цвет 1, ‑у, М цвеце, м.

1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.

2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.

3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.

4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.

5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.

•••

Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.

цвет 2, ‑у, М цвеце, м.

Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Род1, руод, ро̂д, рід ’рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка’, ’асноўная арганізацыя першабытнаабшчыннага ладу’, ’родзічы, сваякі, радня’, ’сям’я’, ’паходжанне, прыналежнасць да пэўнага саслоўя’, ’разнавіднасць, сорт, тып’, ’спосаб, характар, напрамак’ (ТСБМ, Федар. 6, Мат., ТС, Др.-Падб., Бяльк., Ян., Бір., Стан., Бес., Байк. і Некр., ПСл; мін., Шн.; калінк., воран., ЛА, 3; Яшк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’пол’ (Байк. і Некр.), ’парода (пра жывёлу)’ (ПСл). Укр. рід, рус. род, польск. ród, н.-луж. rod, в.-луж. ród, чэш., славац. rod, славен. rȏd, серб. ро̑д і харв. rȏd, макед. род, балг. род(ъ̀т), ст.-слав. родъ. Прасл. *rodъ, звязанае чаргаваннем у корані з ц.-слав. редъ ’ежа’, ’з’яданне, паглынанне’, славен. redíti ’карміць, гадаваць, вырошчваць’, роднаснае лат. rads ’родзіч’, ’пол’, ’крыніца, пачатак, паходжанне’, ’радня’, raža ’багаты, шчодры ўраджай’, ’поспех’, ’вялікая сям’я’, літ. rasmė̃ ’ураджай’, лат. rasmaросквіт, урадлівасць’ (Міклашыч, 280, Махэк₂, 514; Фрэнкель, 683), ст.-інд. vrādhant‑ ’які паднімаецца’, várdhati ’расце, множыцца, узмацняецца’, vṛddhás‑ ’які вырас, вялікі, стары’, авест. vərəẟaiti ’расце’, ст.-грэч. ὀρυός, дар. βορυός ’прамы, правільны, сапраўдны’ (Фасмер, 3, 490–491). З гэтых форм выводзяць назоўнік дзеючай асобы і.-е. u̯ródhos‑, якое з асновы цяпер. часу u̯rédhe/o (Траўтман, 234; Фасмер, 3, 491; Бязлай, 3, 190; Покарны, 1167; Младэнаў, 562; БЕР, 6, 296; ESJSt, 13, 771–3). Трубачоў (Дополн., 3, 491), супастаўляе слав. *rodъ з арм. ordi ’сын’, хец. h̬ardu‑ ’праўнук’ і ўзводзіць іх да і.-е. *əordh‑ ’высокі’, ’які вырас’. Ондруш (, 9, 1958, 150) услед за Трубачовым шукае сувязь паміж *rodъ і *orsti ’расці’.

Род2 ’роды’ (віл., Сл. ПЗБ), н.-луж. rod, в.-луж. ród ’нараджэнне’. Да радзі́ць (гл.). Сюды ж ро́ды ’фізіялагічны працэс выхаду плода з цела маці’ (ТСБМ, ТС).

Род3 ’ураджай’ у выразе: дай, Божа, на жытычко род (маг., Шн.; Жд. 2, Ян., Юрч. Вытв.), серб. ро̂д і харв. rȏd, макед. род ’тс’, рус. маск. роди́вый ’які дае багаты ўраджай’, укр. роди́ти, бел. радзі́ць ’даваць багаты ўраджай’. Старажытнае балтаславянскае ўтварэнне, параўн. лат. raža ’багаты ўраджай’ (з *radi̯ā), а таксама славен. rodína, серб. родѝна, харв. rodìna ’ўрадлівасць’, серб. ро́дац ’пладовае, пладаноснае дрэва’. Сюды ж ро́дный ’урадлівы’ (Юрч. Фраз. 2, Юрч. СНС), ро́дны ’пладавіты, ураджайны’ (Нас., Стан.), ’буйны, высокага росту’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

умо́ва, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́са1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́2).

Ра́са2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasaросквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)