Ку́бел ’дзежка з вушкамі’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Др.-Падб., Жыв. сл., Нік. Очерки, П. С., Сцяц. Нар., Бяльк., Сержп. Пр., Доўн.-Зап. ПП, Грыг., Маш., Гарэц., Сцяшк., Мат. АС, Кліх, Янк. Мат., Жд. 3, Яруш., Шатал., Янк., Сл. паўн.-зах., Мядзв.). Ст.-бел. кубелъ (з 1533 г.) (< польск. kubeł < с.-в.-ням. kübel) (Булыка, Запазыч., 180). Укр. кубел ’від крытага вулея’, кубло ’пасудзіна з дрэва’, рус. кубел ’кадзь’, польск. kubeł ’пасудзіна, вядро’. Лічыцца спрадвечным словам, якое паходзіць ад kubъ (гл. куб2, кубак) і суфікса ‑ьlъ (Бернекер, 636; Слаўскі, 3, 297). Але больш верагоднай здаецца версія аб запазычанні праз польск. kubeł з с.-в.-ням. kübel ’драўляная пасудзіна, вядро’ (Брукнер, 279; Машынскі, JP, 35, 114–115), не выключана, што форма куб — вынік зваротнага словаўтварэння ад кубел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мосенж ’латунь’ (ТСБМ), мосенз ’бронза’ (Нас., Мядзв.), масензовік ’невялікі бронзавы грэбень’ (Мядзв.), мосанз (Кюнэ, Poln., 78), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ, мосяжъ ’латунь’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mosiądz ’тс’, якое з с.-в.-ням. messinc (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 141) < ст.-в.-ням. massing < лац. massa (Шварц, ZfSlPh, 5, 400; там жа, 42, 304). Клюге₁₉ (388) выводзіць гэту лексему з Mοσσύνοικος χαλκός — назвы народа на паўн.-усх. Малой Азіі (Герадот, Ксенафонт), што Фасмер (ZfSlPh, 19, 450) лічыць беспадстаўным. Пра даўнюю сувязь з гэтым народам піша Махэк (LF, 72, 76), прыводзячы ў якасці доказу ст.-слав. сынъ ’башня’ = ст.-грэч. μόσσυν πύργος (Гесіхій), якое супастаўляецца з асец. mκsug, mκsyg ’вежа’ і лічыцца фракійска-фрыгійск. словам (Лідэн, Зб. П. Персану, Упсала, 1922, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́дзьба ‘вяселле’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Кольб.), ‘вясельная капэла’ (Сцяц.), сва́цьба ‘запрошаныя ўдзельнікі вяселля’ (ашм., Станк.), ст.-бел. свадба ‘вяселле’ (Альтбаўэр). Укр. сва́дьба, сва́йба, рус. сва́дьба, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сватьба, польск. swadźba, н.-луж. swajźba, swaźba, чэш. svadba, дыял. svarba, славац. svadba, серб.-харв. сва̏дба, славен. svatba, балг. сва́тба, макед. свадба. Прасл. *svatьba, адкуль пасля падзення рэдукаваных і азванчэння t — сучасныя формы. Ад *svatati, *svatiti ‘сватаць’ < *svatъ ‘сват’ з суф. ‑ba; гл. Трубачоў, История терм., 142; Скок, 3, 361; БЕР, 6, 535; Махэк₂, 594; Сной₁, 621. У літаратурнай мове выцеснена словам вяселле, а свадзьба лічыцца русізмам; прынамсі так можна зразумець аўтараў Сл. ПЗБ (4, 380), аднак шырокая дыялектная распаўсюджанасць слова (гл. ДАБМ, к. 338) ставіць гэта пад сумненне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус. смал. суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпу сухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2-3, 136, 331.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёўня ’будынак для сушкі снапоў’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Янк. II, Касп., Гарэц., Бяльк., Шн., ДАБМ). Рус. смал. евня, ёвня, укр. евня. Абмежаваны арэал і немагчымасць этымалагізацыі на слав. глебе даўно прывялі да думкі аб балтыйскім паходжанні лексемы. Да таго ж сельскагаспадарчыя будынкі часта маюць на беларускай моўнай глебе назвы балтыйскага паходжання (параўн. пуня, клуня, асець, гл.). Патабня, РФВ, 5, 254; Карскі, Белорусы, 133, Карскі, РФВ, 49, 19; Сабалеўскі, Slavia, 5, 450; Ільінскі, Slavia, 2, 263; Урбуціс, Baltistica, 1969, 5 (1), 58. У якасці крыніцы або слова, блізкага да крыніцы, указваецца літ. jáuja ’ёўня’. У старабеларускіх помніках мы знаходзім таксама варыянт, які непасрэдна суадносіцца з літ. словам евья (Карскі, Белорусы, 133; Булыка, Запазыч., 105; Булыка, Лекс. запазыч., 99), евьи ’ёўні’ (Гарб., 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нішто́ 1, нічо́га, нічо́му, нішто́, нічы́м, ні аб чым, займ. адмоўны.

