накіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. ▪ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. — Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.
2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.
3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. ▪ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. ▪ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.
4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.
5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)