узва́р, ‑у, м.

Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. на каго. Спыняць каго‑н. вокрыкам «цыц», «ц-с-с», прыкрыкваць, забараняючы рабіць што‑н. — Ціха ты! Дзяцей перапужаеш! — цыкае на.. [Алеся] Варвара. Васілевіч. Нават калі бабка часам патурала ўнуччыным капрызам, [дзед] цыкаў на яе як за вялікую і вельмі важную правінку. Сабаленка.

2. Пляваць, сплёўваць праз зубы. [Клемусь] курыў звыклыя камсамольскія «пушкі» і цыкаў слінаю праз зубы ў качаргі. Чорны. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай пасярод хаты. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмыг, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штого́д, прысл.

Кожны год, у кожным годзе; з году ў год. Старыя бабровыя хаткі, у якіх бабры жывуць з пакалення ў пакаленне, штогод іх пашыраючы і павялічваючы, дасягаюць часам вялізных памераў. В. Вольскі. Усюды працоўны народ Кастрычніка дзень нараджэння Святкуе ўрачыста штогод. Аўрамчык. // З кожным годам. І чым далей ад нас гады адходзяць, Тым ён [Ленін] бліжэй да нас штодзень, штогод, Тым ён глыбей жыве ў душы народа, Тым вышай веліч простая яго! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз¹, -у, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Абазначэнне аднакратнага дзеяння.

Прыязджаць р. на тыдзень.

Сем разоў адмерай, адзін р. адрэж (прыказка).

2. З’ява, выпадак у шэрагу аднародных дзеянняў, праяўленняў чаго-н.

У мінулы р.

Кожны р.

3. у знач. кольк. ліч.; нескл. Адзін (пры падліку).

Р., два, тры.

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — пры любых абставінах.

Другім разам (разм.) — калі-небудзь, не цяпер.

Другі раз (іншы раз)часам, у некаторых выпадках.

За раз — у адзін прыём.

Не раз (і не два) — многа разоў.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ніколі.

Па той раз — з таго часу.

Раз-два і гатова (разм., жарт.) — вельмі хутка.

Раз за разам — зноў і зноў, бесперапынна.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

У самы раз (самы раз) (разм.) — якраз, у пару.

У такім разе — у такім выпадку.

|| памянш. разо́к, -зка́, м. (да 1 і 2 знач.) і ра́зік, -а, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногдычасам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падкало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Прыкалоць, загінаючы або падгінаючы знізу. Падкалоць падол.

2. Прымацаваць шпількамі, сашчэпкамі, дадаючы да таго, што ўжо маецца. Падкалоць дакументы.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, непрыемнае. — А вы, дзядзька, мусіць, некалі хвацкім кавалерам былі? — непрыкметна падколе Ваньку які-небудзь жартаўнік. Васілевіч. Васіль не адразу зразумеў жарт — ведаў, што бацька можа моцна і падкалоць часам, гэтак знянацку. Шамякін.

падкало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., чаго.

Накалоць дадаткова. Падкалоць дроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)