Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр. калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес. какалуша, рус. зах.-бран. калакалуша, смал. колоколуша, росл., смал., кур., тульск. колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус. дыял. колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах. колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел. гродз. калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус. дыял. колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус. дыял. колкиголкі, калючкі і да т. п.): наўг. колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус. арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел. маг. калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэнне калалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч. калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калга́н1 ’дуброўка (расліна)’ (бярэз., Сл. паўн.-зах.). Слова адзначана ў цэнтры бел. тэрыторыі, у іншых гаворках адпаведнікаў як быццам няма. Паводле фармальнага крытэрыю можна думаць пра запазычанне. Рус. дыял. калган, кол‑ ган ’расліна Potentilla crecta’, ’расліна Polygonum bistorta’. Лексемы зафіксаваны ў радзе гаворак, пагранічных з беларускімі, аднак, відаць, у канкрэтным выпадку лінгвагеаграфія не паказальная, паколькі слова магло пашырыцца як культурны тэрмін. Фармальным адпаведнікам да прыведзеных лексем з’яўляецца рус., укр. калган ’расліна Alpinta galanga’. Ёсць усе падставы меркаваць, што ўсх.-слав. слова ўтворана са старой навуковай назвы гэтай расліны (параўн. яшчэ польск. назвы для Alpinia: galgant, galangal). Дакладная крыніца невядомая, магчыма, с.-лац. galanga, с.-грэч. γαλάγγα і араб. yalandzän ’дзікі імбір’ узыходзілі да кіт. kó‑ leung -keungt гл. Фасмер, 2, 165. Неабходна вытлумачыць перанос назвы з культурнай расліны на палявую кветку. Укр. назва калган адносіцца ў першую чаргу да кораня расліны. Параўн. у Макавецкага, 24: «kalhan‑klacz». Аб пераносе падобнай назвы пісаў Махэк, Jména rostl., 275, згадваючы ст.-чэш. назву galgan planyдля Cypeuis, паколькі корань апошняга выкарыстоўвалі як сурагат кораня Alpinta. Што датычыць усх.-слав. тэрмінаў, то і’тут назва калган/колганрус. гаворках) азначае як расліну, так і карані або, часцей, уласна карані раслін (СРНГ, 12, 341). Адносна Potentilla інфармацыя ёсць, што датычыць Polygonym bistorta, корань гэтай расліны шырока вядомы як сродак ад паносу. Магчыма, на падобнае ўжыванне разглядаемай расліны ўказвае і ілюстрацыя ў слоўніку: «Калган — добрае зелле, памагае ад жывата» (Сл. паўн.-зах., 2, 371). Статус слова не вельмі ясны, і, нагледзяць! на даволі шырокую геаграфію рус. адпаведнікаў, нельга нічога пэўнага сказаць аб цэнтры рус. інавацыі і аб тым, ці ўдзельнічала бел. мова ў гэтым працэсе або слова трапіла сюды з рус. гаворак «культурным» шляхам. Адзначэнне польск. слова лічыцца запазычаннем з с.-в.-ням., гл. Слаўскі, 1, 253.

Калга́н2 ’галава’ (экспрэс.) (Бір. Працы IM, 6; маг., Крывіцкі, вусн. паведамл.). Паводле фармальных прыкмет — запазычанае слова. Рус. маск., ульян., сіб. і інш. калган ’галава’. Не выключана, што ў такім значэнні слова ўзнікла на ўсх.-слав. глебе, параўн. цвяр. колган ’круглая гліняная пасудзіна з ручкай’, алан. ’гладыш’, горк. ’тоўсты абрубак дрэва, цурбан’, цвяр., уладз. і інш. ’грубага вырабу посуд рознай формы’. Лінгвагеаграфія, аднак, не адпавядае такому рашэнню. Калі гэта слова было запазычана з такім значэннем, яно было б прадстаўлена больш шырока ў паўдн.-рус. гаворках. Магчыма, тут адбыўся больш складаны працэс і назвы посуду з гэтым словам генетычна не суадносяцца. Што датычыць рус. лексемы са значэннем ’цурбан’, нельга выключыць уплыву з боку рус. дыял. колба/калбан, дастаткова шырока вядомага іменна ў такім значэнні. Аб гэтым жа сведчаць рус. дыял. калган ’гладыш з высокім горлам’, ’гладыш’, калганчик ’невялікі гладыш’. Параўн. яшчэ рус. дыял. колба ’фігура ў выглядзе шара’, ’вялікая бутля’ і ’галава’, колбик ’вузкагорлы гладыш’ і інш. Адносна крыніцы запазычання нельга сказаць нічога пэўнага; для рус. калган ’драўляная міска’. Гараеў (440) прыводзіць у якасці ўсходняй крыніцы запазычанне цюрк. kolɣan. Надзейнасць гэтай думкі невялікая (Фасмер, 2, 165). Аднак параўн. драг. ко́ўган у фразе: Голова бы ко́ўган (аб круглай вялікай галаве); Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пайсці́, пайду, пойдзеш, пойдзе; пр. пайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. пайдзі; зак.

