Паха, па́хва, пахва́, драг. похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр. паха́, пахва́ ’тс’, рус. пах, паха́ ’упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус. пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск. pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш. pach ’пахвіна’, в.-луж. podrach ’падпаха’, серб.-харв. паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг. пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл. paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд. pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш. paždí, славац. podpažie, н.-луж. podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен. pázduha, лат. podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е. *pā̆kʼ‑ (ст.-інд. pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ. foēgan ’звязваць’, ст.-грэч. πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац. compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч. πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́раз ’праз, цераз’ (Нас.; Янк. 3.; Касп.; Доўн.-Зап., Песні; Сб. 1866 г.; докш., бярэз., нясвіж., в.-дзв., Сл. ПЗБ; докш., навагр., ЛА, 2), ’міма, насуперак’ (Нас.), ’насуперак’, спраз — прычына (праз каго) (Рам., 6; Нас.; Карскі 2–3, 441); ст.-бел. перезъ, презь, прозъ ’праз, на працягу’; укр. лемк. перез, брез ’цераз; праз (каго)’, а брез ’без’; рус. дыял. пе́рез ’праз; з-за; на працягу’; польск. przez, часам brzez (пад уплывам bez), каш. přez/přėz і přoz ’праз; больш за (празмернасць)’, ’па’, ’за’, н.- і в.-луж. pśez, pśeze, přez, přeze, bźez/ bźe ’праз; без; на працягу; з-за’, ’больш чым’, палаб. prise ’без’; чэш. přes(e), ст.-чэш. přes і přě ’цераз; за; больш за’, славац. дыял. pres/prez ’цераз’; ст.-серб.-харв. прѣзь, серб.-харв. през, priz, чарнаг. проз ’цераз; супраць’, ’на працягу’, макед. прис, през ’на працягу’; балг. през, проз ’цераз; за; на другім баку’. Узыходзіць да прасл. *per‑, пашыранага пры дапамозе ‑zъ (падобна, як *bezъ, vъzъ, orzъ і інш.). Мяркуецца, што чэш. přes з ‑s‑ — гэта памылковае напісанне замест přez. Аднак П. Ланг (ČMF, 6, 183–188 і ČMF, 7, 24–28, 81–84) мяркуе, што ў першапачатковай форме *per‑sъ другая частка ‑sъ паходзіць з дзеяслова ‑es ’быць’ пад уплывам bezъ, orzъ, vъzъ — пазней > *perzъ (параўн. чэш. přesný, přísný). Зубаты (KZ, 31, 60), Вальдэ (KZ, 34, 519), Міклашыч (4, 198) супастаўляюць *perzъ з літ. prieš ’насупраць, насуперак’, ’перад’, ’да’, ’за’. Непераканаўча (Праабражэнскі, 2, 41) вывядзенне ‑zъ з літ. ‑giiñ‑gi, nu‑gi, nuō‑gi). (ESSJ, 1, 175–178; Фасмер, 3, 237–238; Махэк₂, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́каць1 ’стукаць, страляць, лопаць, падаць з глухім гукам’ (Нас., лельч., Нар. лекс.; Мат. Маг.; Сл. ПЗБ), пу́кацца ’лопацца; падаць’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц., Нас., ТС, паст., вільн., лаг., Сл. ПЗБ; Шат.), сюды ж пу́каўка іран. ’пра лёгкую зброю’ (ТСБМ); укр. пу́кати ’стукаць, лопаць’, рус. пу́кать ’стукаць, страляць, лопаць, пухкаць’, польск. pukać ’стукаць, страляць’, чэш. pukati ’лопаць, пухкаць’, славац. pukat ’тс’, в.-луж. pukać, н.-луж. pukaś ’тс’, славен. pókati ’лопаць’, púkati ’пухкаць, псаваць паветра’, серб.-харв. pući (puknuti); pucati ’лопаць; страляць’, балг. пу́кам ’тс’, макед. пука ’тс’. Прасл. *pukati ’выдаваць глухі гук’; назалізаваны варыянт *pǫkati ’лопаць, лопацца’, магчыма, у выніку другаснага збліжэння на базе “вобразнай” семантыкі. Этымалогію гукапераймальнага бел. пу́каць, пу́кнуць ’выдаваць глухі трэск падобна да гуку пу́’, аформленага тыповым для гукаперайманняў фармантам ‑к‑, прапанаваў яшчэ Шымкевіч (2, 32), тое ж у Насовіча: въ кишкахъ пу́каець (Нас.), параўн. в.-луж. wutroba pukoce ’тс’. Узводзяць да і.-е. кораня *peu̯‑: *pou̯‑: *pū̆‑, які, пашыраны фармантам ‑s‑, прадстаўлены і ў пухнуць, гл. Фасмер, 3, 403; Шустар-Шэўц, 2, 1189; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 630. Параўн. пухкаць, по́каць (гл.).

