Кватара́нец ’кватарант’ (Сцяшк., Янк. I, Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кватарант. У адпаведнасці з Сцяцко, Афікс. наз., 147 суфікс ‑анец утварае назвы асобы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. У іх ліку кватаранец як канчанец ’жыхар супрацьлеглага канца вёскі’. Мяркуючы па братанец ’няродны брат’ (< братан), кватарант успрымалася як *кватаран, параўн. гаршчан ’ганчар’ (там жа). Тады паводле брат > братан > братанец, кватэра > кватаран(т) > кватаранец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятрэ́ць ’сохнуць, высыхаць (на сонцы, ветры і пад.)’ (ТСБМ), ’жыць надгаладзь, прычым працяглы час’ (Янк. 1), пя́траць ’сохнуць, знясільваць’ (Шат., Нас.). Дубоўка (Узвышша, 1929, 8, 105) выводзіў ад пя́тра ’вышкі ў асеці для сушкі снапоў’, ’паліцы ў ганчароў, на якіх сушаць вырабы з гліны’. Паводле Янкоўскага, “трэба думаць, ад назвы летняга посту — пятроўка” (Янк. 1, 158), што сумнеўна. Спецыяльна гл. Коген, Узвышша, 1929, 8, 102. Гл. пе́траць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́тны1 ’ваенны, баявы’ (ТСБМ, Нас.): ратны чарвяк ’лічынка грыбнога камара’, паходжанне назвы тлумачыцца яе паводзінамі: “Лічынкі гэтага насякомага збіраюцца ў вялікую групу і пачынаюць “падарожнічаць”. Яны белага колеру і паўзуць суцэльнай лентай, шырынёю да двух сантыметраў і даўжынёю да чатырох-шасці метраў, за што і атрымалі сваю народную назву” (Кахманюк, Родная прырода, 1978, 6, 13). Гл. раць.

Ра́тны2 ’арэндны’: ратные грошы (Нас.). Ад ра́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дчык1 ’рэдка сатканая тканіна, марля’ (Бяльк., Жд. 2; чач., Жыв. НС, Мат. Гом., Нас.), рэдчак ’тс’ (ПСл), рэччакі ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ). Да рэдкі (гл.).

Рэ́дчык2 ’чапец (складка брушыны)’ (чач., Жыв. НС, Шатал.). Магчыма, семантычны перанос паводле знешняга падабенства, ад назвы рэдка сатканай тканіны (гл. рэдчык1) на другі аддзел страўніка жвачных — сетка (гл.), а потым і на частку брушыны. Да рэдкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слане́чнік ‘расліна Heliantus L.’, ‘насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак’, дыял. сланэ́чнік, сланэ́шнік, слано́шнік, сло́мачнік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Кіс., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Інстр. 1, Жыв. сл.), ‘дзевясіл, Inula helenium L.’ (Касп.). З польск. słonecznik, słoniecznik < słonce ‘сонца’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 59), таму што расліна паварочвае галоўкі за сонцам; калька лац. навуковай назвы, якая ад грэч. ἥλιος ‘сонца’; гл. Махэк, Jména, 243.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спавіва́ч ‘доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), спаві́віч ‘тс’ (Касп.); іншыя дыялектныя назвы: спаве́яч (Мат. Гом.), спаві́вач (ТС), спавіва́льнік (Шатал.), спаві́ч (Жыв. сл.); апошняе таксама ‘палатно, якім пакрывала кума дзіця ў час хрышчэння’ (нараўл., Арх. ГУ). Да спавіць, спавіваць (ТСБМ, Ласт., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп.) < па‑віць. Тая ж семантыка ў рус. сповива́льник чэш. povijan і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іване́ц ’расліна Melampyrum nemorosum’ (Кіс.), ’кветкі, якія рвалі на Івана–Купалу і ставілі на кут’ (Інстр. II). Утварэнне ад Іван пры дапамозе суф. ‑ец. Семантычная мадэль ’уласнае імя’ — ’назва расліны’ сустракаецца даволі часта. Слав. мовы ведаюць шматлікія назвы раслін, якія паходзяць ад уласнага імя Іван (Праабражэнскі, 1, 263). Параўн. бел. іва́нькавы ша́пачкі ’званочкі’ (Касп.), іва́нава галава́ ’званочак персікалісты і гарычка лёгачная’ (дзісн., Жыв. сл., 201; Бейл., 422).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рах ’рыба Aspius aspius’, дыял. жэ́расць, жэ́расель, жэ́расвель, жэ́раствень, жэ́распер, жэ́распень, шэ́распер (Жукаў, Рыбы Белоруссии. Минск, 1965; БССР. Каротк. энц.). Рус. же́рех, дыял. жэрёха, ше́респер, шелеспер, шелешпер, черех. Іншыя слав. назвы і іх геаграфію гл. Усачова, Этимология, 1971, 164–173; іншамоўныя назвы: Ліндберг-Герд, Словарь, 136–138. Фасмер (2, 49), спасылаючыся на Лідэна і інш., імкнуўся даць паралелі з і.-е. моў: швед. gärs, нарв. gjøirs ’ёрш, бычок’, магчыма, ст.-інд. jhaṣás ’вялікая рыба’. Сабалеўскі (Лингвистические наблюдения, 1, 13), Гараеў (Доп., 2, 12), Шанскі (1, Д, Е, Ж, 286) звязваюць з жэрці праз жер ’ежа, апетыт’. Герд, Бел. лекс., 37–38. Герд (ЭИРЯ, 9, 47–48) этымалагізуе бел. формы, як кантамінацыю жерех (рус. < тат. на Волзе) і распер (параўн. польск. rozpiór ’Abramis bollerus’, паводле Лінберга–Герца, і ’Aspius’, балг. распер), якое, аднак, не этымалагізуецца. Калі гаварыць аб цюрк. крыніцы, трэба ўлічыць нетыповасць ж для тат., а таксама чув. шерӗх ’жэрах’ (Ашмарын); не выключана, што тат., чув. < рус., патрэбна іх больш дакладная этымалагізацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казяле́ц ’расліна Ranunculus acer’ (БРС, ТСБМ, Дэмб.; маг., Кіс.; Шат.). Укр. козелець ’тс’. Для рус. гаворак СРНГ падае памету «валагодскае»; козеле́ц і козе́лец для ’Ranunculus’ ведаюць таксама смал. і валаг. гаворкі. У якасці іншаславянскай паралелі можна прывесці польск. kozielec ’Anemone ranunculoides’. Відавочна, усх.-слав. козелец (акцэнтуацыя ў асобных мовах у гэтым слове не зусім зразумелая), якое да прасл. kozьlьcь ’казляня’. Матывацыя няясная. Магчыма, як аб гэтым сведчаць падобныя назвы ў слав. мовах для Pimpinnella, Valeriana, назву расліна атрымала паводле спецыфічнага паху; на гэта ўскосна ўказвае звестка аб тым, што казялец курылі ў хатах, каб пазбавіцца клапоў (рус. смал., СРНГ, 14, 60). Гэта, аднак, здагадка; у назвах для Ranunculus з паказальнай для Беларусі ўкр. або рус. тэрыторыі такая ўласцівасць (пах) ніяк не адзначаецца. Вельмі часта ў назвах раслін дэрываты ад каза, казёл ужываюцца для характарыстыкі розных зааморфных прыкмет. Сапраўды, у казяльца лісткі ўтвараюць штосьці накшталт казліных рожак, аднак гэта не дае падстаў меркаваць аб пераносе назвы па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)