Бурва́лак1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkas ’прадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.

Бурва́лак2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурда́1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).

Бурда́2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашлап ’верхняе бервяно ў зрубе, якое кладуць на бэлькі’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ошлап (стол., Шушк.), ошлапа ’бервяно, якое кладзецца пад вокнамі (КСТ), ашлапны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.). Наяўнасць навагр. атла́б ’выемка ў ніжнім бервяне для шчыльнага прылягання з верхнім’ (Сцяшк.) робіць магчымым супастаўленне з літ. ùžlapas ’закрыты’ (параўн. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), якое ўтварае пару з ãtlapas ’адкрыты’, аднак цэлае гняздо слоў з больш шырокім значэннем, гл. ашлапіць, прымушае прыняць славянскае паходжанне ці, ва ўсякім разе, лічыць цалкам магчымым такое паходжанне слова або поўную фармальную і семантычную яго адаптацыю, параўн. укр. палес. нашлапа ’тс’ (Лысенка, СПГ), рус. смал. шлапник ’папярочная бэлька, на якой трымаецца столь’. Цікавую паралель дае ахлуп і ачэп ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жніво́ жні́ва ’уборка збожжа; ураджай’ (ТСБМ), жнітво́ (в.-дзвін., Шатал.). Рус. абл. жнива́ ’час уборкі’, дыял. жни́во́ ’жніво’, укр. жни́во, жнива́ ’тс’, польск. żniwo ’тс’, н.-луж. уст. žnivo, чэш., славац. žnivo ’тс’, балг. дыял. жни́во ’зжатае збожжа’. Ст.-рус. жниво (XVI ст.). Ц.-слав. жьниво (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Як бел. словаўтварэнне разглядае Сцяцко (Афікс. наз., 41), але слова мае прасл. характар, калі ўлічыць яго агульнаслав. пашырэнне. Ад кораня žьn‑ (жаць1) з суфіксам i‑v‑о (гл. пра суфікс Мейе, Études, 371–373). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 295) лічыць, што гэта адсубстантыўнае ўтварэнне, указваючы на вытворнасць ад *žьnь (параўн. чэш. žeň ’жніво’), аднак, магчыма, і аддзеяслоўнае (як ст.-слав. сѣчиво ад сѣк‑ѫ, тѧтива ад тѧт‑и). Параўн. яшчэ. ст.-рус. жнитво, жнитва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыг ’імгненне’, ’хуткі скачок, хуткі ўкус’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.), ’хуткае запальванне’ (Бяльк.). Рус. дыял. смал. жиг ’раптоўны рух; укус’, славац. žih ’агонь, запал’, славен. žig ’агонь, пажар’, ’наганяй’, серб.-харв. жи̑г ’кляймо, пячаць’, уст. ’металічны прут для падпальвання марціры’, балг. дыял., макед. жиг ’кляймо’, ’жыгала’, ’туга, сум’. Параўн. жыга ’хуткі чалавек’, жэг ’імгненна, хутка’ і іх іншаслав. адпаведнікі. Ад слова жыгаць ’бліскаць’ = ’хутка гарэць’, ’хутка свяціць’, адкуль бярэцца сема ’хутка’ (параўн. ням. blitzen ’бліскаць’, Blitz ’маланка’, Blitzbote ’хуткі кур’ер’, параўнанне ў розных мовах, як маланка ’хуткі’), шляхам усячэння афіксальнай часткі дзеяслова і ўтварэння бязафікснага назоўніка. Лат. žigls ’хуткі’, якое ўзводзяць да літ. žygis ’аднаразовы ход, паход, раз’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 809; Фрэнкель, 1308), магло зазнаць (але не абавязкова) уплыў бел. жыг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́жа1, жы́жка ’цякучая сумесь вадкіх і цвёрдых рэчываў’. Рус. жи́жа. Ц.-слав. жижда ’вадкасць’. Ст.-рус. жижа (1705 г.) ’жыжа’. Ад кораня *žid‑ з суфіксам *ja: *židja, адкуль заканамернае ўсх.-слав. жижа, ст.-слав. (> ц.-слав.) жижда.

Жы́жа2 дзіцяч. ’агонь’. Рус., укр. дзіцяч. жи́жа. Польск. дыял. żyża ’агонь’, славац. дзіцяч. žiža, žiž(i) ’агонь, святло’, серб.-харв. дзіцяч. жи̏ж, жи́жа ’агонь, горача’, жи̏жа, жи̏жа ’фокус, цэнтр (фіз. пункт)’, ’свяцільнік, кадзіла’. Параўн. балг. жижѝ ’іскры’, жѝжка ’іскра’, макед. жеже ’апякаць, пячы’. З кораня *žig‑ (гл. жыгаць, жгаць) з дапамогай суфікса *‑ja таго ж, што ў свяча, ежа: *žigja > *žiža. Улічваючы дзіцячы характар слова, можна дапусціць і другасны паўтор ж, аднак наўрад ці гэта патрэбна ў свеце папярэдняга словаўтваральнага тлумачэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ядзі ’мыт’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. наўг. заеди ’астаткі ежы ў кутках рота’, ’мыт’, іван. за́едень, самар., урал. за́едни, урал., краснаяр. за́еды, наўг. за́еды ’мыт’, наўг., алан., чаляб. за́едь ’камень на зубах у каня’, укр. заїди ’мыт’. Магчыма ўзвесці ўсх.-слав. слова (*за‑ѣд‑ з рознымі фармантамі: ‑а, ‑ь, ‑ьнь) да дзеяслова заѣд‑ати (з коранем ѣд‑, гл. есці) паводле ўяўлення пра паходжанне ’мыта’ ад ’заядання’. Параўн. блізкае структурна славен. zajȇd(a) ’заліў, грот’ на базе пераносу значэння дзеяслова. Параўн. яшчэ літ. *žaizdà ’рана’ < *žaidda (Буга, Rinkt., 1, 292; Фрэнкель, 1285; Покарны, I, 425, усе без слав. паралелей), што, аднак, няпэўна, бо пры суадноснасці з і.-е. *gʼhei‑ чакалася б *zajьd‑ ці *zěd‑, а не za(j)ěd. Да семантыкі гл. яшчэ Аткупшчыкоў. Зб. памяці Ларына, 206.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)