Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маты́ка, моты́ка, маты́га, маты́чка ’ручная прылада (лапатка) для рыхлення глебы, акучвання агародніны’ (ТСБМ, Тарн., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Бес., Мат. Гом.); матыкава́ць, матыгава́ць, мотыкова́ць ’матычыць’ (Сл. ПЗБ, ТС), маты́чыць, моты́чыты ’тс’ (ТСБМ, Выг. дыс.). Укр. моти́ка ’кірка’, рус. моты́ка, пазней моты́га, ст.-рус. мотыка, польск. motyka, н.-луж. motyja, в.-луж., чэш., славац. motyka, славен. motîka, серб.-харв. мо̀тика, макед., балг. мотика, ст.-слав. мотыка. Прасл. motyka Махэк₂ (375) лічыць вельмі старым, незапазычаным, вылучаючы аснову mat‑, роднаснымі да якой з’яўляюцца: ст.-інд. matyám ’барана, каток’, matī‑kr̥tas ’пабаранаваны, пракачаны’, лац. mateola ’від малатка’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’, stein‑mezzo ’камяняр’ (Фасмер, 2, 665; Выгонная, БЛ, 8, 57). Этымолагамі прыводзяцца і ст.-англ. mattoc, англ. mattok, а таксама блізкія да іх уэл. matog, гальск. matog ’матыка’, якія разглядаюць як запазычаныя з народналац. *mattiūka ’матыка’ (Покарны, ZfSlPh, 5, 393) < і.-е. *mat‑ ’капаць, дзяўбці’. Мартынаў (Язык, 72), разглядаючы прасл. лексічную пару kopačьmotyka ’матыка’, прыходзіць да вываду, што motyka з’яўляецца іт. пранікненнем у прасл., якое паступова выцесніла балта-слав. назву матыкі (kopačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мень, мянёк, менёк, мінёк, менюх ’мянтуз, Lota lota’ (ТСБМ, Жук., Бір. Дзярж., Янк. 3., Шат., Бяльк., ТС, Дразд., Яруш., Касп., Дэмб. 1, Нас., Мат. Гом., Ян.; бых., Рам. 8), ’тоўсты, непаваротлівы маўклівы чалавек’ (Растарг.). Укр. мень, мнюх, рус. мень, мен, мёнух, ментю́к, польск. mień, mieniek, н.-луж. méńk, в.-луж. mjenk, чэш. meň, mník, mík, славац. mień, славен. menȅk, mének, menjek. Прасл. mьnь (Фасмер, 2, 599; Бязлай, 2, 177). Апошні падае яшчэ форму menь, а Махэк₂ (370) — толькі meńь. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. ménkė ’траска, лат. menca, англ. minnow ’дробная рыба’, с.-н.-ням. möne, галан. meun, ст.-в.-ням. muniwa, ст.-грэч. μαίνη, μαινίς, μαινίδιον ’акунь’ (Сольмсен, KZ, 37, 585; Фрэнкель, 436; Фасмер, там жа). Аб адпаведнасці ст.-грэч. μαίνη і ст.-інд. mináḥ гл. Шарпанцье, KZ, 47, 181; Майргофер, 2, 643. Махэк₂ (370) дапускае, што прасл. слова паходзіць з угра-фінскіх моў, параўн. чараміск. men, венг. meny‑hal, фін. monni ’мянтуз’. Голуб-Копечны звязваюць лексему мень з ме́ншы (Трубачоў, Дополн.). Аб пашырэнні мень у рус. гаворках гл. УЗЛІЛІ, 825, 1968, 145–155. Параўн. таксама мянту́з.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мова ’размоўная, літаратурная мова’, ’спосаб вымаўлення слоў, манера гаварэння’, ’размова’, ’гаворка, гутарка’, ’казань’, ’здольнасць гаварыць’, ’слова’ (ТСБМ, Нас., Мал., Гарэц., Булг., Яруш., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; паўд.-усх.). Укр. мова, рус. мо́лва́, ст.-рус. мълва, польск. mowa, в.-луж. mołwić, чэш. mluva, славац. mluviť, славен. mółviti, балг. мълва́, ст.-слав. млъва. Прасл. mъlva, mъlviti. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. bráviti, авест. mraoiti ’гаворыць’, зенд. mraviti ’тс’. Сэмерэньі («Emérita», 22, 1954, 159) мяркуе аб роднасці слав. лексемы і лац. pro‑mulgāre ’гаварыць уголас, публічна’, *molgā ’размова’, ст.-грэч. гамер. νυκτός ἀμολγῷ ’у начной цішыні’ < *mel‑g‑, авест. mar‑, ст.