Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)