчы сказаць што‑н.

2. Увайсці, пранікнуць куды‑н. Трапіць у хату. // Прыйсці куды‑н., знайсці тое, што шукаў. Праблытаўся .. [Сцёпка] досыць доўга па незнаёмых вуліцах, покі трапіў на вадакачку, адтуль і на рабфак. Колас.

3. Апынуцца ў якіх‑н. умовах, абставінах (звычайна неспрыяльных). І Чыжык рашыў гаварыць тое, што чуў не аднойчы: часць трапіла ў акружэнне, хто-ніхто вырваўся, і ён во прыйшоў. Лупсякоў. Блінкоў расказваў пра сябе. Ён — музыкант, у першыя дні вайны трапіў у палон. Васілеўская. Я праклінаў сябе, як апошняга баязліўца, але нічога не рабіў, каб памагчы Хрысціне выбавіцца з ямы, у якую яна трапіла па сваёй ахвоце. Асіпенка.

4. Уладкавацца на работу, вучобу і пад.; стаць кім‑н. [Стэфа:] — Скажы, Міхась, а як ты трапіў у плытагоны? Савіцкі. Пазней, між іншым, адзін з .. [сяброў] трапіў у авіяцыю, а другі прысвяціў сябе медыцыне. Аўрамчык. / у перан. ужыв. Вось — бядняк. Ці траплю стаць на ногі? Ці акрыяю сам? У калектыў вядуць мае дарогі — Я — сіла буду там! Колас.

5. Аказацца дзе‑н. у патрэбны момант. На гэтую размову ў рэдакцыю якраз трапіў Ігнат Дварчанін. Машара. // Апынуцца дзе‑н. У пошуках спосабу жыць .. сям’я [Бумажкова] на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася [на] Беларусь. Чорны. Куды б ні трапіў я — ізноў вярнуся, Разблытаўшы дарожныя вузлы, У гэты край, Што клічуць Белай Руссю, Дзе шпацыруюць белыя буслы. Дукса.

6. Знянацку наступіць на што‑н., уступіць у што‑н., зачапіць што‑н. Трапіць нагой на патарчаку. □ Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч. Раптам нага Кузняцова трапіла ў глыбокую каляіну. Пташнікаў.

7. Папасці, надарыцца. І вось у рукі .. [Васіля], якраз у тыя дні, калі мы, маладыя сябры, забаранілі яму прыніжаць сваю чалавечую годнасць, трапіла неяк бывалая кніга, без вокладак. Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост трапіла гл. лейцы.

Трапіць па вочы (вока) каму — тое, што і папасціся на вочы (вока) каму (гл. папасціся).

Трапіць на вудачку — тое, што і папасціся на вудачку (гл. папасціся).

Трапіць на кручок — папасціся ў чым‑н., даць магчымасць сябе ашукаць.

Трапіць на лаву падсудных — тое, што і сесці на лаву падсудных (гл. сесці).

Трапіць на сваю жылу — знайсці любімую справу.

Трапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).

Трапіць на той свет — памерці.

Трапіць на шапачны разбор — прыйсці пад самы канец чаго‑н., на заканчэнне чаго‑н.

Трапіць на язык каму — стаць прадметам гутаркі, абгавораў.

Трапіць пад агонь — быць абстраляным кім‑н.

Трапіць пад агонь крытыкі — падвергнуцца крытыцы.

Трапіць пад гарачую руку — папасці ў такі момант, калі хто‑н. узбуджаны, злосны.

Трапіць пад кулю — быць забітым, застрэленым.

Трапіць пад нож — быць аперыраваным.

Трапіць пад руку каму — выпадкова апынуцца паблізу, побач.

Трапіць пад сукно — быць адкладзеным на доўгі час (пра якую‑н. справу).

Трапіць пальцам у неба — тое, што і папасці пальцам у неба (гл. напасці).

Трапіць па назначэнню — быць там, куды назначылі, накіравалі.

Трапіць у абцугі — а) папасці ў акружэнне праціўніка; б) аказацца ва ўмовах, што скоўваюць, заціскаюць.

Трапіць у вір — а) утапіцца; б) апынуцца ў цэнтры якіх‑н. падзей.

Трапіць у газету — а) быць надрукаваным у газеце; б) быць заўважаным; в) быць раскрытыкаваным.

Трапіць у залежнасць — быць абумоўленым якімі‑н. прычынамі.

Трапіць у кіпцюры каму — аказацца, быць пад уладай каго‑н.

Трапіць у лапы каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў лапы каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у ласку да каго — займець чыю‑н. прыхільнасць.

Трапіць у (непрыемную) гісторыю — мець непрыемнасці, быць заблытаным у нядобрай справе.

Трапіць у нерат — знянацку, нечакана апынуцца ў безвыходным становішчы.

Трапіць у няміласць — страціць прыхільнасць каго‑н.

