прыпы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні, часовае спыненне чаго‑н. Пасля таго як батальён Аляксея выбіў гітлераўцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Мележ. І зноў шалёны тэмп танца, і зноў кароткі прыпынак, і зноў шалёны тэмп. Асіпенка. Дзяўчына скача без прыпынку, Як на патэльню ўзышла. Броўка.

2. Месца, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Прыпынак таксі. □ На Прывакзальнай плошчы было людна: нядаўна, відаць, прыйшоў прыгарадны цягнік, і ад вакзала да трамвайнага прыпынку валам валілі людзі. Адамчык. — Сядайце на першы нумар трамвая, прыпынак ля Дома друку! — бойка адказаў міліцыянер і казырнуў Гашы. Стаховіч. Машына павольна пакацілася да слупа са знакам прыпынку. Янкоўскі. // Разм. Адлегласць паміж двума найбліжэйшымі пунктамі, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. У Мінску Андрэй правёў цётку Марыну да тралейбуса і нават праехаў з ёй два прыпынкі. Скрыпка.

3. Месца, якое можа быць або з’яўляецца прыстанішчам, прытулкам для каго‑н. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. [Кандрат Яцук] уцёк ад крывавых рук, якія шукалі яго — партызанскага бацьку, — не даючы прыпынку ў роднай вёсцы. Брыль.

•••

Знакі прыпынку гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)