спра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.

2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.

3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.

4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

твой, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж.; тваё, твайго́, н.; мн. твае́, тваі́х; займ. прыналежны да ты.

1. Які мае адносіны да цябе, належыць табе. Твая хата. Тваё паліто. Твая думка. □ Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. [Максім да Данілы:] — Я на тваім месцы наняў бы машыну, насыпаў бы ў кузаў яблык і гайда іх на Урал. Капыловіч. Аднаму ўсё ж сумнавата, браце, у твае гады. Машара. // Такі, як у цябе, падобны на твой. Твае [маці] ў мяне бровы, твой лоб і нос. Твой неспакой. І, пэўна, твой лёс. Вярцінскі. // Зроблены, ажыццёўлены і пад. табою. Тваё пісьмо. Твае распараджэнні. // Звязаны з табою, знаёмы табе. Ну дзе ж твой абяцаны тэхнік? // у знач. наз. тваё, твайго́, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва табе. Твайго мне не трэба.

2. Які належыць табе па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. Твой бацька. Твая маці. Тваё дзіця. Твае сябры. // у знач. наз. твае́, тваі́х. Разм. Родныя, блізкія. Прывітанне тваім. Твае дома? // у знач. наз. тво́й, твайго́, м.; твая́, тваёй, ж. Разм. Муж, каханы або жонка, каханая. — Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец. — Усе яны .. на адзін капыл. Васілёнак.

•••

Каб і духу твайго не было дзе гл. быць.

Каб нагі тваёй не было дзе гл. быць.

Нагі тваёй не будзе дзе гл. быць.

Не твая бяда гл. бяда.

Няхай на тваім будзе — няхай будзе так, як ты хочаш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).

2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.

3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.

4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».

•••

Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́цца, ухаплюся, ухопішся, ухопіцца; зак.

1. Паспешна схапіцца, моцна ўзяцца за каго‑, што‑н.; учапіцца. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Колас. Нешта незразумелае рабілася з Краўчанкам. Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла. Мікуліч. // Заняцца якой‑н. справай. [Арына Антонаўна:] — І як табе не сорам, стары? Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. М. Ткачоў.

2. перан. Пачаць хутка, адразу рабіць што‑н.; прыняцца за што‑н. Пакуль мы прыехалі, пушча ўжо гаманіла звонам піл і стукам сякер. Мы прывязалі Арла на ўзлеску, падкінулі яму сена і таксама ўхапіліся за работу. Якімовіч. Ад ветру, ці ад пытання камандзіра палка.. [Кацярына Васільеўна] адразу пачырванела. Ухапілася папраўляць валасы, што выехалі з-пад вушанкі. Алешка.

3. перан. Праявіць асобую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах. «А чаму б табе не заехаць на дзень-два да мяне?» — нарадзілася ў.. [Паходні] думка, і ён ухапіўся за яе, як за шчаслівую знаходку, нават настрой пасвятлеў. Хадкевіч. Цімох Будзік.. запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт. Колас.

•••

Абедзвюма рукамі ўхапіцца за каго-што — з вялікай ахвотай згадзіцца з якой‑н. прапановай, з радасцю выкарыстаць каго‑, што‑н.

Ухапіцца за розум — адумацца, абразуміцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны

1. свобо́дный, во́льный;

~ная краі́на — свобо́дная (во́льная) страна́;

в. чалаве́к — свобо́дный (во́льный) челове́к;

~нае жыццё — свобо́дная (во́льная) жизнь;

~ная ду́мка — свобо́дная (во́льная) мысль;

2. (о манере держать себя) свобо́дный, непринуждённый;

~нае абыхо́джанне — свобо́дное (непринуждённое) обраще́ние;

~ная барацьба́ — во́льная борьба́;

~ная прафе́сія — свобо́дная профе́ссия;

в. верш — свобо́дный стих;

в. го́рад — во́льный го́род;

в. перакла́д — во́льный перево́д;

~ная тэ́ма — во́льная те́ма;

в. слуха́ч — вольнослу́шатель;

в. маста́к — свобо́дный худо́жник;

в. час — свобо́дное вре́мя;

~ныя ру́хі — во́льные движе́ния;

~наму во́ля — во́льному во́ля;

~ная пту́шка — во́льная пти́ца;

в. каза́к — во́льный каза́к;

у ~ную хвілі́ну — в свобо́дную мину́ту;

~наму во́ля, шалёнаму по́лепосл. во́льному во́ля, а шально́му по́ле

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Збан, жбан ’гліняная пасудзіна’. Рус. жбан, укр. дзбан, збан, польск. dzban, чэш., славац. džban ’тс’, серб.-харв. жба̏н, жба̏њ ’драўляная пасудзіна’, балг. джиба́н, джуба́н ’тс’. Ст.-рус. жбанъ (XVII ст.). Ц.-слав. жбаньць, чбанъ, чванъ (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Ст.-бел. (1582 г.) збанокъ (< збанъ). Параўн. ст.-рус. чьванъ (1119 г.), чьбанъ (1144 г.), ст.-чэш. čbán, dčbán, žban, ст.-польск. czban, dzban, zban. Прасл., верагодна, *čьbanъ. Зыходная форма пацвярджаецца венг. czóban ’драўляная пасудзіна для піцця’, якое лічаць запазычаным са слав. (Бернекер, 1, 165; Скок, 3, 672; параўн. MESz, 1, 545). *Čьbanъ нельга адрываць ад групы слав. слоў, прадстаўленых бел. цабэрак (гл.). *Čьbanъ пры выпадзенні ь і азванчэнні č перайшло ў džbanъ, адкуль жбан. Форму dzban Слаўскі (1, 188) лічыць вынікам мазурэння. Тады бел. і ўкр. збан з польск. Для *čьbanъ Фасмер (2, 3–37) схільны прыняць сувязь з літ. kìbti ’вісець’ (збан быццам бы ’пасудзіна для вісення’), што адкідваў Бернекер, 1, 165. Младэнаў (РФВ, 62, 261) параўноўваў з грэч. κύμβη ’чаша, човен’, лац. cumba ’човен’, ст.-інд. kumbhás ’гаршчок’ і інш. (і.-е. *kum‑bh, варыянт *keu‑bh, да якога кубак, Покарны, 1, 591). Гэта асцярожна прымаюць Шанскі, 1, Ж, 278–279; Праабражэнскі, 1, 223; БЕР, 1, 361–362. Слаўскі (1, 187–188) параўноўвае з літ. kibìris ’вядро’, лат. ciba ’драўляная пасудзіна’, што прымае Шанскі. Махэк₂ (138) параўноўвае з грэч. ἴβανος ’збан’. Голуб-Копечны (112) параўноўваюць (наўрад ці абгрунтавана) з карчмаст.-рус. назвай пасудзіны корчага) і пішуць пра манг. крыніцу (якую?). Этымалогія Ільінскага (AfslPh, 34, 4) čьbanъ < *bъčьvanъ аднадушна адкінута. Думка Аткупшчыкова (Из истории, 174–175) ст.-рус. чь‑б‑анъ суадносіцца з і.-е. коранем *(s)ker‑ ’рэзаць’, цікавая семантычна, патрабуе абгрунтавання і тлумачэння ‑b‑. Іншую літ-py гл. у Фасмера, Скока. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́к1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. raginдумка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́d ’суд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283- 284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)