Бурва́лак1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkas ’прадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.

Бурва́лак2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́га1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêt ’квакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лань ’даніэль, Cervus dama’, ’самка даніэля’, ла́ня ’лань’ (Некр.). Укр. лань, ланя, рус. лань ’тс’, польск. łania, łań, ст.-польск. łani (XV ст.) ’самка аленя’, каш. łania ’худая дзяўчына’, ст.-чэш. laní, чэш., славац. laň, славен. lȃnjec, серб.-харв. ла̀не, ст.-слав. алънии. Форма лань, якая сустракаецца ў спецыяльных працах па ст.-слав. мове, у ст.-слав. рукапісах адсутнічае (Цэйтлін, Этымалогія–1975, 69). Прасл. olni, olnьji, olnьję ’самка аленя’ з’яўляюцца роднаснымі са ст.-прус. alne, літ. élnė, álnė ’самка аленя, лань’, кімр. elain, арм. ełn ’алень’, лат. al̂nis ’лось’, ст.-грэч. ἔλαφος ’алень’ (Траўтман, 69; Брукнер, 306; Фрэнкель, 120; Махэк₂, 319; Слаўскі, 4, 458–459; Фасмер, 2, 458; КЭСРЯ, 233). Літ. lonis < бел. лань (LKŽ, 7). Сюды ж шчуч. лань ’малады, здаровы, выпешчаны чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лахма́н, лахманы́, лахманэ́, лахмане́, лахманё ’старая адзежына, вопратка, рызман; паношанае або парванае адзенне’, ’кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі’ (ТСБМ, Сцяшк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гродз., Мат. Гом.; трак., брасл., паст., навагр., беласт., Сл. паўн.-зах., КЭС), ’вынашаная, падраная адзежына мясцовага вырабу’ (КЭС, лаг.), даўг. ’бялізна’, гарад., шальч., беласт. ’адзежына’ (экспрэс.) (Сл. паўн.-зах.), лахмані́на, лыхмані́на, лахмо̂ні́на ’старая вопратка, зношанае адзенне’, ’анучка’ (Жд. 1, Юрч., Яўс., Грыг., Нас.), лахма́нік ’блузка, адзежына’ (чэрв., Жд. 2), ’абадранец’ (Яруш.). Укр. ла́хма́н, лахма́й, лахманина, лахма́нка, лахма́ння, лохман, рус. цвяр., смал., варонеж., пск., разан. ло́хма́н, лохмо́н, польск. łachman, łachmany, łachmanina, łachmana, в.-луж. łachman, славац. lachman. Паўночны праславянізм lachmanъ < lachъ, утвораны пры дапамозе суф. ‑manъ > ‑ман (як рызман, сукман). Памылкова Шатэрнік (146) выводзіць бел. лахман з польск. łachman. Да лах1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Леў ’драпежны звер, Felis leo’ (ТСБМ, Яруш., Кл.). Ст.-бел. левъ (XV ст.), укр. лев, рус. лев, ст.-рус. львъ (XI ст.), польск. lew, н.-луж. law, в.-луж. law, палаб. lʼåv, чэш. lev, славац. lev, славен. lèv, серб.-харв. ла̏в, макед. лав, балг. лъв, лъвът, лев, ст.-слав. львь. Прасл. lьvъ выводзіцца звычайна (Міклашыч, 179; Фасмер, 2, 471 і інш.) са ст.-в.-ням. lëwo ’леў’, якое з лац. leō, ст.-грэч. λέων. Ошцір (Зб. Развадоўскаму, 1, 295–313) ст.-грэч. крыніцу падае ў выглядзе λι̑ς (якое з *λíϜι‑ς), што з’яўляецца запазычаннем са ст.-сяміцк. lajiš ’леў’. Хутчэй за ўсё леў (львъ) прыйшло кніжным шляхам (пры вусным запазычанні было б лёў). Іншыя этымалагічныя версіі гл. таксама Слаўскі, 4, 182–184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лог ’шырокі, доўгі яр з адхоннымі схіламі’ (ТСБМ), ’даліна, нізіна, лагчына’ (Гарэц., Касп., Яруш., Сцяшк.; саліг., КЭС; віл., барыс., раг., Сл. ПЗБ), ’гразкая частка дарогі праз луг’ (Мат. Бых.), ’сенажаць, нізіна’ (ТС), ’вузкі кавалак сенажаці паміж палеткамі’ (КЭС, лаг.), ’лагчына з хмызняком’ (Ян.), навагр. ’раздолле’ (КЭС). З аналагічнымі значэннямі — у рус. і ст.-рус. мовах. Укр. лог, ліг ’логавішча’, серб.-харв. ло̑г ’тс’, ’ляжанне’, балг. лог ’прынада’. Прасл. logъ < ležati (Слаўскі, 5, 256–257; Фасмер, 2, 509). Параўн. бел. навагр., слонім. логмалёгма) ляжаць (Нар. сл., Нар. словатв.), палес. логом лежаць ’нерухома, не маючы сіл падняцца’, логоваць ’ляжаць аблогам’ (ТС), серб.-харв. лежи логом ’ляжыць нерухома’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-нарв. log ’месца ляжання’, гальск. logan ’магіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)