Пу́каць2 ’абіваць збожжавыя; каласаваць ячмень’ (віц., ЛА, 2; шуміл., Сл. ПЗБ; Бяльк.). Верагодна, да ну́каць ’біць, стукаць’ пад уплывам літ. pūkuoti ’біць, малаціць’, аднак геаграфія слова, параўн. рус. ну́кать ’тс’, а таксама ’абіваць галоўкі ільну’, ’выбіваць бялізну прачом’ (калуж., цвяр., пск., смал.) і ’малаціць гарох, сачавіцу’ (паўд., Даль), дае падставы бачыць тут супольную арэальную семантычную інавацыю ’біць’ — ’малаціць’.

Пу́каць3 ’іграць на скрыпцы, пальцамі перабіраючы струны’ (Ян.). Відаць, да пу́каць1 ’стукаць, выдаваць адрывістыя, рэзкія гукі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ля, ‑і, ж.

1. Свядомае і мэтанакіраванае рэгуляванне чалавекам сваёй дзейнасці. Сіла волі. Цвёрдая воля. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной. Колас. Пад дажджом, на ветры і холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю і выпрабоўваючы вытрымку. Грахоўскі. // да чаго. Упартае імкненне дасягнуць чаго‑н. Воля да перамогі. □ Не зламала вайна ды і не магла зламаць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў будучыню. Краўчанка.

2. Жаданне, патрабаванне. Дыктаваць сваю волю. Апошняя воля. Не па сваёй волі. □ Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля. Колас.

3. Улада, права. Тут ужо ваша воля. □ [Юрка] перастаў адчуваць матчыну волю над сабою. Карпаў.

4. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь. Колас. Ідзі пад сцягам баявым За волю ў бой крывавы. Бялевіч.

5. Гіст. Вызваленне ад прыгоннай залежнасці. Купіць волю.

6. Магчымасць дзейнічаць самастойна.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення. Выйсці на волю. Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле, раздолле. Рэкі разбурылі прыстасаванні, якімі людзі запаланілі іх, і вырваліся на волю. Самуйлёнак. Такая шыр бязмежная,.. Што крок, то волі знак! Колас.

•••

Вольнаму воля гл. вольны.

Вольная воля — нічым неабмежаваная свабода.

Воля ваша — рабіце, як лічыце патрэбным.

Даць волю каму-чаму гл. даць.

Даць волю рукам гл. даць.

Жалезная воля — непахісная, нязломная воля.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На волю лёсу — без падтрымкі, без дапамогі, без нагляду.

Па добрай волі, добрая воля — без прымусу, добраахвотна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рвацца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; зак.

1. Вызваліцца ад таго, што ўтрымлівае. — Во дзівак! — Віцька ўхапіўся за маю руку, трымаў моцна, мабыць, баяўся, што я вырвуся і ўцяку. Асіпенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца непрымацаваным. У Валі зноў гузік у сукенцы вырваўся. Васілевіч.

2. Вызваліцца, пазбавіцца ад якога‑н. уціску, прыгнёту, абмежавання, уплыву. Не было на чым вельмі разгарнуцца, але рада была Аўдоля, што хоць з гэтага пекла вырвалася: «Сама сабе гаспадыня, што захачу, зраблю». Крапіва. Андрэй з начальнікам штаба і камандзірамі атрадаў павольна ішоў між стромкіх, светлабокіх соснаў і аглядваў тых, каму ўдалося вырвацца з блакады. Кулакоўскі. // Пакінуць што‑н., выйсці адкуль‑н. Вырвацца з дому. □ Памерці, вядома, .. [Цярэміна] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў.

3. Апынуцца, аказацца далёка наперадзе. Калі не зловяць нас [салдат] сёння, то за ноч мы вырвемся далёка. С. Александровіч. // Апярэдзіць каго‑н. у спаборніцтве. Валілі лес, тралявалі на конях. Не лепш і не горш за іншых. Ілля ж адразу вырваўся наперад. Мяжэвіч.

4. Імгненна з’явіцца, выйсці на паверхню, з сілай прарвацца. Выбух. У цемру вырваўся сноп яркага святла. Шамякін. З брандспойта вырваўся моцны струмень вады. Васілёнак. // Паказацца нечакана адкуль‑н. З-за крайняй хаты раптам вырвалася парка коней. Асіпенка. // Міжвольна вылецець (пра словы, гукі і пад.). Сцёпку самому падабаліся гэтыя словы, і самае важнае тут тое, што вырваліся яны самі сабою, не надумана. Колас. — Ты [Малашкін] не поп, каб я табе спавядаўся, — вырвалася ўрэшце ў Чухноўскага. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. занёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. ці каму‑н. Занесці кнігі ў бібліятэку. □ Мужчыны занеслі ў склад апошнія мяшкі і падышлі да капітана. Краўчанка. // Хутка, мігам даставіць куды‑н.; даімчаць. Добрыя коні духам вынеслі [Міцьку] з вёскі, адчайным галопам занеслі ў кусты. Брыль. // Закінуць, заставіць апынуцца дзе‑н. Тое, што называецца ў нас творчай камандзіроўкай, занесла мяне ў адзін палескі раён. Шамякін. Вось туды, у казахскія стэпы занёс Лёс таварыша нашага даўняга — Сашку. Бураўкін. / у безас. ужыв. Куды гэта вас занесла?

