перака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Нака́паць больш, чым трэба.

перакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. Падзяліць што‑н. на часткі ровам, канавай упоперак чаго‑н. Перакапаць дарогу. Перакапаць поле канавай.

2. Ускапаць. Сілы малавата, а перакапаць бы зямлю .. ды навазіць у канаўкі гразі з алешніку, напэўна зямля паправілася б, і расло б тут збожжа, як лес. Колас. Усе дарожкі ў лесе былі стаптаны, перамешаны, нібы нехта знарок іх пераканаў рыдлёўкамі. Няхай.

3. Ускапаць нанава, яшчэ раз. Перакапаць бульбянішча.

4. Разм. Разрыць, перарыць лычом. [Дзікія свінні] за адну ноч могуць цэлае поле знішчыць. Ды не столькі з’ядуць, колькі лычамі перакапаюць ды капытамі вытапчуць. В. Вольскі.

5. Разм. Перабраць, перагледзець, перавярнуць усё, многае ў пошуках чаго‑н. Перакапаць рэчы ў шуфлядзе. Перакапаць кнігі ў бібліятэцы. □ Думаю вымеркаваць час, архівы перакапаць, лепшае на свет выцягнуць... Калачынскі. — Аднойчы наляцелі паліцаі, перакапалі ўсё ў доме. Аляхновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяча́й ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа’ (Інстр. III, Шатал., З нар. сл.), вечэя́ (Тарн.), вечай (Сцяшк. МГ). Рус. вечея (СРНГ, пск.; дзве іншых фіксацыі без лакалізацыі). Слова вядома на вузкай тэрыторыі (захад рускай і беларускай моўных зон). Рус. вечея < ячея яшчэ ў Даля. Беларускія формы адпаведна ячай (Сцяшк., МГ, Мат. АС), ячэя (Тарн.). В не прыназоўнік , як дапускаў Бернекер, а пратэза; параўн. дублеты: ветроўка/ятроўка (КСТ), вехо/эхо (КСТ), вікона/ікона (Янк. I), ветаж < этаж (Жд., 2). Незразумела нечея (Сцяшк. МГ), відавочна, выпадковая форма н + j. Прымаючы пад увагу бічай ’круглая дзірка ў верхнім камені ручных жорнаў’ (Касп.), не выключана ўзаемадзеянне з бічайка (гл.). Да гэтага параўн. у Даля обечайка ’ячэя, ячэйка, вочка невада’; параўн. яшчэ ячэя/вечэя/очэя (Тарн.), дзе апошняя форма паказвае на збліжэнне з око ’вока’. Гл. дадаткова літаратуру пад вечай і ячай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пражмо́1 ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’ (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Рус. смал. пря́жмо ’калоссе жыта, пражанае на масле’, польск. prażmo. ст.-чэш., суч. дыял. pražma (відаць, мн. л.) ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’. Прасл. *pražьmo. Ад *pražiti (гл. пражыць) з суф. ‑mo (Адносна суф. гл. Слаўскі, SP, 2, 15). Махэк₂, 482 падкрэслівае, што слова можа лічыцца старажытным ужо з прычыны даўнасці такога спосабу ўжывання ў ежу калосся ў час неабходнасці. Гл. яшчэ Брукнер, 434.

Пражмо́2 ’адлегласць паміж слупамі ў клеці, дзе складваюць збожжа’ (Касп.). Не зусім ясна. Відаць, дэрыват ад ‑прагу (гл. запрагаць, упрагаць) з суф. ‑ьмо, г. зн. прастора, якая звязваецца, спалучаецца (рус. сопрягается) слупамі. Няясна, ці сюды адзначанае ў Даля бесар. пря́жина ’лінейная мера’ (= 3 сажням 12 вяршкам) і ўкр. закарп. пра́жина ’від зямельнай меры’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́рта ’вялікі стог сена, саломы, снапоў’, ’куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін’ (ТСБМ, Шн., Варл.; карэліц., Янк. Мат.; Янк. 1, Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Сцяшк.), сцірт, сці́рта́, сці́рда ’тс’ (Сл. ПЗБ); сці́рда ’тс’ (Мат. Гом.), сцю́рта ’тс’ (Сл. Брэс.), скі́рта ’тс’ (Некр. і Байк., ЛА, 1), скі́рда́ ’тс’ (Шымк., Арх. Вяр., ЛА, 1, Сержп. Грам.), сты́рта ’тс’ (Кольб.), ’кубел’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скирдъ (Лапін, Term. geogr.). Укр. ски́рта, сти́рта, рус. скирд, ски́рда, польск. sterta ’тс’. Балтызм, параўн. літ. stìrta ’стог сена’, лат. stir̃ta ’абарог, сушылка ў выглядзе страхі на слупах’; звязана з лат. stirpa ’абарог для яравога збожжа’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1047; Фрэнкель, 909–910; Міклашыч, 300; Фасмер, 3, 640; ЕСУМ, 5; Лаўчутэ, Балтизмы, 23; Непакупны, Связи, 176; Анікін, Опыт, 281). Варыянтнасць к і ц адпавядае мене і у балцкіх мовах (Векслер, Гіст., 228).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ліва, ‑а, н.

1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.

2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.

3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.

4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.

•••

Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.

Ні каліва — ніколькі, ані.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.

1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.

5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Раскідаць (зерне) пры сяўбе; пасеяць. — Прыехалі гэта мы ў ляды, рассеяла я жыта, — расказвала .. [маці] далей. Сіўцоў. // Раскідаць, рассыпаць што‑н. сыпкае ў розныя бакі, у розных месцах. Рассеяць мінеральныя ўгнаенні. □ Ты ведаеш, колькі ты рассееш па дарогах збожжа, пакуль будзеш вазіць снапы туды-сюды? Шашкоў.

2. Зрабіць рассеяным (у 3 знач.). Рассеяць энергію. Рассеяць святло.

3. Прымусіць разысціся, разбегчыся; разагнаць. У тую раніцу мы рассеялі батальён немцаў і спусціліся з гор на шашу, сціснутую з абодвух бакоў старымі альпійскімі вякамі. Хомчанка. // Аслабіць, зрабіць не такім густым (цемру, туман, дым і пад.). Ужо з-за дубоў.. выглянуў сярпом месячык, трохі рассеяў цемру. Галавач.

4. перан. Прымусіць прайсці, знікнуць (звычайна якое‑н. непрыемнае пачуццё). Старыя моцна ўзрадаваліся нечаканаму жыльцу: хоць ён крыху рассее іх адзіноцтва. Хадкевіч. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)