Бе́раг (агляд значэнняў слова гл. ў Яшкіна). Рус. бе́рег, укр. бе́ріг, польск. brzeg, чэш. břeh, ст.-слав. брѣгь, балг. бряг, серб.-харв. бре̑г і г. д. Прасл. bergъ ’бераг; узгорак, гара’. Гэта слова звязана з ст.-в.-ням. berg ’гара’, авест. barəzah‑ ’гара, вышыня’, ст.-інд. br̥hant‑ ’высокі’, авест. bərəzant ’высокі’, ірл. brí ’гара’ і г. д. Паколькі некаторыя і.-е. мовы сведчаць пра ‑g̑h‑ у гэтым слове (гэта дало б слав. *berzъ), то ёсць версія пра запазычанне слав. слова з герм. моў, але ёсць аргументы і супраць. Гл. Мейе, RS, 2, 69; Траўтман, 30; Ягіч, AfslPh, 30, 457; Бернекер, 49; Машынскі, Pierw., 157; Брукнер, 44; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 153. Параўн. яшчэ бе́раг, ’каляровая палоска на краі хусткі’ (Сцяц. Нар.), ’край пасудзіны, тканіны’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’узлесак’ (Жд.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́раў ’непакладзены кабан’ (ДАБМ, 884), ’парсюк’ (Жд.). Рус. бо́ров, польск. browek ’адкормлены кабан’, чэш. brav ’дробная жывёла’, балг. брав, серб.-харв. бра̑в ’авечкі’ і г. д. Слав. *borvъ. Роднаснае: ст.-в.-ням. barug, barh, ст.-ісл. bǫrgr; Траўтман, 27; Бернекер, 75; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195. Слав. borvъ лічыцца зборным назоўнікам да і.-е. *bharu‑ (*bhoru‑?). Гл. Траўтман, 27. Далей, магчыма, да і.-е. *bher‑: *bhor‑ рэзаць’. БЕР, 1, 71–72; Бернекер, 75; падрабязна Трубачоў, Происх., 64–65. Таксама параўноўваюць з ст.-інд. bhárvati ’жуе, есць’ (Махэк, KZ, 64, 263; Махэк₂, 65). Ондруш (, 14, 107) выводзіць borvъ ад *bhrū‑ ’брыво’ (*’шчаціна’); першапачаткова ’шчаціністая жывёла’ (параўн. паралель венг. serte, sertés ’шчаціна, шэрсць’, sertés свіння’). Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія пра запазычанне з герм. моў (супраць гэтага Бернекер, 75; Фасмер, 1, 195).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пле́сці, пляту, пляцеш, пляце; пляцём, плецяце, плятуць; пр. плёў, пляла, пляло; заг. пляці; незак., што.

1. Перавіваючы (лазу, ніці, стужкі і інш.) злучаць у адно цэлае, вырабляць што‑н. Плесці кошыкі. Плесці лапці. □ І не цураліся дзяўчаты, Плялі вяночкі з красак мне. Колас.

2. перан. Разм. Гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп. — Ваша вялікасць, — заявіў Мазарыні, — Англія зноў пляце тайныя інтрыгі супраць Францыі. «ЛіМ».

3. перан. Разм. Гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець. Чарнышэвіч. // і без дап. Разм. Выдумваць, нагаворваць. Зося яшчэ ўсяго не ведала, што пра яе плятуць. Крапіва. — Ай-яй, на такога чалавека і гэтакае плесці, — абураўся Касач. Гурскі.

•••

Плесці з дуба вецце — гаварыць абы-што, малоць языком.

Плесці кашалі з лапцямі — гаварыць немаведама што, без сэнсу.

Плесці лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.

2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.

3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

За́балаць за́блаць, за́палай, за́блач (Мат. Гом., ЭШ), за́блыць ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Бяльк.). Рус. бранск., смал., варонеж., кур. за́болоть, за́блоть ’чырвоныя ніткі для вышывання’. Параўн. рус. ярасл., пск. заболока́ть ’пакрываць вышыўкай’, пск. за́блока, ярасл. за́болока ’запінка’, бо́локом ’наапашкі’ (Даль), оболочка ’абалонка’. Бел. бо́лакі ’воблакі’ < *ob‑volk‑ (гл.) указвае на магчымасць паходжання слоў, што абазначаюць вышыўку з кораня *volk‑ (гл. валачы) ці кантамінацыі кораня *volk‑ і *bol‑балонь, болона, абалонка, гл.). Перанос націску на прэфікс указвае на зыходны цыркумфлекс у корані. Форму за́блач з *k > č перад ‑ь, а ‑ць (рус. ‑ть) даводзіцца тлумачыць як суфікс (параўн. борць, моц; гл. SP, 2, 43). Форма запалач указвае на жывасць сувязей каранёў bol‑ і pel‑/pol‑, пра тоеснасць якіх меркаваў Махэк₂ (55) у сувязі з blána, супраць чаго Трубачоў, Эт. сл., 2, 178. Не выключаны старажытны, прасл. характар зыходнай формы zabъltь ці zaboltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апе́ка (БРС, Яруш.). Рус. опека, укр. опіка, польск. opieka, чэш. opěka, устар. pěče, славац. opeka (< рус., SSJ), балг. опека, ст.-бел. опека (XVI ст., Гіст. лекс., 94), ст.-рус. опекание (1389) ’апека’. Ст.-польск. opiek ’тс’ з XVI ст. У старарускай мове шырока ўжываўся дзеяслоў печи ся ’клапаціцца’, таму ўтварэнне опека як бессуфіксальнага аддзеяслоўнага назоўніка ад опекати ся было цалкам магчымым і няма неабходнасці абавязкова лічыць бел. апека запазычаным з польскай, як Гіст. лекс., 94, не зважаючы на адсутнасць у беларускай мове адпаведнага значэння дзеяслова; гэта можа быць і захаваннем старарускага слова. Супраць — адсутнасць фіксацыі формы опека ў старарускай, але і ў польскай opiek, а не opieka. Апяку́н (Гіст. мовы, 2, 24) па націску, магчыма, з рускай, а не з польскай, калі гэта таксама не старарускае слова ад дзеяслова апякаць з суф. ‑ун. Апяка́ны (Жд.) ’дагледжаны’ з польск. opiekany ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)