скачо́к, ‑чка, м.

1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога‑н. пункта апоры. Зрабіўшы з дзівоснай лёгкасцю некалькі скачкоў, уладар статка апынуўся каля маладога аленя. В. Вольскі. Пад акном мільганула шапка паліцыянта. Скачок цераз плот у густы вішняк, а ззаду крык: — Стой! Стой! С. Александровіч. // Такое перамяшчэнне як від спартыўнага практыкавання. Скачок у даўжыню. Скачок з парашутам. Апорныя скачкі. □ Толькі цяпер Баравік зірнуў на масток, што ўзвышаўся над зямлёй, як сапраўдны трамплін для лыжных скачкоў. Шыцік.

2. Рэзкае змяненне чаго‑н. без паступовага пераходу. Скачок тэмпературы. Скачкі ў настроі.

3. Хуткі пераход з аднаго якаснага стану ў другі. Наша Радзіма пад кіраўніцтвам партыі камуністаў за кароткі гістарычны тэрмін зрабіла гіганцкі скачок ад адсталасці да прагрэсу. «Звязда». Пры ўсёй паступовасці, пераход ад адной формы руху да другой заўсёды застаецца скачком, рашаючым паваротам. Энгельс.

4. Імклівае перамяшчэнне, пераход, што адбываецца ў адзін прыём, без перапынку. За апошнія суткі брыгада зрабіла скачок на поўдзень, і батальёну, у які ўваходзіў танк Раманенкі, была пастаўлена задача: да вечара вызваліць яго роднае сяло. Шамякін.

•••

Зацяжны скачок — скачок з парашутам, пры якім парашут доўга яе раскрываецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.

2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.

3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.

•••

Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.

Хуткая дапамога гл. дапамога.

У хуткім часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зык1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zukкароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́расці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.

1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. □ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.

2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. □ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.

3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. □ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.

4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. □ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.

5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. □ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.

•••

Вырасці на вачах — хутка вырасці.

Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.

Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні, часовае спыненне чаго‑н. Пасля таго як батальён Аляксея выбіў гітлераўцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Мележ. І зноў шалёны тэмп танца, і зноў кароткі прыпынак, і зноў шалёны тэмп. Асіпенка. Дзяўчына скача без прыпынку, Як на патэльню ўзышла. Броўка.

2. Месца, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Прыпынак таксі. □ На Прывакзальнай плошчы было людна: нядаўна, відаць, прыйшоў прыгарадны цягнік, і ад вакзала да трамвайнага прыпынку валам валілі людзі. Адамчык. — Сядайце на першы нумар трамвая, прыпынак ля Дома друку! — бойка адказаў міліцыянер і казырнуў Гашы. Стаховіч. Машына павольна пакацілася да слупа са знакам прыпынку. Янкоўскі. // Разм. Адлегласць паміж двума найбліжэйшымі пунктамі, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. У Мінску Андрэй правёў цётку Марыну да тралейбуса і нават праехаў з ёй два прыпынкі. Скрыпка.

3. Месца, якое можа быць або з’яўляецца прыстанішчам, прытулкам для каго‑н. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. [Кандрат Яцук] уцёк ад крывавых рук, якія шукалі яго — партызанскага бацьку, — не даючы прыпынку ў роднай вёсцы. Брыль.