Трапіць у палон чаго — быць, знаходзіцца пад моцным уздзеяннем чаго‑н.

Трапіць у пастку — папасці ў небяспечнае, безвыходнае становішча.

Трапіць у пераплёт — аказацца ў складаным, цяжкім, небяспечныя або непрыемным становішчы.

Трапіць у поле зроку — быць заўважаным, убачаным.

Трапіць у рукі каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў рукі каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у (самую) кропку — тое, што і папасці ў (самую) кропку (гл. папасці).

Трапіць у тон — сказаць або зрабіць што‑н. прыемнае, пажаданае для каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуць 1, чу́ю, чу́еш, чу́е; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам. Успрымаць, адрозніваць гукі, шумы і пад. пры дапамозе органа слыху. Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы — Штораз варушацца жывей, Бо чуюць голас навальніцы, А хмары сунуцца бліжэй. Колас. Стаіць [Іван пад дубам].., аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты. Якімовіч. // Успрымаць слыхам (размову, выказванне і пад.), разумеючы, усведамляючы сэнс. — Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат. Бядуля. [Галасы:] — Брава! — Наша ўзяло! — «Светлы шлях» перамог! [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. [Насця:] Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта. Крапіва.

2. без дап. Мець слых. Мы ўжо давай паказваць немцу знакамі, што чалавек глухі, не чуе, што мы ўжо, калі гэтак трэба, то самі яго пазавём. Кулакоўскі.

3. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Мець якія‑н. звесткі, паведамленне ведаць з размоў, чутак пра каго‑, што‑н. [Бывалы:] — Я прыйшоў да вас таму, што чуў, быццам у вас ёсць атрад. Новікаў. Партызаны пыталіся, мо чулі танкісты пра сваякоў, родных, абменьваліся адрасамі. Грамовіч. Ён жа [камбат] быў чалавекам, Сябрам быў нам усім... І амаль чвэртку веку Мы не чулі аб ім. Прыходзька.

4. каго-што і чаго. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць. Не чуць абмарожанага пальца. □ Нарэшце па віхрах, па сцюжы Заглянуў вясенні прасвет; Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, Як іншым, як лепшы стаў свет? Купала. Накурылі [госці], не чулі дыму і не расчынялі дзвярэй. Пташнікаў. // Прадчуваць, здагадвацца. [Бабуля:] — А Туман [сабака] наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць ні на крок. Шыловіч. — Нашы прыйдуць. Сэрца маё чуе гэта, — .. [Таня] паднялася. Шамякін. Чуюць восень і шпачкі, што статкам кружацца над іржышчам. С. Александровіч. // Разм. Распазнаваць чуццём (пра жывёл). [Нарушэвіч:] — Сабакі ў гаспадара чуткія — воўка чуюць за вярсту, паганых людзей — за дзесяць. Машара. — [Сабака] некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант. Зуб. А тут жа, крыху ніжэй, .. [конь] бачыць і чуе нюхам смачную дзяцеліну — маладую, свежую. Якімовіч.

5. (са словам «сябе»). Мець тыя ці іншыя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні. Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым і... чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Мележ. [Зося] цяпер пачала зусім чуць сябе тут [у Сегенецкіх] як да часу. Чорны.

6. у знач. пабочн. чу́еш (чу́еце). Разм. Ужываецца, каб падкрэсліць сказанае, як настойлівае ўказанне, патрабаванне. Добрай раніцы, сэрца народа, Добрай раніцы, горад-герой! Чуеш, нашы спяшаюць з Усходу, Бачыш, нашы навекі з табой. Астрэйка. Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!.. Сіпакоў.

7. у форме інф., у знач. вык. Тое, што і чуваць. Ну, вось, здаецца, што ўсё ўжо разгледзеў. Перагарэлі смалістыя дровы. Чуць на дварышчы гамонка суседзяў. Танк.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што‑н.

І чуць не чуў — поўнае адмаўленне ад чаго‑н.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што‑н.

Не чуць душы ў кім — вельмі моцна, бязмежна любіць каго‑н.

Не чуць зямлі пад сабой (пад нагамі) — быць у радасным, прыўзнятым настроі ад чаго‑н.

Ні рук ні ног не чуць — моцна стаміцца.

Ног не чуць пад сабой — а) вельмі хутка бегчы. Жанкі ўрассыпную, ды драла. Не чуюць і ног пад сабою. Колас; б) вельмі стаміцца; в) быць важным або ў вельмі добрым настроі.

Носам чуць — вельмі добра, востра адчуваць, прадчуваць што‑н.

Чуць дух чый — адчуваць чыю‑н. строгасць, баяцца каго‑н.

Чуць з трэціх вуснаў — не непасрэдна, праз некага.

Шнуры на сабе не чуць — быць вельмі распушчаным, сваволіць, рабіць што‑н. шкоднае (звычайна пра дзяцей).

