Пля́йстар, пляйстэр, пля́стар, пляйсцір. пля́стра ’слой, пласт’, ’пластыр’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Касп., Бяльк., Жд. 1, Жд. 2, Дэмб. 2; ашм., Стан.), яшчэ пля́йстра, пля́сты, пля́стры, пля́страчка ’штучныя соты’, ’кавалак мёду’, ’васковая абалонка’, ’рамкі з сотамі мёду’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, Мат. Гом.), ’слаі’ (Сл. ПЗБ, Нас.); пля́стэрык ’скрылік’ (смарг., Сл. ПЗБ). З польск. plaster ’тс’, якое паходзіць з plaster ’медыцынская павязка, што прылепліваецца на рану’ < с.-в.-ням. pflaster, ст.-в.-ням. plastar < лац. emplastrum ’замазваць рану воскам, завязваць абмазку на прышчэпе’ < ст.-грэч. έμπλαστρον (Кюнэ, Poln., 87) < έμ-πλάσσω ’замазваю’; з гэтым словам злілося польск. płast (< прасл. *plastь ’слой, скіба, пласт’), з XVI ст. — płastr і plastr (мёду), блізкае па форме да plaster: нярэдка воск выкарыстоўвалі для залеплівання ран, як у старажытнасці (Банькоўскі, 2, 599). Устаўное ‑й‑, як у папярэднім слове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)