страката́ць, стракачу, стракочаш, стракоча; незак.

Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак). Блытаючыся, балбатаў цецярук і бесперастанку стракаталі конікі, пераскакваючы з травінкі на травінку і абтрасаючы, як жывое срэбра, кроплі расы. Пташнікаў. У глыбіні нечага надворка стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі. Адамчык. // Утвараць рэдкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). [Курт] нават не чуў, як стракатаў яго аўтамат, бо ўсё вухала, грымела, калацілася і мацней за ўсё, здавалася, білася сэрца. Сабаленка. Поле поўніцца жыццём — спорна і дробна стракоча жняярка. Мележ. // Хутка працаваць на чым‑н., што ўтварае строкат. Стракочуць [у фінаддзеле] арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі. Навуменка. Зіна стракатала на машыне, Люська чытала. Марціновіч. // перан. Разм. Хутка, бесперастанку гаварыць, балбатаць. — Шкада, панове, — стракатала Ядзя, — што ў нас есці няма. Новікаў. / у паэт. ужыв. І малы даверлівы шчыгол Аб сваіх прыгодах ёй [Галі] стракоча. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры́зненне, ‑я, н.

1. Стан паводле дзеясл. трызніць (у 1 знач.). У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала .. галаву [Шапятовіча] да сваіх грудзей. Шамякін.

2. Бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца без памяці. На задніх фурманках везлі, відаць, цяжка параненых, бо цяпер над дарогай чуліся прыглушаныя стогны, словы трызнення. М. Ткачоў. Трызненне адразу сціхла. Ранены прамармытаў нешта скрозь сон, роўна задыхаў. Лупсякоў. // Разм. Пазбаўленая сэнсу балбатня, бязглуздзіца. [Рыбакоў:] — Усё, што вы пагаварылі тут, — дзікае трызненне. Асіпенка.

3. Галюцынацыя. Некалькі гадзін .. [Іван] спаў непрабудна і глыбока, потым ліпкая мешаніна трызнення і рэальнасці пачала блытацца, кружыць у яго цьмянай, соннай свядомасці. Быкаў.

4. Мары, думкі аб кім‑, чым‑н. Але Ірма там будзе. І будзе аўтарскае трызненне ёю, шчымліва-ціхае і бясконцае — як песня падбітай птушкі. Карамазаў. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з трызненняў у жыццё. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

1. Часта і моцна тупаць нагамі пры хадзьбе, бегу і пад. Калі цямнела,.. [вожык] выбірайся з кардоннай скрыпкі, дзе ўнучка зрабіла яму пасцель, тупацеў па пакоі, тыцкаўся лычыкам у сподак. Даніленка.

2. Часта стукаць, тупаць нагамі аб падлогу, зямлю. Глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі. Колас. Хромавых блішчастых ботаў не шкадуе [Лёнька] і тупаціць нагамі так, што ўгінаецца падлога і з яе ўздымаецца шызы пыл. Навуменка. З таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка... сунь у ваду і тупачы, гані рыбу ў яе. Мележ. // Стукам, тупатам ног выражаць злосць, нязгоду, нездавальненне кім‑, чым‑н. Рыгор тупацеў перад .. [свінаркамі], нібы разгневаны певень, і нешта злосна выкрыкваў ахрыплым голасам. Шашкоў. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́гна1 (ж.) ’топкае балоцістае месца’ (Нас., Касп., Бяльк.), ба́гна, бэ́гна (Шат.), багно́, баго́н, баго́нне. Укр. багно́, рус. дыял. (зах., паўд.) багно́, польск. bagno, чэш., славац. bahno, славац. bahurina ’лужына’, в.-луж. bahno, н.-луж. bagno ’багна’, bagan ’балота каля крыніцы’, bagi (мн.) ’балота, балотная зямля’. У паўд.-слав. мовах гэтага слова няма. Аб пашырэнні слова ў бел. і слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 154–157; Яшкін. Прасл. bagno або bagъno (гл. Бернекер, 38; Лорэнц, Pomor., I, 13). Бясспрэчнай этымалогіі няма. Магчыма, роднаснае ст.-н.-ням. bah (ням. Bach) ’ручай’, ст.-ісл. bekkr, ірл. búal вада’ (*bhoglā). Бернекер, 38; Праабражэнскі, 1, 11; Фасмер, 1, 102 (супраць Цупіца, Gutturale, 160; Брукнер, KZ, 48, 207; іначай Фік-Торп, 3, 257; параўн. да гэтага Бернекер, 55). Ван–Вейк, IF, 24, 231–232 (таксама Бенвяніст, Индоевр., 36; Слаўскі, 1, 25), выстаўляе і.-е. гетэраклітычнае *bhaghro‑: *bhaghno‑, параўноўваючы з гал. bagger твань’. Трубачоў, Серболуж. сб., 159–160 (параўноўваючы з ст.-в.-ням. bah), зыходзіць з прасл. bagъ (параўн. н.-луж. bagi) з вытворнымі bagnъ, bagno і запярэчвае гетэраклітычную аснову ‑r/n‑ тыпу. Брукнер, 11; Младэнаў, РФВ, 68, 377 (да гэтага схіляецца і Фрэнкель, 689), знаходзяць сувязь з bagrъ («багровае балота»); параўн. і ўкр. багри́на ’багна, багатае крыніцамі месца’. Буга (РФВ, 70, 100) параўноўвае з літ. bojus ’багністае месца’. Машынскі (Uwagi) знаходзіць сувязь з назвай расліны багу́н (багно́, баго́н, гл.); Талстой (Геогр., 158) гаворыць аб сінкрэтычнасці значэння: *’багна, зарослая багуном’. Матл (гл. Махэк₂, 42) думае пра роднаснасць з грэч. σφάγνον ’мох’. Неверагодна Махэк₂, 42: роднаснасць з лац. stāgnum ’багна’ (з «вертыкальнай» заменай гукаў st‑b). Насуперак Голубу–Копечнаму, 63, няма сувязі з літ. bognas (гэта запазычанне з усх.-слав. моў, гл. Буга, Rinkt., III, 46). Этымалогія застаецца адкрытай. Неабгрунтована Львоў, ЭИРЯ, IV, 67–68; Агіенка, Иноз. элем. 71; Кюнэ, Poln., 42, аб запаз. бел., укр. ба́гна, багно́ з польск. мовы.