чуць 2, прысл. і злучн.

1. прысл. Ледзь, трохі. Ветрык краскі чуць калыша, Травы шалясцяць. Колас. На .. [бацькавым] твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Гартны. Зайшоўшы глыбей, .. [Маша] чуць прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Шамякін.

2. злучн. Ужываецца ў даданых часавых сказах у значэнні: як толькі, ледзь толькі. Чуць на небе зара Занімаецца, У курнай хаце мужык Падымаецца. Купала. Толькі спрактыкаваны чалавек мог намацаць пад рудой тванню цвёрдую палоску насцілу. Чуць збочыў — і плюхнешся ў тарфяную калатушу. Новікаў.

•••

Чуць дзень гл. дзень.

Чуць свет гл. свет.

Чуць-чуць — зусім нямнога.

Чуць што — як толькі штосьці здарыцца, пры ўсякім выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перахо́д1 ’эпідэмія якой-небудзь няцяжкай хваробы’ (стаўб., З нар. сл.), піряхо́д ’пераход часу пасля прымятага’ (Юрч. СНЛ), сюды ж перэхо́дзіць ’перахадзіць за тэрмін (аб карове)’, ’пераходзіць з аднаго месца на другое, у другі стан’ (ТС), пераходка ’брод’ (добр., Мат. Гом.). Да пера- і хадзі́ць, ісці (гл.).

Пераход2 ’параход’ (Некр., ТС). Пад уплывам народнай этымалогіі з параход (гл.) — пры ад’ідэацыі лексемы пераход — як ’сродак, пры дапамозе якога можна пераправіцца з аднаго месца ў іншае’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варста́т ’ткацкі станок’ (Сцяшк. МГ, Шатал.); ’сталярны станок’ (Шатал., Сцяшк. МГ); ’драўляная квадратная скрыня пад жорнамі’ (КЭС). Ст.-бел. варстат, верстат, ворстат (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. (ст.-польск.?) warstat (не з польск. warsztat; з гэтага апошняга бел. варштат, гл.). Форма warstat была ў польск. мове ў XVI ст. (гл. Брукнер, 603); яе можна разумець і як мазурскую. Першакрыніца — ням. Werkstatt (Брукнер, 603; Булыка, Запазыч., 56; Фасмер, 1, 300). Параўн. варшта́т, варста́к.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурві́на ’сасна з адным больш смалістым бокам’ (Касп.). Этымалагічна непразрыстае слова. Можна звязаць з балг. і макед. су́рвы, сурвѝски ’абрадавыя галінкі, дубчыкі, кіёчкі, якімі ўдзельнікі навагодніх абходаў б’юць гаспадароў з пажаданнямі здароўя, ураджаю і пад.’, што, паводле Младэнава, утвораны ад суров са значэннем ’моцны, здаровы’; параўн. побач з пажаданнем сурва година! варыянт сурова, весела година! і суров(а) даси! (Плотнікава, Этнолингв. геогр., 106). Гл. суровы; да фанетыкі параўн. дзе́рва ’дрэва’, ’стрэмка’ (Стан.) < дзерава, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пелесава́ць ’жорстка цялесна караць плёткаю, сячы бічом; вытоптваць луг, пасеў (аб конях, каровах)’ (Нас.). Да пяля́сы (гл.), што часцей выступае ў прыставачных утварэннях, гл. перапялёсыз папярочнымі палосамі’. Нельга выключыць кантамінацыю з паласава́ць ’біць вяроўкай ці бічом’ (гл.) і пяле́жыць, пяле́гаваць ’біць, праводзячы поласы’. Суадносіны ‑еле‑/‑ала‑, як пелеска́ць/паласка́ць (Нас.). Паводле Карскага (1, 253), узнікла ў выніку т. зв. III поўнагалосся з усх.-слав. ⁺pol̃s‑ пад уплывам пелесне́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шчыня ’палатно, вытканае ў 2 панажы’ (пін., Шатал.), прошчыне́ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), про́шчынʼа́, прошчыне́ ’тэхніка ткання на дзвюх нічанках і двух панажах, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Да просты (г. зн. просты від пляцення) з суф. ‑y‑ або ‑ja (*prostja) і з суф. *‑yni > ыня, як у рус. простыня́ < *prostyni (аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 139 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Надабе́нь, надобе́нь — слова з няясным значэннем у архаічнай формуле сватання без сватоў; жаніх ідзе з вязкай лапцей за плячыма, падыходзіць пад акно хаты маладой і пытаецца: «Надобе́нь толубень? А як недоўбень, то я дале подоўбень» (ТС). Хутчэй за ўсё зашыфраваны па этычных матывах выраз з прапановай прыняць у прымы, у такім разе надобе́нь да на́добе ’патрэбна, патрэбен, трэба’, параўн. рус. на́добень ’неабходная ў хаце рэч’. Гл. таксама на́даўбень, надоба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)