ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.

1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.

2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.

3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.

4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.

5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.

6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.

1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.

2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераадо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Дабіцца перамогі ў барацьбе. Пераадолець ворага.

2. Справіцца з якімі‑н. цяжкасцямі, перашкодамі. Пераадолець адставанне. Пераадолець перавал. □ — Цяжкавата Міхасю даецца тэхніка, але ж .. ён усё пераадолее і свайго даб’ецца. Кулакоўскі. Магутная машына звярнула з дарогі, упэўнена пераадолела канаву і рушыла проста на нас. Шыловіч. // Асіліць (дыстанцыю, адлегласць і пад.). І Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тых дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць яго ад калгаса. Лупсякоў.

3. перан. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. пачуцці, жаданні і пад. Пераадолець страх. Пераадолець знямогу. □ [Мацвей:] — Я і сам гэта, Андрэй, ведаю, а вот пераадолець сябе — не магу. Лобан.

4. Атрымаць перавагу, узяць верх. Пачуццё абавязку пераадолела страх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палява́ць, палюю, палюеш, палюе; незак.

1. на каго, каго і без дап. Займацца паляваннем (у 1 знач.). — Той, хто хоча паляваць на вялікую зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць... Паслядовіч. [Сухараў] у маладосці з рагацінаю хадзіў на мядзведзя, паляваў ізюбра і дзікіх коз. Грахоўскі. Увосень на янота палююць з сабакамі. В. Вольскі.

2. за кім, на каго. Высочваючы, імкнуцца напасці на чый‑н. след, злавіць каго‑н. — Не, — адказаў Былінскі — Вы для гэтай справы не падыходзіце. За вамі гестапа даўно палюе. Гурскі. Акупанты палявалі на .. [разведчыка] і аднойчы схапілі. Загадалі паказаць партызанскі лагер. Вішнеўскі.

3. перан.; на што. Разм. Імкнуцца здабыць, атрымаць, украсці што‑н. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Лобан.

4. Спец. Знаходзіцца ў стане цечкі (пра жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.

2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.

3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Адбіваць напад, засцерагаць ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. // Адстойваць чые‑н. інтарэсы, правы, погляды. Паэт, які з самага дзяцінства зведаў нягоды і пакуты сялянскага жыцця, рашуча абараняў прынцып дэмакратызму ў паэзіі. Шкраба. // Быць заслонай ад шкоднага дзеяння чаго‑н. Іх [эўкаліптаў] магутныя сцены абараняюць сады ад вятроў, яны азаніруюць паветра. Самуйлёнак.

2. Выступаць на судзе ў якасці абаронцы. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко.

3. На спецыяльным пасяджэнні дабівацца прызнання вартасці навуковай працы, дыпломнага праекта з мэтай атрымаць адпаведную кваліфікацыю. А калі Русаковіч абараняў дыплом, дык за яго хваляваўся не толькі Даніла Мікалаевіч, але і генерал. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кол 1, кала, м.

1. Палка, шост з завостраным канцом. Сымон уваткнуў сякеру ў калоду, на якой часаў калы. Чарнышэвіч. Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Хомчанка. // Усякая доўгая палка. Сабака пачаў агрызацца, і Сімон, схапіўшы кол, пачаў ганяць яго па двары. Самуйлёнак.

2. Разм. Самая нізкая школьная адзнака; адзінка. Атрымаць кол па дыктанту.

•••

Забіць асінавы кол гл. забіць.

Калом стаяць гл. стаяць.

Калом яму зямля гл. зямля.

Пасадзіць на кол гл. пасадзіць.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

У віру на калу гл. вір.

Хоць кол на галаве чашы каму гл. часаць ​2.

(Яго) і калом не заб’еш гл. забіць.

Як сарока на калу гл. сарока.

кол 2, кала, м.

Даўнейшая мера ворнай зямлі.

•••

Ні кала ні двара ў каго — нічога няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасягну́ць, ‑сягну, ‑сягнеш, ‑сягне; зак.

1. чаго і да чаго. Рухаючыся, дайсці, даехаць да якога‑н. месца; дабрацца куды‑н. Лодка дасягнула сярэдзіны рэчкі. Цень дрэва дасягнуў да дарогі. // Распаўсюджваючыся, дайсці, данесціся да каго‑, чаго‑н. (пра гукі, пахі і пад.). Гул дасягнуў нашага слыху. Чуткі дасягнулі вёскі. □ За ракой узляцелі ў вышыню ракеты, рассыпаліся, але святло іх не дасягнула гэтага берага. Шамякін.

2. чаго і да чаго. Дайсці да якога‑н. месца, узроўню, мяжы (пра велічыню, памеры, колькасць і пад.). Мароз дасягнуў 40°. Бой дасягнуў самага высокага напружання.

3. чаго. Дажыць да якога‑н. узросту. Дасягнуць паўналецця. Дасягнуць старасці.

4. чаго. Дамагчыся чаго‑н., набыць, атрымаць жаданае. Дасягнуць згоды. Дасягнуць мэты. □ Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)