цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: о́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляк1, лек ’спуд, спалох, перапуд’, ля́кі, ля́кы, ле́кэ ’жахі, пярэпалахі’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Нар. Гом., Ян., Клім., Бяльк.; малар., Нар. лекс.). Укр. ляк; рус. паўд.-зах. ляк (Даль), польск. lęk, чэш. lek, славац. ľak. Паўн.-слав. Да ляка́ць (гл.).

Ляк2 ’сургуч’ (Гарэц., Нас.; мін., КЭС). Запазычана з польск. lak ’мешаніна розных смалістых рэчываў, якая ўжывалася для запячатвання лістоў, якое з ням. Lack ’тс’, ’расліна Cheirantus’ < італ. lacca < с.-лац. laca < араб. lakk < перс. lak (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 29).

Ляк3 ’селядцовая жыжка’ (віц., Шн. 3; Сцяшк., ТС). Запазычана з польск. lak, параўн. тыкоцінск. lak ’вадкасць з селядцоў у бочках’, каш. lok ’вада з мяса або з рыб’, якія з с.-н.-ням. lake ’селядцовая жыжка’ > ням. Lache ’лужа’ (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 30). Сюды ж бел. гродз. ляк ’квашаніна’ (Сцяшк.).

Ляк4 ’глыбокі гліняны гаршочак’ (Сцяшк.; гродз., Сцяц. Словаўтв.). Да гляк (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́ска ’галінка дрэва, дубец, палачка, кій, прыс, шост’ (Нас., Мядзв., Касп., Сцяшк., ТС., Сл. ПЗБ), ’прыгожы кірмашовы кіёчак’ (КЭС, лаг.), ’штыкеціна, выгнутая палка ў вертыкальным плятні’, ’дошка ў плоце’; ’гарызантальная жэрдка ў агароджы’ (Сцяшк., Бір. дыс., Сл. ПЗБ), ’лёстка ў драбіце калёс’ (бялын., Янк. Мат.; мсцісл., Полымя, 7, 1987, Бір. дыс., гродз., Сцяц. Словаўтв.; зэльв., Шатал.), ’палка плытагона, якою ён правіць плытом’ (Бір. дыс.), ’планка круглага сячэння ў баране, у венцеры’ (Сл. ПЗБ), ля́сачка ’трасцінка, палачка’ (Нас., Янк. 1), ля́сачкі ’тонкія дошчачкі ў кроснах, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Сцяшк.). Запазычана з польск. laska ’кій, палка’, ст.-бел. ляска, леска (XVI ст.) ’жазло’, ’арэхавы кій’ — са ст.-польск. laska ’тс’ (Цвяткоў, 53; Слаўскі, 4, 59–60; Булыка, Запазыч., 185; Сцяцко, Словаўтв., 177; Арашонкава, БЛ, 2, 50), якія да прасл. lěska ’арэхавы кій’. Пазней адбылося напаўненне семантыкі новымі значэннямі. Гл. таксама леса1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёх-лёх-лёх!1 ’падзыўныя воклічы свінні да парасят’ (мсцісл., З нар. сл.). Гукапераймальнае. (Як і рус. перм. лёх‑лёх ’падзыўныя воклічы для сабак’). Аднак услед за Слаўскім (4, 319) драг. і стол. лёха ’свінаматка’, а таксама ’неахайная, тоўстая жанчына’ (І. Лучыц-Федарэц; В. Вярэніч, вусн. паведамл.), брэсц. ’неахайная, гультаяватая асоба’ (Нар. лекс.), як і падобнае ўкр. льо́ха ’свіння’, можна аднесці да крыніцы запазычання — польск. locha ’свіння — дзікая і свінаматка’, якое суадносіцца з чэш. lachna, lachna ’тоўстая жанчына’, ’бессаромніца’, славац. lacha ’бедная жанчына’, lʼocha ’легкадумная жанчына’, рус. лоха ’неразумная жанчына’ і з ням. Lose ’свінаматка’, ’распусніца’ (Слаўскі, там жа). Сюды ж палес. лёхаецца — аб цечцы ў свіней (Тарн.), якое Слаўскі (4, 320) суадносіць з łachać ’бегаць’. Параўн. і бел. лахаць1.

Лёх-лёх-лёх2 — аб вадзе (смарг., Сл. паўн.-зах.). Гукапераймальнае. З плёх‑плёх‑плёх, якое да плёхаць, плюхаць (гл.). Сюды ж лёхаць ’булькаць (пра ваду)’ (смарг., Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́гыль ’нячысцік, нячыстая сіла’ (Бяльк.). Мяркуем, што можна гэта слова параўнаць з укр. а́гел ’сатана, д’ябал’ (Грынч.), таксама га́гел (апошняе на Сумшчыне, гл. Дарашэнка, ДБ, 9, 106) і далей з рус. царкоўным а́ггел ’злы дух, д’ябал, сатана’ (Даль). Усё паходзіць, мяркуем, з грэч. ἄγγελοβ ’пасланец (> ангел)’ (вымаўляецца: ангелос). У адрозненне ад слова ангел (гл.) тут замацавалася вымаўленне паводле графікі, напісання (магчыма, для дыферэнцыяцыі гэтых двух аднолькавых па паходжанню слоў). Сатана (як і бог) мае сваіх пасланцоў, ангелаў. Па хрысціянскай рэлігіі ангелы, якія праграшылі, знаходзяцца пад узначальваннем сатаны і служаць яму пасланцамі. Параўн. у ст.-рус. помніках: «оуготованыи огнь диѧволоу и ангеломъ ѥго» (Сразн., І, 22). Гл. таксама ў ст.-укр. помніках: «Мѣлъ злым Аггелъ розмову з першою родителкою нашею» (Цімчанка, 7). Адсюль а́ггел (а́гел) (< ангел) ’пасланец д’ябла’ > ’злы дух, д’ябал’. У бел. развіўся пратэтычны гук г‑ (га́гыль < а́гыль < а́гел). Не пераконвае Рудніцкі (521), які думае пра табуістычную дэфармацыю слова ангел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́лька1 ’галька’ (БРС). Шанскі (1, Г, 22–23) лічыць гэту лексему ўсх.-слав. (параўн. рус. га́лька, укр. га́лька). Фасмер (1, 390) таксама адносіць гэта слова да славянскага па паходжанню (адхіляючы думку, паводле якой гэта запазычанне з комі galʼa ’каменьчык, галька’). Фасмер (там жа) (за ім і Шанскі, там жа) думае пра роднаснасць з *golъ ’голы’ (як семантычную паралель, параўн. рус. голы́ш ’маленькі круглы каменьчык’).

Га́лька2 ’сподняя спадніца’ (Шатал.), ’сподняя спадніца з карункамі або вышытая ўнізе; нацельная трыкатажная кашуля жанчыны’ (Жд., Сцяц. Словаўтв.), ’сподняя спадніца’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. halka ’спадніца’. Паходжанне польск. слова не вельмі яснае. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Агляд версій гл. Брукнер, 167–168; Слаўскі, 1, 395; параўноўваюць з тур. chali ’дыван’ (так Бернекер. 384; Брукнер, 168). Для надзейнай рэканструкцыі гісторыі слова не хапае надзейных даных. Аб слове галька ў бел. мове гл. падрабязны агляд Сцяц. Нар., 100–101.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)