Га́лька 1 ’галька’ (БРС). Шанскі (1, Г, 22–23) лічыць гэту лексему ўсх.-слав. (параўн. рус. га́лька, укр. га́лька). Фасмер (1, 390) таксама адносіць гэта слова да славянскага па паходжанню (адхіляючы думку, паводле якой гэта запазычанне з комі galʼa ’каменьчык, галька’). Фасмер (там жа) (за ім і Шанскі, там жа) думае пра роднаснасць з *golъ ’голы’ (як семантычную паралель, параўн. рус. голы́ш ’маленькі круглы каменьчык’).
Га́лька 2 ’сподняя спадніца’ (Шатал.), ’сподняя спадніца з карункамі або вышытая ўнізе; нацельная трыкатажная кашуля жанчыны’ (Жд., Сцяц. Словаўтв.), ’сподняя спадніца’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. halka ’спадніца’. Паходжанне польск. слова не вельмі яснае. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Агляд версій гл. Брукнер, 167–168; Слаўскі, 1, 395; параўноўваюць з тур. chali ’дыван’ (так Бернекер. 384; Брукнер, 168). Для надзейнай рэканструкцыі гісторыі слова не хапае надзейных даных. Аб слове галька ў бел. мове гл. падрабязны агляд Сцяц. Нар., 100–101.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)