Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апраба́цыя1 ’адабрэнне’ (БРС, Нас.), апрабаваць. Рус. апробация, апробировать, укр. апробація, апробувати, польск. aprobata, aprobacja і інш. У рускай з польскай у пачатку XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 132). Ст.-бел. апробация (Вясноў, Бел. лекс., 34), апробовати (Гіст. лекс., 111), ст.-укр. апробация з пач. XVII ст. (Цімчанка) запазычана з лацінскай, магчыма, праз польскае пасрэдніцтва (у польскай з лац. арprobatio ў сярэдзіне XVI ст.). Лац. з ad‑probo (probo ’выпрабоўваць; адабраць’); probus ’добры, дабраякасны, чэсны, сціплы’ < *pro‑bho‑s).

Апраба́цыя2 ’праверка’. Этымалагічна тое ж самае, што і апрабацыя1, але семантычна захоўвае сувязь з проба, прабаваць. Магчыма, што гэта значэнне — пазнейшае, калі яно звязваецца з апрабаваць (рус. опро́бовать), а не апроби́ровать, як апрабацыя1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ць, ірдзе́цца ’вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець’ (ТСБМ, Шат.), ірдзі́цца ’тс’ (Гарэц.), ірдзе́цца ’чырванець, гарэць чырванню; чырванець, наліваючыся кроўю (твар) ад злосці’ (Янк. II), ірдзі́ць ’злавацца’ (Мат. Маг.). Рус. рдеть, рде́ться ’чырванець’, укр. рди́тися ’гарачыцца’, чэш. rdíti se ’чырванець’, славен. rdeti ’тс’. Ст.-слав. рьдѣти сѧ ’чырванець’, ст.-рус. ръдѣтисѧ ’чырванець’, ’быць румяным, квітнеючым’, ’чырванець, саромецца’. Прасл. *rъděti узыходзіць да і.-е. кораня *reudh‑/*roudh‑ ’чырвоны’; параўн. лац. rubēre, ст.-в.-ням. irrotên ’чырванець’ (падрабязней агульны і.-е. фон гл. іржа1). Гл. Покарны, 1, 872–873; Фасмер, 3, 453; КЭСРЯ, 386; Махэк₂, 510; Голуб-Копечны, 310; Бахіліна, История цветообозначений, 125–134, дзе шлях семантычнага развіцця ў рускай мове. З іншым вакалізмам гл. руда, руды, рыжы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

самасто́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа. «Весці». // Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам. Юргелевіч.

2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма. Ленін. // Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.

3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце. Крапіва. // Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрэ́ль, апры́ль ’красавік’. Ст.-слав., ст.-рус. априль з ст.-грэч. ἀπρίλιος < лац. aprilis (Фасмер, 1, 82), ст.-бел. априль (Александрыя, 123) працягвае гэту форму грэчаскага паходжання (Гіст. лекс., 122), а не з’яўляецца лацінізмам, як лічыць Вясноў (Бел. лекс., 36), польск. apryl(is) рэдка (двойчы) зафіксавана ў XVI ст. (Sł. XVI), наўрад ці ст.-бел. адсюль. Апрэль у Дуніна–Марцінкевіча — русізм (Шакун, Гісторыя, 215), магчыма, з рускай і апрэль у «Нашай ніве» 1909 (Гіст. мовы, 2, 139). Рускае е замест и з 1405 (Шанскі, 1, А, 132) Сабалеўскі тлумачыць як вынік спачатку графічнага абазначэння ѣ замест и, а потым прачытання яго (Лекции, 85). Такое ж паходжанне, улічваючы цесныя ўкраінска-беларускія пісьмова-моўныя сувязі, мае і ст.-бел. апрель (Гіст. лекс., 122), апрелевый (Булахаў, Працы IM, 7, 147).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)