праця́глы, ‑ая, ‑ае.

Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аціх, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ціхім; замоўкнуць (пра гукі, шум). Нехта праехаў з лёскатам конна па бруку, і потым аціхла зноў усё. Мурашка. Рой яшчэ нейкі час пагудзеў з перапуду, ды і аціх. Якімовіч.

2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабець у дзеянні, сіле; спыніцца (пра стыхійныя з’явы). Пад вечар завея аціхла. Колас.

3. Прыйсці ў спакойны стан; супакоіцца. Максім зусім аціх і .. без пілоткі на чорным чубе высока ляжаў галавой.. на падушцы. Брыль. // Замкнуцца ў сабе; прыціхнуць. Асцярожны немец і аціх і вёў сабе гаспадарку так, як яна вялася аканомам. Чорны. Адам нечакана аціх, замаркоціўся, панікла схіліў галаву. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.

2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плахі́1 (плахт) ’дрэнны, нядобры’ (Бяльк.; чэрв., пух., даўг., Сл. ПЗБ; Ян.), ’непрыстойны’ (віл., Сл. ПЗБ). З рус. плохой ’кепскі, дрэнны’, ’няўжыўчывы’, ’непрыгожы, несамавіты’, ’дурны, някемлівы, бесклапотны’ і інш., якое з’яўляецца глухім варыянтам балтызма благіліт. plūgas ’благі, дрэнны, паганы’, ’худы’, ’слабы’, параўн. прасл. *hasъліт. grožis ’краса’, прасл. xytrъліт. gudrus ’хітры’, альбо пад уплывам рус. плохой бел. благі змяніла звонкія зычныя на глухія.

Плахі́2 ’спакойны, добры’ (шчуч., пруж., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (Ян.), ’ціхі, сціплы’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Укр. плохий ’спакойны, ціхмяны, лагодны, рахманы, пакорлівы’, польск. płochy ’палахлівы, дзікі’, ’ветрагон’, ’марны, нікчэмны’, каш. ploxi ’тс’, ’хуткі’, чэш. piachy ’палахлівы, асцярожны’, ’сарамлівы’, ц.-слав. плахі? ’баязлівец’, стараж.-рус. плахі? ’трывога’, плахый ’які памыляецца’, славен. pláh ’сарамлівы’, серб.-харв. плах ’парывісты, запальчывы’, ’круты’, макед. плах, балг. плах ’баязлівы’. Прасл. *polхь, параўн. поўнагалосныя формы: бел. полах, рус. і ўкр. по́лох, роднасныя ст.-грэч. πάλλω ’ўзбуджаю, узварушваю’, πελεμίζω ’трэсці (трасу)’, ст.-нарв. felms‑fiillr, гоц. us‑fihna ’напалоханы’, ст.-нарв. fœ̄la ’напалохаць’ < і.-е. *pólo‑/*péle (Вязлай–Сной, 3, 45; Фасмер, 3, 317). Бел. і ўкр. формы з пло‑, відаць, пад уплывам польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́хта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.

1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.

2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.

3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ныасцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2–3, 277; Альтбаўэр). Укр. стеречи́, рус. стере́чь, стараж.-рус. стеречи, польск. strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж. wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш. střieci, чэш. stříci, славен. strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав. стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл. *stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч. στέργω ’люблю’ і ст.-літ. sérgmi ’сцерагу’, літ. sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат. sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е. *sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е. *ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́ць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. □ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. □ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. □ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. □ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. □ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)