2. Упісаць, запісаць куды‑н. Занесці ў пратакол. Занесці на Дошку гонару. □ Я, праўда, у даўгу вялікім перад вамі, Таварышы мае, лугі, дубровы, нівы, Што я не ўсё пра вас У летапіс занёс. Танк.

3. Падняць ці адвесці ўбок (руку, зброю і пад.) з намерам зрабіць якое‑н. дзеянне. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч [жука].., як раптам учуў ззаду крокі. Быкаў. // Змясціць куды‑н. [Алесь] лёгка занёс нагу ў стрэмя. Караткевіч.

4. Перамясціць, адвесці ў які‑н. бок. Народу было многа... [Русіновіч і Галя] ледзь уціснуліся. Потым плынь занесла іх наперад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў.

5. Унесці, прынесці з сабою. Занесці ў дом інфекцыю.

6. Засыпаць, замесці (снегам, пяском і пад.). Страляе ў сцены сцюдзёны мароз, І вецер шалёны вые ў полі, Ўсе гурбамі снегу ён хаткі занёс. Купала. / у безас. ужыв. Дарогу занесла снегам.

•••

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знаць 1, знаю, знаеш, знае; незак., каго-што.

1. Тое, што і ведаць (у 1–5, 7 і 8 знач.). Я знаю: будзе ўсюды шчасце, Калі праклён спрадвечны свой Народы скінуць, каб прыпасці Да праўды Леніна святой. Панчанка. Сымоніха хоча ўсё знаць-ведаць, што робіцца ў Лявоніхі. Бядуля.

2. інф. у знач. вык. Уст. Відаць, можна заўважыць. Сляды былі знаць: снег ляжаў буграмі, там, дзе стукалі нядаўна ногі. Пташнікаў.

3. у знач. пабочн. Значыцца, значыць, відаць. Эй, доля! Колькі мы разоў Прасілі, клікалі цябе; Не йдзеш! Знаць, хтосьці з свету звёў, Ці хлеба мала ў нас табе? Купала.

•••

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць знаць гл. даць.

Знаць меру — тое, што і ведаць меру (гл. ведаць).

Знаць не знаю — аб поўнай недасведчанасці ў чым‑н.; аб нежаданні прызнацца ў чым‑н.

Знаць сваё месца — тое, што і ведаць сваё месца (гл. ведаць).

Не знаць не ведаць — без прычыны, ні з таго ні з сяго, зусім невядома.

Не знаць, куды (дзе) вочы дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) вочы дзець (падзець) (гл. ведаць).

Не знаць, куды (дзе) рукі дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) рукі дзець (падзець) (гл. ведаць).

Не знаць, куды (дзе) сябе дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) сябе дзець (падзець) (гл. ведаць).

Як знаеш — як хочаш.

знаць 2, ‑і, ж.

Вышэйшы слой пануючага класа ў буржуазна-дваранскім грамадстве. Духоўная знаць. Ваенная знаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́ля, ‑і, ж.

1. Р мн. ‑ей. Частка чаго‑н. Дзяліць на роўныя долі. □ Недалёка грымнула гармата, а праз якую долю мінуты дзесьці побач разарваўся снарад. Маўзон. Андрэй Міхайлавіч зразумеў, нарэшце, з кім мае справу і як трэба надалей трымацца з гэтымі людзьмі, каб хаця ў сотай долі аддзякаваць ім за свой ратунак. Самуйлёнак. У Шарэйкавым параўнанні нейкая доля праўды была. Брыль. // Належная каму‑н. частка чаго‑н., права на ўдзел у чым‑н.; чый‑н. удзел у чым‑н., уклад у што‑н. На балоце за Абадком стаяць два стажкі. У іх і наша доля — паўстажка. Якімовіч. — Не п’ю, але за кампанію... — Васіль дастаў і палажыў на стол сваё сала і хлеб. — Хай і мая доля будзе. Гаўрылкін.

2. Лёс, становішча. Шчаслівая доля. Сірочая доля. □ Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам. Гартны. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляй малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы. Колас. Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала. // Шчасце, удача; проціл. нядоля. Разышліся пад гарою тры дарогі ў полі, па якой жа — тая доля, па якой — нядоля... Трус.

3. Р мн. ‑ей. Частка размеру музычнага такта.

4. Р мн. ‑ей. Уст. Мера масы, роўная 44 мг, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Быць у долі гл. быць.

Выпасці на долю чыю або каму гл. выпасці.

Ільвіная доля — вялікая частка.

Прыняць у долю гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. □ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. — Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.

2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.

3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. □ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. □ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.

4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.

5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)