пераадо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Дабіцца перамогі ў барацьбе. Пераадолець ворага.
2. Справіцца з якімі‑н. цяжкасцямі, перашкодамі. Пераадолець адставанне. Пераадолець перавал. □ — Цяжкавата Міхасю даецца тэхніка, але ж .. ён усё пераадолее і свайго даб’ецца. Кулакоўскі. Магутная машына звярнула з дарогі, упэўнена пераадолела канаву і рушыла проста на нас. Шыловіч. // Асіліць (дыстанцыю, адлегласць і пад.). І Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тых дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць яго ад калгаса. Лупсякоў.
3. перан. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. пачуцці, жаданні і пад. Пераадолець страх. Пераадолець знямогу. □ [Мацвей:] — Я і сам гэта, Андрэй, ведаю, а вот пераадолець сябе — не магу. Лобан.
4. Атрымаць перавагу, узяць верх. Пачуццё абавязку пераадолела страх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)