-грэч. μέλοσ ’песня’, прасл. mъlv‑ < *mel‑w‑, ням. melden, хец. meld‑ ’даваць абяцанне’ < *mel‑dh‑ (Бернекер, IF, 8, 286; Трубачоў, Дополн., 2, 641–642; Бязлай, 2, 194; Плюта; JP, 40, 1961, (2), 126). Памылкова Кюнэ (Poln., 78) і Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) гавораць аб запазычанні з польск. мовы, але ў ёй яшчэ ў XIV ст. было mołwa, а пераход ł > адбываўся ў канцы XVI — пачатку XVII ст. У ст.-бел. мове пераход ъл > ў ужо да XIV ст. закончыўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́ккі, мя́кі, мякі́, мʼя́ккі, мя́ккій ’няцвёрды, няжорсткі’, ’тонкі, шаўкавісты, эластычны’, ’далікатны’, ’падатлівы на апрацоўку’, ’прыемны для ўспрымання’, ’свежы’, ’не зусім выразны’, ’хісткі’, ’нястрогі’, ’лёгкі’, ’цёплы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; віл., Нар. сл.), ст.-бел. мяккий ’гнуткі, не цвёрды’, ’лянівы’, ’бесклапотны’, ’ілжывы, здрадлівы’ (Булахаў, Гіст., 128). Укр. мʼягки́й, рус. мя́гкий, мя́гок, польск. miękki, палаб. mąkė, mątkė, н.-луж. měki, в.-луж. mjehki, чэш. měkký, славац. mäkký, славен. méhek, mékek, mehak, серб.-харв. мѐк, макед. мек, мекан, балг. мек, ст.-слав. мѧкъкъ. Прасл. mękъ(kъ), да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. minkyti ’мяць, мясіць’, mìnkštas ’мяккі’, лат. mîksts, mĩkus ’тс’, mîkt ’размягчацца’, mîcît ’мяць’, ст.-інд. mácaté ’раздрабляе’, ст.-грэч. μάσσω ’мяшу’, алб. mekë ’слабы’. Да і.-е. *men(ə)k‑ ’мяць, драбіць’. Іншая ступень чаргавання асновы — му́ка, мука́ (гл.) (Бернекер, 2, 42–43; Траўтман, 184; Буга, Rinkt, 1, 463; Мее, Études, 326; Брукнер, 327; Фасмер, 3, 28; Скок, 2, 400–402; Бязлай, 2, 176; БЕР, 3, 719–720). Паводле Махэка₂ (358), прасл. mękъkъ утворана ад ужо не існуючага дзеяслова męk‑ati, męką (як славац. šibký ад šibati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́са, мя́со, мʼя́со, мʼя́са, мне́со ’туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак’, ’мышцы цела рыб’, ’мышца’, ’мякаць, мяздра пладоў і ягад’ (ТСБМ, Яруш., Жд. 1, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; зэльв., Жыв. сл.; в.-дзв., Шатал.), мʼя́со ’слёзная залозка ў воку’ (Дразд.). Укр. мʼясо, мнясо, рус. мясо, польск. mięso, каш. mjąso, палаб. mąsi < męsьje, н.-луж. měso, в.-луж. mjaso, чэш. maso, славац. mäso, славен. mesȏ, серб.-харв. ме̑со, макед. месо́, балг. месо́, ст.-слав. мѧсо ’мяса’. Прасл. męso роднаснае да ст.-прус. mensā (або без устаўнога ‑n‑: літ. mėsà, meisa, лат. misa, mięsa, ст.-інд. māṁsám, máms, māḥ, алб. mish, арм. mis ’тс’, тахар. B misa. І.‑е. mē(m)so‑ (Бернекер, 2, 43–44; Траўтман, 178–179; Фрэнкель, 427–428; Покарны, 725; Фасмер, 3, 30–31; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 759). Сюды ж мясае́д, мясае́дніца ’перыяд ад каляд да масленіцы, калі дазваляецца (паводле законаў праваслаўнай царквы) есці мяса’ (ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл.) — параўн. серб.-харв. месојеђе, ст.-славен. mesojeja, мясі́ва ’мясная страва’ (Нас.), мясюга ’мяса добрай якасці’ (капыл., Жыв. сл.), меся́ны ’мясісты’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мясі́ць, місі́ць, месі́ць, драг. мысэ́тэ ’мяць, размінаць густую масу, перамешваючы яе з вадкасцю’, ’таўчы’, ’біць, дубасіць’, ’хадзіць, ездзіць па гразкім, топкім, сыпкім’ (ТСБМ, Грыг., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; гродз., драг., КЭС), мясі́лка ’машына для размешвання’ (ТСБМ). Укр. міси́ти, рус. меси́ть, польск. miesić, н.