цвет 1, ‑у, М цвеце, м.
1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.
2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.
3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. ▪ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.
4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.
5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.
•••
Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.
цвет 2, ‑у, М цвеце, м.
Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)