Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝлапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скрабо́к, ‑бка, м.

1. Вострая лапатка для саскрэбвання чаго‑н. Скрабок для снегу. □ У горадзе штодзень на тратуарах Вішчаць, скрыгочуць раніцай скрабкі. Тармола. Сотні мужчын, жанчын.., узброеныя рыдлёўкамі і спецыяльна зробленымі ў кузні скрабкамі, капалі і зграбалі вільготны іл. Паслядовіч.

2. Вялікі туфель з вострым краем для чэрпання грунту або якога‑н. сыпкага матэрыялу. Скрабок аўтапагрузчыка. □ Праз паўтары-дзве мінуты бункер напоўніўся, электраматор змоўк, і зноў нерухома застылі скрабкі, замерла саляная гурба. Чаркасаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спол ‘чарпак для вылівання вады з лодкі’, спо́лік ‘тс’ (ТС; жытк., Нар. словатв.; Мат.), укр. шпол ‘шуфель, драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі’, шпо́ла ‘шуфлік’, польск. spółek, spółka ‘шуфлік, драўляная лапатка для вылівання вады з лодкі’, spułek ‘тс’, каш. spȯłk, špȯl ‘тс’, серб.-харв. дыял. ìspol, ìspō, ìspolac ‘тс’, балг. дыял. и́зпол, ‘тс’, макед. и́спо́л ‘тс’. Прасл. *jьspolъ, варыянт *jьspola ‘драўляная лапатка, шуфлік’ ад дзеяслова *polti ‘прыводзіць у рух, махаць чым-небудзь, падкідваць нешта’, з якога ў выніку спецыялізацыі развіліся значэнні ‘ачышчаць збожжа, правейваць’ (гл. палаць) і ‘выплюхваць, выліваць ваду з чаўна, лодкі’, што дае падставы для рэканструкцыі дзеяслова *jьz‑polti ‘тс’ (Міклашыч, 259; Скок, 2, 594–595; Борысь, Etymologie, 552–557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мянта́шка, мянта́жка, мянта́чка, мынта́чка, мянты́шка, мэнтэ́шка, мэнтэ́нька, мэнты́шка, мэнту́шка, менту́шка, мянту́шка, мыньтю́шка, мянцю́шка ’наждачная або намазаная глінай ці пяском лапатка, якой востраць косы’, ’трапло, балбатун’ (ТСБМ, Некр., Яруш., Бір. Дзярж., Янк. 1, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Маг., Смул.; КЭС, лаг.; Сцяшк., Тарн., Выг., ТС; ДАБМ, к. 264), мянта́шыць ’мянціць касу’, ’хутка есці’, ’трапацца, гаварыць бязглуздзіцу’ (ТСБМ, Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Балтызм. Параўн. літ. meñtė, mentė́лапатка’, mentẽlė ’тачыла’ (Вяржбоўскі, дыс., 516–520; Смулкова, LP, 14, 56–57; Грынавяцкене, Liet. term., 183; Лаўчутэ, Балтизмы, 37–38). Непераканаўча Смулкова (Słownictwo, 94–95), якая дапускае крыніцай для мянта́шка і інш. прасл. met‑/mʼot‑ (> польск. miotać, рус. метать) з другасным інфіксам ‑н‑. Гл. яшчэ Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics. N.-Y. — London, 1968, 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палі́тра ’дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы’ (ТСБМ). З рус. пали́тра (Крукоўскі, Уплыў, 85); у рус. мове праз ням. Palette або франц. paletta з італ. paletta ’тс’ < лац. pālaлапатка’ (Мацэнауэр, 268). Няясным застаецца элемент ‑тра; Праабражэнскі, (2, 9) спрабаваў тлумачыць яго ўплывам макітра; Фасмер (3, 192) лічыць, што ён быў у раманскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мянці́ць, мяньці́ць, ме́ньціць, меньці́ць, мэнті́ты, мынтэ́тэ ’вастрыць касу мянташкай’, ’многа гаварыць, лапатаць без толку’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., В. В., Шат., Бяльк., Выг. дыс., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.; карэліц., Янк. Мат.; гродз., драг., КЭС), гродз. ’круціць хвастом’, нясв. ’біць’ (Сл. ПЗБ) і, магчыма, сюды ж ’есці’ (ТС). