Апрэ́ль, апры́ль ’красавік’. Ст.-слав., ст.-рус. априль з ст.-грэч. ἀπρίλιος < лац. aprilis (Фасмер, 1, 82), ст.-бел. априль (Александрыя, 123) працягвае гэту форму грэчаскага паходжання (Гіст. лекс., 122), а не з’яўляецца лацінізмам, як лічыць Вясноў (Бел. лекс., 36), польск. apryl(is) рэдка (двойчы) зафіксавана ў XVI ст. (Sł. XVI), наўрад ці ст.-бел. адсюль. Апрэль у Дуніна–Марцінкевіча — русізм (Шакун, Гісторыя, 215), магчыма, з рускай і апрэль у «Нашай ніве» 1909 (Гіст. мовы, 2, 139). Рускае е замест и з 1405 (Шанскі, 1, А, 132) Сабалеўскі тлумачыць як вынік спачатку графічнага абазначэння ѣ замест и, а потым прачытання яго (Лекции, 85). Такое ж паходжанне, улічваючы цесныя ўкраінска-беларускія пісьмова-моўныя сувязі, мае і ст.-бел. апрель (Гіст. лекс., 122), апрелевый (Булахаў, Працы IM, 7, 147).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)