•••

Знакі прыпынку гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú‑ ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏скакароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тын ‘агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Байк. і Некр., Яруш., ТС), ‘агароджа з калоў’ (Шымк. Собр., Некр. і Байк., Пятк. 1, Ласт.), ‘агароджа як сцяна з бярвенняў’ (маладз., Янк. Мат., П. С.; валож., ЛА, 4, Маш., Варл.), ‘абкладка калодзежа з плашак’ (ТС, Мат. Маг.): тоўстая жанчына не павінна садзіцца на тыну калодзіся (Сержп. Прымхі), тынь ‘агароджа з дошак’ (Нас., Шушк.), ст.-бел. тынъ ‘плот, паркан’, ‘колле, жэрдкі’ (1579 г., ГСБМ). Сюды ж тыно́к ‘плот, тын’ (бярэз., Жыв. НС), ‘частакол’ (Гарэц.), ‘агароджа з тонкіх прутоў’ (Касп.), ‘агароджа з тонкіх яловых кійкоў, якія пераплятаюцца між жэрдак’ (в.-дзв., Шатал.), тъно́к ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тыні́ць ‘абгарадзіць тынам’ (Нас., Юрч.), ‘абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку’ (Юрч.), ты́навы ‘зроблены з частаколу’ (брасл., Сл. ПЗБ), ты́неный ‘абстаўлены драўлянымі плахамі’ (Юрч.). Параўн. укр. тин ‘агароджа’, ‘драўляная абліцоўка ў калодзежы’, рус. тын ‘плот’, стараж.-рус. тынъ ‘агароджа, плот’, ‘сцяна’, ‘аблогавае ўмацаванне’; польск. tyn ‘загарадзь, агароджа’; палаб. (vå)tåin ‘тын’, чэш. týn ‘агароджа’, славац. дыял. týn, týň ‘тычка, лата’, славен. tȉn ‘перагародка’, tȉnj ‘агароджа з дошак, жэрдак’, харв. tȉn, серб. ти̏н ‘перагародка’, чак. tȋnj ‘прасценак’, tinac ‘перагародка з ясеневых прутоў, пакрытая тынкам’, шток. ти̂њ ‘набіўка (напханая сенам, саломай, мякінай) між сцен’, ц.-слав. тынъ ‘перагародка, сцяна’. Прасл. *tynъ ‘жывая агароджа’, першапачаткова ‘густы зараснік’, якое ад *tyti ‘густа расці’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 145–153; ЕСУМ, 5, 568–9). Іншая шырока распаўсюджаная версія паходжання прасл. *tynъ са ст.-герм. tún ‘двор, сад’, ст.-в.-ням. zûn, ням. Zaun ‘плот’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., 1020; Брукнер, 589; Фасмер, 4, 132; Борысь, Czak. stud., 86). Кароткі агляд версій гл. Арол, 4, 126.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Даваць пстрычку (пстрычкі) каму‑н., па чым‑н. У нядзелю .. [Піліп Чаравака] прыкінуўся хворым, ляжаў у спальні і пстрыкаў па кончыку тэрмометра.., «наганяў» тэмпературу. Нядзведскі. // Шчоўкаць, ляскаць (пальцамі). Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха. Колас. Былі моманты, што Паддубны, здавалася, і не чуў, што гаворыць Апанас, падыходзіў да калыскі і бавіўся з дзіцём, — пстрыкаў пальцамі яму перад носікам. Пестрак.

2. Рабіць, утвараць кароткі, рэзкі гук (пра работу некаторых механізмаў). [Бухман] сядзеў і пстрыкаў запальнічкай: агеньчык то загараўся, то патухаў. С. Александровіч. За пераборкай, дзе працавалі майстры, мірна пстрыкалі начнічкі. Корбан.

3. Хутка і лёгка рухацца, пырхаць. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Чорны. Пэўна, там на кожным дрэве птушынае гняздо, і пстрыкаюць з галіны на галіну вавёркі... Марціновіч.

4. Раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь). [Вашыновіч:] — Падкруці, Юлік, агонь у лямпе, вельмі нешта пстрыкаць пачаў. Чорны.

5. перан. Разм. Злавацца, фыркаць, выказваць незадавальненне чым‑н. [Васіліса:] Чуеш, як .. [Наташа] пстрыкае? А чаго, каб хто спытаў? Не бачыла ты гора, мая ты дачушка. Гурскі. — Ты не пстрыкай тут, хлопец, — паглядзеў на Ваську і сур’ёзна гаворыць Коля Ламака. — На пенсію захацеў у такія гады!.. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)