Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скварэ́ц ‘шпак’ (Бяльк., Бір. дыс., З нар. сл.). Укр. скворе́ць, рус. скворе́ц, польск. skworzec, ст.-польск. skorzec, каш. skȯrc, в.-луж., н.-луж. škorc, славац. škorec, чэш. skorec, старое skvorec, škvorec, серб.-харв. скво́рац, шкво́рак, чво́рак, славен. skvórəc, škórəc, балг. скоре́ц, скворе́ц. Прасл. *skvorьcь, дэрыват ад гукапераймальнага кораня *skver‑/*skvor‑ (гл. сквярціся), паколькі крык шпака нагадвае skvär; гл. Праабражэнскі, 2, 297; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 113; SEK, 4, 286; параўн. рус. сверча́ть, якое таксама гукапераймальнага паходжання. Параўнанне з рус. ско́ворон ‘жаўранак’ і рэканструкцыя *сковьрьць (параўн. аднак макед. сковран ‘шпак’) адвяргаецца Фасмерам (3, 637). Гл. яшчэ Міклашыч, 305; Брукнер, 499; Махэк₂, 549; Скок, 3, 276; БЕР, 6, 738; Борысь, 553.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоўкі ’спрытны, умелы, добры, якасны’ (ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’зручны, ёмкі, выгодны’ (Яруш., Выг.), ’прыгожы’ (маз., лун., пін., Сл. Брэс., З нар. сл.), ловак ’спрытны (чалавек)’, ’зручны (пра рэч)’ (Шат.), лоўчы ’здатны, спрытны’ (ТС), лоўка ’добра (аб здароўі)’ (Ян.), ’зручна, умела, удала’ (Сл. ПЗБ), ’спрытна, прыгожа’ (Бяльк., Касп., Шат.), лаўчэй ’лепш, зручней, прыдатней’ (Юрч., Шат., Мат. Янк.; нясв., Жд. 2). Прасл. lovъkъ (параўн. харв. lȍvak ’які адносіцца да lov ’лоў’). Параўн. літ. lavùs ’лоўкі, кемлівы, хітры’ (Фасмер, 2, 509). Прыметнік, утвораны ад дэвербатыўнага кораня lov‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 377). Да ловы (гл.). Сюды ж лоўчы ’егер, ляснічы, старэйшы паляўнічы’, ’прывучаны, прызначаны для лоўлі’ (Гарэц., Грыг., Др.-Падб., Касп., Жд. 2, ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршы́ць ’складваць, канчаць стог, сцірту’ (Выг., КТС), (перан.) ’вырашыць чый-небудзь лёс’ (БРС), укр. вершити ’вяршыць’; ’насыпаць звыш краёў’, рус. вершить ’канчаць складваць стог, снапы (на возе), верх страхі’; ’вырашаць лёс’, польск. wierszyć ’укладваць спадзісты верх, страху’; ’мець першаснасць перад кім-небудзь’, чэш. vršiti ’складваць у вышыню, збіраць у кучу’, славац. vŕšiť ’кідаць, укладваць у кучу’; ’узвышацца’; ’заканчваць’, славен. vršíti ’тс’, серб.-харв. вр́шити ’выконваць, рабіць, вяршыць’, макед. врши ’выконваць, рабіць’; ’малаціць’; ’дамаўляцца на заручынах’, балг. върша ’выконваць, рабіць, прызначаць’, върше́я ’малаціць’. Прасл. vьršiti ’канчаць, завяршаць, рабіць што-небудзь, рабіць верх’, якое мела ў прасл. мове яшчэ значэнне ’малаціць з дапамогай скаціны’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 83–87; Скок, 3, 624; БЕР, 1, 214; Шанскі, 1, В, 71; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 1949, 183).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ўтра, за́ўтрае ’ў наступны дзень’. Рус. за́втра, дыял. за́втро, за́втре, за́втрее, за́втрие, укр. за́втра ’тс’ в.-луж. zajutřa ’раніцой’, н.-луж. zajtša, zajtšo ’раніцой; заўтра’, палаб. zojautră/zojaitră, jautră ’тс’, чэш. zítra, zejtra, славац. zajtra, славен. zájtra, серб.-харв. за̀јутарје ’тс’ макед. заутре ’паслязаўтра’. Ст.-слав. заоутра ’заўтра’. Ст.-рус. заутра, завтра, заутра ’заўтра, з раніцы’ (XIV ст.). Прасл. za + р. скл. utro: zautra ці utrije (< utr + ‑ij‑e): zautrija з пэўнымі фанетычнымі зменамі (u > ў) і кантамінацыяй абедзвюх форм у заўтрае. Праабражэнскі, 1, 240; Фасмер, 2, 73; Шанскі, 2, З, 21–22; Махэк₂, 707; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 393. Прасл. utro, jutro ’раніца’ не мае агульнапрынятай дакладнай этымалогіі (параўноўваюць з літ. aušrà ’зара’ і з шэрагам інш. і.-е. слоў, аднак недастаткова абгрунтавана). Гл. Фасмер, 4, 176.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салаве́й ’маленькая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая вылучаецца прыгожым спевам’. Агульнаславянскае; укр. солові́й, солове́й, рус. солове́й, ст.-рус. соловии, руск.-ц.-слав. славии, польск. słowik. Прасл. *solvьjь, якое потым у некаторых славянскіх мовах было пашырана рознымі суф. Большасць даследчыкаў (Младэнаў, 588; Брукнер, 501; Махэк₂, 556; Фасмер, 3, 711) лічаць дэрыватам ад прасл. *solvъ ’жаўтавата-шэры’ (параўн. рус. солово́й ’тс’) з суф. ‑ьjь (SP, 1, 84). Назва птушкі па колеру апярэння. Паралель у ст.-прус. salowis ’салавей’. Параўноўвалі таксама з літ. šalvas, šalvis ’харыус’, гл. Зубаты, AfslPh, 16, 413; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 110, і інш.; і са ст.-в.-ням. swolawa ’ластаўка’, ст.-ісл. svola ’тс’, гл. напрыклад Сольмсен, AfslPh, 24, 575; Шустар-Шэўц, 2, 1332; Борысь, 559; супраць Фасмер, там жа. Мартынаў (Этимология–1982, 9) не аддзяляе салавей ад слава і першасным значэннем лічыць ’той, хто пяе славу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнік ’гандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)