1. Ні адзін, ніякі прадмет, ніякая справа, з’ява і г. д. Штодня глядзеў я, безнадзейны, На ўсход і захад залаты, Сачыў за небам пільна, дбала, За кожнай хмаркаю на ім, Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Не відаць было ні вёскі, якую Сомік хацеў абмінуць, і нічога іншага, на чым магло б спыніцца вока. Крапіва. [Астаповіч] стаяў і не варушыўся. Час для яго цяпер не мераўся нічым. Чорны.

2. у знач. наз. нішто́, нескл., м. Пра каго‑, што‑н., хто (што) нічога сабой не ўяўляе, не мае ніякай цаны. [Лясніцкі:] — Вялікая сіла — мара. Чалавек без яе быў бы нішто. Шамякін.

•••

Без нічога ніякага — без дай прычыны; раптоўна.

За нішто — а) прадаць, купіць за вельмі нізкую цану, вельмі танна; б) без прычыны, без падставы, ні за што.

Звесці на нішто гл. звесці.

Звесціся на нішто гл. звесціся.

Нічога не варты гл. варты.

Нічога не выйдзе гл. выйсці.

Нічога не значыць гл. значыць.

Нічога не зробіш (не папішаш) гл. зрабіць.

Нічога не скажаш гл. сказаць.

Нічога падобнага — выраз рашучага адмаўлення, нязгоды.

нішто́ 2,

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Нядрэнна, ніштавата, даволі добра. Кормяць нішто. □ Гэты [чалавек] нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпярэзан шырокім поясам. Колас. [Сярго:] А дома як, жывуць нішто? [Мелех:] Нішто... Глебка.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што; не шкодзіць. [Падлетак-дзяўчынка] ужо ў пару з маткай сядзіць за верацяном праз цэлыя зімовыя вечары — і нішто. Зарэцкі.

3. у знач. вык. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Неблагі, нядрэнны, даволі добры. Ураджай нішто. □ Кабылка была нішто сабе, толькі худаватая. Чарнышэвіч. [Аграном:] — Нішто дзяўчына. Гаспадарлівая, відаць. Пальчэўскі. [Андрэй Барысавіч:] — Дык, кажаш, здароўе, матчына нішто сабе? Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боўдзіла1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пље ’від абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

накруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што і чаго.

1. Навіць, наматаць на што‑н. Накруціць нітак на шпульку. □ [Саньку] чамусьці то хацелася накруціць на палец і выскубнуць з галавы пасму сваіх саламяных валасоў, то адарваць сабе чырвонае вуха. Сяркоў.

2. Навінціць на што‑н. Накруціць гайку на болт.

3. Насвідраваць адтулін, дзірак.

4. перан. Разм. Вельмі ўскладніць што‑н., нарабіць чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Накруцілі калідораў — Навасельцам проста гора: У пакой пакуль прабіўся — Разоў восем заблудзіўся. Гілевіч. Тут, адным словам, вельмі трэба падумаць .., бо ў гарачцы такога можна накруціць, што потым.. ніякае рады не дасі. Савіцкі.

5. Разм. Прывесці ў дзеянне спружыну якога‑н. механізма. Ігнась накруціў гадзіннік, навёў званок, каб не праспаць, і таксама лёг. Пальчэўскі.

•••

Накруціць вушы — пакараць каго‑н., пацягаўшы за вушы.

Накруціць хвост — даць наганяй, прабраць каго‑н. за што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)