-луж. měsyś, в.-луж. měsyć, чэш. mísiti, славац. miesiť, славен. mesíti/mésiti, серб.-харв. мије̏сити, макед. меси, балг. ме́ся́, ст.-слав. мѣсити. Прасл. měsiti, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. maišýti ’мяшаць’, лат. màisît ’тс’, ст.-прус. maysotan ’перамешаны’, ст.-інд. mēkṣayati ’мяшае’. Першасны прасл. атэматычны дзеяслоў не захаваўся (у літ. мове ёсць група з аблаўтам: mìštimiẽštimaišýti). У іншых і.-е. мовах з суфіксам ‑sk‑: лац. misceō ’мяшаю’, ірл. mescaim ’тс’, ст.-в.-ням. miscan ’мяшаць’, нарв. meisk ’сумесь’, ст.-грэч. μίσγω (< *mig‑skō) ’мяшаю’ (Бернекер, 2, 52; Траўтман, 175; Мюленбах-Эндзелін, 2, 551, 636; Фрэнкель, 450; Фасмер, 606–607; Махэк₂, 365; Бязлай, 2, 180; Буга, Rinkt., 1, 478; 2, 166 і 487). Сюды ж ме́сіва ’густая, вадкаватая маса’, ’сумесь’, ’мешаніна’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. таксама мяша́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мёд, мед, мэд, мід, мідь, мяды́ ’салодкае рэчыва з нектару кветак’, ’напітак з мёду’ (ТСБМ, Бес., Анох., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Ян; ашм., З нар. сл.; слаўг., Нар. сл.; драг., КЭС), ’нектар’, ’смала на вішнях і слівах’ (ТС), мяды́ ’добрае жыццё’ (Крыў., Дзіс.), мэдовіца ’рабочая пчала’, мэдові́к ’пернік’ (Анох.), медаву́ха, мідаву́ха ’вада, засалоджаная мёдам’, ’хмельны напітак з мёду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.), медава́я (мядовая) раса ’падзь’ (глыб., вілей., глыб., З нар. сл.). Укр. мед, мід, рус. мёд, польск. miód, н.-луж. mjod, в.-луж. měd, чэш., славац. med, славен. mȇd, серб.-харв. ме̑д, макед. мед, балг. мед(ът), ст.-слав. медъ. Прасл. medъ (Р. скл. medu). І.‑е. адпаведнікі: літ. medùs, лат. medus, ст.-прус. meddo ’мёд’, ст.-інд. mádhu ’тс’, ’медавуха’, авест. maϑu‑ ’мёд’, ’віно’, ст.-грэч. μέθυ, ірл. mid, ст.-в.-ням. metu ’хмельны напітак’, і.-е. *medhu‑ ’салодкі’ (Бернекер, 2, 31; Траўтман, 173; Фрэнкель, 425; Фасмер, 2, 588–589; Махэк₂, 357; Скок, 2, 396–397; Бязлай, 2, 174; Абаеў, Зб. Младэнаву, 321–328).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агу́льны, агулам ’супольна’, агул ’гурт’ (Нас., Др.-Падб.), ’круг’ (Яруш.), ст.-бел. огуломъ (1579) (Нас. гіст.), укр. вогул ’талака’, огулом ’агулам’, рус. огул, огулом, польск. ogół, ogółem, ст.-польск. oguł. Нельга разглядаць польскія словы як крыніцу ўсходнеславянскіх, паколькі ó < u (Развадоўскі, Wybór, 1, 300). Няма таксама іншых аргументаў у карысць запазычання насуперак Фартунатаву, BB, 6, 218 і Ягічу, AfslPh, 17, 292. Фартунатаў звязвае з разглядаемай групай слоў ц.-слав. глота ’натоўп’ (< gъlota, параўн. балг. глота ’чарада, натоўп’, серб.-харв. гло̏та ’сям’я, галота’, славен. gtota ’мноства’) і ст.-інд. gaṇáḥ ’натоўп’ і голы (праз такія формы, як чэш. zhola ’поўнасцю’). Не выключана, аднак, сувязь агул з прасл. gъlota (< gъl‑ota). Больш верагодным здаецца агул да гуляць (гл.) (Бернекер, 1, 361). Сумненне тут выключна семантычнага характару. Наступная семантычная паралель, магчыма, пацвярджае сутнасць гэтага супастаўлення. Прасл. kolo ’кола’ мае па розных дыялектах наступныя найбольш пашыраныя значэнні: ’круг, гурт, грамада, танец’, ст.-грэч. κύκλος мае тыя ж значэнні. Так, бел. агул ’круг, гурт’ можна генетычна звязаць з бел. гуляць ’іграць, танцаваць (штосьці рабіць калектыўна)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)