1. Зак. да ісці (у 2, 3, 7, 16, 24 і 25 знач.).

2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей. Лынькоў. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад. Чорны. Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі. Даніленка. На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. [Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад. Гурскі. — Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік. Хадкевіч. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.

3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў. // Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка. Навуменка.

4. з інф. незак. Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы. Чорны.

•••

Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Калі на тое пайшло — калі так атрымалася.

Мурашкі пайшлі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Пайсці (з) дымам (агнём, ветрам) — марна прапасці.

Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.

Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).

Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.

Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.

Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні, часціца і злучн.

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў адмоўных сказах, указваючы на поўную адсутнасць чаго‑н. На небе ні хмурынкі. □ Сяло.. праехалі хутка — навокал ні душы. Ставер. — Ваша праўда, — заглянуўшы ў кабіну, механік развёў рукамі. — У баках ні кроплі гаручага! Алешка. // Узмацняе адмоўе. Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі. Чарнышэвіч. [Міхля:] — Нідзе нікога, ні аднаго чалавека. Баранавых.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў даданых сказах, каб падкрэсліць, што дзеянне галоўнага сказа захоўвае сваю сілу пры любых абставінах. Куды ні глянь — усё сэрцу родна. Гурло. Як ні шукалі партызаны Хведара Дудзько, нідзе не знайшлі. Пестрак. [Міканор:] — Як бы ні працівіліся халады, а прырода сваё возьме. Кулакоўскі. // Узмацняе або абагульняе пры аднародных членах сказа папярэднія сцвярджальныя сказы. Тоця так і жыве з таго часу адна — ні ў жонках, ні ў дзеўках. Ракітны.

3. часціца адмоўная. Ужываецца ў спалучэнні з Р назоўнікаў у безасабовых адмоўных сказах пры катэгарычнай забароне якога‑н. дзеяння. Ні слова больш! Стой! Ні кроку ўперад. // (у спалучэнні «ні-ні»). Абазначае: а) катэгарычную забарону якога‑н. дзеяння. — Ты, Міхась, толькі — маўчок пра Валю, — сказаў Тарас, прыклаўшы палец да губ, — і пра пісьмо, што яна мне напісала, — ні-ні... Якімовіч; б) поўную адсутнасць якой‑н. дзейнасці. Лепшае каровы не было, бадай, ва ўсіх Кузьмічах.. У шкоду ні-ні. Б. Стральцоў.

4. злучн. пералічальны. Ужываецца ў адмоўных сказах пры пералічэнні: а) пры наяўнасці адмоўя. Ужо не чуваць ні стуку колаў, ні гоману. Пестрак. Не, не даедуць тыя грузавікі ні за восем гадзін, ні за восем дзён! Мележ. Ні бацька, ні брат дамоў не вярнуліся. Якімовіч; б) пры ўяўным адмоўі. Прыйшлі людзі з лесу на голае месца: ні хаты, ні хлеба, ні жывёлы, ні інвентару. Крапіва. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.

•••

Ні на ёту гл. ёта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. прынёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. Колас. У давяршэнне роскашы, старая прынесла з прыпека .. гаршчок з соллю, зачэрпала жменю на стол, а гаршчок так і пакінула. Брыль. Бацька прынёс дахаты Новы буквар каляровы. Аўрамчык. // перан. Прыйшоўшы, з’явіўшыся, даставіць, унесці што‑н. новае або паведаміць што‑н. [Ліда] прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Шамякін. Нават палонныя, і тыя прынеслі сюды сваю гаворку. Чорны. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязінкай у вачах. Пестрак.

2. Данесці, даставіць куды‑н. цячэннем вады, ветрам. — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш, або вецер яго не прынясе, не пасее. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. З вуліцы прынесла густы бензінавы гар з пылам. Пташнікаў.

3. З’явіцца прычынай чаго‑н.; выклікаць (як вынік). Прынесці карысць. Прынесці заспакаенне. □ Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч. — Не, сапраўды, — сказала адна з дзяўчат, — сваім пытаннем вы прынеслі нам вялікую прыемнасць. Хадкевіч.

4. безас. і ў спалучэннях са словамі «бог», «чорт». Разм. Пра нечаканы, непажаданы прыход каго‑н. — А дзеверка, а родненькі, як жа бог цябе сюды прынёс? Сабаленка. Якраз жа і нампаліта прынесла, — нахмурыўся .. [Бабейка] і скамандаваў: — Бутэлькі і шклянкі, хлопцы, пад канапу і — ні гу-гу! Хадкевіч. — Каго там прынесла ў такую пару? Корзун.

5. Са шматлікімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем якога‑н. дзеяння, адпаведнага значэнню назоўніка. Прынесці клятву. Прынесці падзяку.

•••

Прынесці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) гл. скласці.

Прынесці ў ахвяру каго-што — ахвяраваць кім‑, чым‑н., адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)