Ба́гна2 ’вадаварот у рацэ’ (віцеб.), ба́гня ’глыбокае месца ў рацэ’ (Талстой, Геогр., 156). Семантычнае вытворнае ад ба́гна ’балота’ (гл.), што адлюстроўвае пераход тэрміна з сферы балотных тэрмінаў у сферу водных. Падрабязней гл. Талстой (там жа).

Ба́ґна ’бруд, гразь (на дарозе, на вуліцы)’ (Янк. Мат.; карэліц.). Мяркуючы па выбухному ґ, запазычанне з польск. bagno (параўн. спрадвечна бел. ба́гна, багно́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагу́н1 ’нейкая расліна’ (Гарэц.). Магчыма, гэта лагунец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ун ад лог ’луг, лагчына’ — расліна любіць вільготныя дугі. Суфікс прадуктыўны для ўтварэння назваў раслін: паўзун, плывун, блішчун, бялун (Сцяцко, Афікс. наз., 69, 123).

Лагу́н2 ’палеглы лён’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лажьіцца (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 168. Параўн. таксама лягу́н ’лежабок, той, хто ляжыць’ (Бірыла, Бел. антр., 2, 263).

Лагу́н3 ’падваліна пад падлогай’ (кобр., Нар. сл.; беласт., Сл. паўн.-зах.), малар. ’папярочная калода, якая кладзецца на сані пры перавозцы доўгага бярвення’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’ствол дрэва ў гаці на гразкім месцы’, польск. lagun ’кладка’, ’падваліна’, laguny ’ачасаныя падкладзіны з бярвення пад карабель’, магчыма, і серб.-харв. lagun ’кладка?’. Сюды ж рус. маск. лага ’папярочнае бервяно ў будынку’. Найбольш імаверна да прасл. lagali ’ставіць, класці’ (Слаўскі, 4, 430), якое з’яўляецца ітэратывам да ložiti (Бернекер, 683).

Лагу́н4 ’посуд на льняное семя’ (староб., Мат. дыял. канф.), палес. лагун, лагунныя ’роўная бочка невялікіх памераў, заднёная з двух бакоў, з адтулінай у дне, якая закрываецца драўлянай затычкай’ (З нар. сл., Шатал.), саліг. лагун ’бочка з двума днамі і квадратнай дзіркай у баку — для насыпання або налівання’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’посуд для дзёгцю’, рус. лагун, лагуна, лагушок, лагунай, лагушка, лагут, лагунок, лагунец, лагунь(я) ’бочка для квасу, піва, малака, дзёгцю’, ’бочка для збожжа’, паўсюдна рус. ’сасуд (вядро) для дзёгцю’, ’гаршчок, чыгун’, ’збан’, ’карыта, жолаб’, ’калода’, ’цэбар’. Усх.-слав. утварэнне ад прасл. lagati ’класці, ставіць’ (< ložiti) і суф. Nomina instrumenti-wnz» (аб дэрыватах з ім гл. Слаўскі, SP, 1, 134–135; Мартынаў, Дерив., 38–39).

Лагу́н5 ’чалавек, які любіць добра і шмат паесці вадкай ежы’ (полац., М. Р. Суднік, вусн. паведамі). Лексема складае адзіны арэал з рус. пск., цвяр. ’жывот, бруха’, кастр. ’гультай, пражора’. Узнікла ў выніку пераносу з лагуну (гл.).

Лагу́н6 ’месца, дзе засталася вада пасля патопу’ (Сержп. Прымхі), ’частка лугу каля рэчкі, затопленая паводкавай вадой, якая летам высыхае’ (КТС, Колас, 4). Да лог ’нізкае месца, лагчына’, ’гразкая частка дарогі праз луг’ (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нос, -а, мн. насы́, насо́ў, м.

1. Орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы.

Н. з гарбінкай.

2. Дзюба ў птушкі.

Бусляняты закідваюць насы ўгору.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога-н. прадмета.

5. Тое, што і насок (у 2 знач.).

Туфлі з вострымі насамі.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Бубніць сабе пад нос (разм.) — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Вадзіць за нос каго — абяцаць і не выконваць; уводзіць у зман (разм.).

Вярнуць нос (разм.) — адносіцца да каго-н. з пагардай.

Драць нос — важнічаць, задавацца (разм.).

З-пад (самага) носа (узяць, украсці; разм.) — на вачах у каго-н., у непасрэднай блізкасці ад каго-н.

На носе (разм.) — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што-н.).

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім-, чым-н.

Нос у нос; носам к носу (разм.) — вельмі блізка адзін да аднаго.

Пад самым носам (разм.) — блізка, у непасрэднай блізкасці ад каго-, чаго-н.

Пакінуць з носам каго (разм.) — абдурыць, падмануць.

Соваць нос (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| памянш.-ласк. но́сік, -а, мн. -і, -аў м. (да 1 знач.), насо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. насавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)