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 106), паходзіць з літ. menčiúoti ’вастрыць’. Не выключана самастойнае ўтварэнне ад ме́нта, мянця́ (ДАБМ, к. 264), як бел. лапаткалапаткаваць. Гл. Урбуціс, Baltistica, 5, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапта́ ’гульня ў мяч дзвюма партыямі’ (ТСБМ), бых. ’палка, якою гуляюць у чыжыка’ (Рам., 8), гродз. ’палка, лапатка, якой б’юць па мячыку’ (Нар. словатв., ТСБМ). Рус. лапта, лопта, уладз. лопта, алан. хлопта́, хлапта́ ’тс’, ’ракетка’, ’мухабойка’, польск. н.-тарг. labda ’мяч’, чэш., славац. lopta, славен. lọ̑pta, серб.-харв. ло̏та, löfta, lovta ’мяч’. Прасл. lopъta (Брандт, РФВ, 22, 250; Бернекер, 1, 733; Фасмер, 2, 460; Скок, 2, 318–319) роднаснае з лапата (гл.). Да і.-е. *lēp‑/*lōp‑/*ləp‑ ’плоскія прадметы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раз, рас ’абазначае аднакратнасць дзеяння’, ’указвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў’, ’выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта дзеяння, уласцівасці і да т. п.’ (ТСБМ), ’адзін (ліч.)’, ’аднойчы’ (ТСБМ, Яруш., Нас.; смарг., в.-дзв., гарад., брасл., віл., гродз., Сл. ПЗБ), ’пра пачатак дзеяння’ (Нар. лекс., Бяльк.), ст.-бел. разъ ’удар’, рус. раз ’тс’, укр. раз ’тс’, польск. raz ’раз’, в.- і н.-луж. raz ’раз’, славац. raz ’характар’, ’удар’, чэш. ráz ’удар, адбітак’, ’чаканка’, ’тып, характар’, славен. rȃzлапатка для адмервання зерня’, серб.-харв. ра̑злапатка для адмервання зерня’, ’акладня плуга’. Першапачатковае *razъ ’удар’ звязана чаргаваннем галосных з рэ́заць (гл.), параўн. раз ’скіба зямлі’ (у слоўніку Каратынскага, гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994, 71). Роднаснае літ. rúožas ’паласа, рыска’, rė́žti ’рэзаць, рабіць рысу’, лат. ruôza ’узвышанасць’, ’паласа, рад, сенажаць’, грэч. ῥώξ ’расколіна’, ῥήγνῡμι ’рву, праломваю’ (Фасмер, 3, 433; Праабражэнскі, 2, 177; БЕР, 6, 148). Першапачатковае значэнне ’рэзаць’ (параўн. рус. рази́ть, чэш. raziti ’чаканіць, біць’) развілося ў ’пачынаць дзеянне’ > ’рабіць адзін раз, першы раз’ > ’адзін раз’. Сюды ж злучнікі раз, рас ’калі’ (мядз., паст., Сл. ПЗБ): раз ня можаш піць, то не трэба табе жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капса́ць ’штурхаць’, капсануць ’штурхнуць, піхнуць’ (Янк. 1, Янк. БП; калінк., Мат. Гом.; Гайдук. Працы, 6). драг. капсаніты ’марнавацца, драхлець’ (З нар. сл.). Ст.-укр., ст.-рус. копысати ’біць капытом, рыць, капаць зямлю капытам’, польск. Люблін., мазав. kopsać ’тс’. Паводле ЕСУМ (2, 570), з’яўляецца прасл. kopysati (kopsati). Няма падстаў для такога сцвярджэння. Відавочна, балтызм. Параўн. літ. kapsėti ’дзёўбаць’, kapstinČU, kapstyti ’грэбці (аб курах)’. Прасл. kopystъ/ kopystkaлапатка’, якое прыводзіцца ў слоўніках побач з разглядаемай лексемай, адносіцца да kopali (+ суф. ‑ystь). гл. Трубачоў, II, 34, 35.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́нта1, ме́тка, мэта, мянта́, мянця́ ’мянташка’ (Зн. Мікуц.; ДАБМ, к. 264; Смулкова, Słown.; пруж., Выг. дыс., Сл. ПЗБ), ’мешалка’ (Сл. ПЗБ), ’балбатун, брыдотны’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. meñtė, mentė̃, menčiaлапатка, якой капаюць бульбу, мяшаюць (раствор) і інш.’, mentẽlė ’мянташка’ (Атрэмбскі, Gr., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 65; Лекс. балт., 39–40; Грынавяцкене, LKK, 16, 183; Лаўчутэ, Балтизмы, 37). Сюды ж метава́ць ’вастрыць касу’ (Бір. дыс.), хойн. мянтава́ць (Мат. Гом.), мента́ць ’тс’ (ТС).

Ме́нта2 ’мята вадзяная, Mentha aquatica L.’ (маг., Кіс.). Відаць, паланізм. Параўн. польск. mięta ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)