трызненне, ‑я, н.
1. Стан паводле дзеясл. трызніць (у 1 знач.). У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала .. галаву [Шапятовіча] да сваіх грудзей. Шамякін.
2. Бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца без памяці. На задніх фурманках везлі, відаць, цяжка параненых, бо цяпер над дарогай чуліся прыглушаныя стогны, словы трызнення. М. Ткачоў. Трызненне адразу сціхла. Ранены прамармытаў нешта скрозь сон, роўна задыхаў. Лупсякоў. // Разм. Пазбаўленая сэнсу балбатня, бязглуздзіца. [Рыбакоў:] — Усё, што вы пагаварылі тут, — дзікае трызненне. Асіпенка.
3. Галюцынацыя. Некалькі гадзін .. [Іван] спаў непрабудна і глыбока, потым ліпкая мешаніна трызнення і рэальнасці пачала блытацца, кружыць у яго цьмянай, соннай свядомасці. Быкаў.
4. Мары, думкі аб кім‑, чым‑н. Але Ірма там будзе. І будзе аўтарскае трызненне ёю, шчымліва-ціхае і бясконцае — як песня падбітай птушкі. Карамазаў. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з трызненняў у жыццё. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)