аціхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аціх, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ціхім; замоўкнуць (пра гукі, шум). Нехта праехаў з лёскатам конна па бруку, і потым аціхла зноў усё. Мурашка. Рой яшчэ нейкі час пагудзеў з перапуду, ды і аціх. Якімовіч.
2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабець у дзеянні, сіле; спыніцца (пра стыхійныя з’явы). Пад вечар завея аціхла. Колас.
3. Прыйсці ў спакойны стан; супакоіцца. Максім зусім аціх і .. без пілоткі на чорным чубе высока ляжаў галавой.. на падушцы. Брыль. // Замкнуцца ў сабе; прыціхнуць. Асцярожны немец і аціх і вёў сабе гаспадарку так, як яна вялася аканомам. Чорны. Адам нечакана аціх, замаркоціўся, панікла схіліў галаву. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)