каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.

2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.

3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.

•••

Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.

Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.

Чарапная каробка — тое, што і чэрап.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́па, ‑ы, ж.

Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.

•••

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

ступа́, ы́, ж.

Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Твары́ла1 ’века ў пограбе’ (бых., Рам. 8–9; Мат. Гом.), твары́ло ’дзверы ў склеп’ (Сцяшк.), ’яма для захоўвання бульбы’ (Цых.), сюды ж запазычанае з польскай (Булыка, Лекс. запазыч., 94) ст.-бел. твори́дло ’форма для сыроў’ (1571 г., КГС; Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твори́ло ’скрыня або яма, у якой гасяць вапну’, рус. твори́ло ’вапнярка’, польск. tworzydło ’мяшочак або драўляная форма, у якіх выціскаюць сыры’, ’форма, кшталт’, ’выдзеўбаная адтуліна’, ст.-чэш. trořidlo ’форма для вырабу сыру’, в.-луж. tworidloпасудзіна для тварагу’, славен. torilo ’пасуда для вырабу сыру’, харв. tvòrilo ’драўляная скрынка або абруч (з ліпавага або ясеневага лубу), у які закладваюць сыр, каб надаць яму круглую форму’, ’форма, мадэль’. Прасл. *tvoridlo ’форма для вырабу сыру’ ад *tvoriti ’ствараць, фармаваць’ (Бязлай, 4, 205; гл. тварыць1), што суадносіцца з літ. tvérti ’хапаць, ахопліваць; гарадзіць’, дыял. таксама tveriu ’агароджваю’ і ’раблю сыр’. Зыходнае значэнне ’кораб, скрынка’ пашырана да ’выдзяўбаная (выкапаная) ёмістасць’ і ’каробка, футрына (дзвярэй і пад.)’. Гл. таксама Махэк₂, 662; Шустар-Шэўц, 1565.

Твары́ла2 (твары́ло) ’чалавек, які ўсіх смяшыць, дзівачыць’ (пруж., Чэрн.). Аддзеяслоўны назоўнік ад тварыць ’вырабляць, вытвараць’ (гл. тварыць1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадзь ’вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ (БРС, ТСБМ, Касп., Нік., Оч., П. С., Шат.). Бяссонаў (Бяс.) адзначаў, што словы кадь, кадка ведаюць на Белай Русі. Слова, як можна меркаваць на падставе крыніц, адзначана на цэнтральна-беларускай тэрыторыі і на поўначы, што можа азначаць або архаізм, або запазычанне (у даным выпадку назва магла быць запазычана разам з імпартам рэаліі). Звяртае на сябе ўвагу і невялікая колькасць фіксацый вытворных ад гэтага слова (гл. ніжэй). Слова сустракаецца ва ўсім славянскім свеце: укр. кадь, рус. кадь, польск. kadź, в.-луж. kadź, н.-луж. kaź, славін. kωз, палаб. kod ’калода, на якой трэплюць лён’, чэш. kád і інш., славац. kiad, *käd, серб.-харв. kȃd, славен. kàd ’чан’, макед. када, балг. кода, аднак гэты факт, як падкрэслівае Слаўскі (2, 19), яшчэ не сведчыць аб яго старажытнасці. Спроба славянскай этымалогіі належыць Махэку₂, 234, які параўноўваў слав. kadь з грэч. κηθίς ’урна’ (для галасавання), што не пераконвае па розных прычынах. Звяртае на сябе ўвагу на сутнасці аднароднасць значэнняў слова ў розных мовах і культурны яго характар. Адзначым, што і гісторыя рэаліі сведчыць аб яе пашырэнні ў той час, калі сувязі паміж славянскімі мовамі ўжо не былі цеснымі; найбольш раннімі бандарскімі вырабамі ў славян былі драўляныя вёдры (гл. Sl. staroż. slow., 1, 98–100). Нягледзячы на быццам бы відавочную неабходнасць прыняць папулярную версію аб запазычанні слав. kadь з грэч. (с.-грэч.?) κάδι(ον), хочацца адзначыць, што яна не з’яўляецца фармальна бездакорнай. Грэч. слова лічыцца запазычаным са ст.-яўр. kad ’драўлянае вядро’; κάδι(ον) — памянш. ад κάδος ’бочка, збан, вядро’; ст.-грэч. κάδδοςпасудзіна, пераважна урна для галасавання (у лакедаманян)’, н.-грэч. καδίτό(‑δ‑) і κάδος ’бочка, цэбар, вядро’. Не зусім ясны шлях пранікнення тэрміна ў славянскія мовы. Слаўскі (там жа) мяркуе, што гэта «вандроўнае» слова, якое пранікала праз балканскіх і рускіх славян. Як на паралельны працэс указваюць на пашырэнне слова ў іншых еўрапейскіх мовах: рум. cadǎ, алб. káde ’бочка’, франц. cade ’мера ёмістасці’, англ. cade ’бочка’, аднак крыніцай гэтых слоў з’яўляецца лац. cadus ’збан, бочка’ (з той жа грэч. крыніцы). Трубачоў (Эт. сл., 9, 112–113) звяртае ўвагу, што, нягледзячы на позні культурны характар слова, можна адзначыць старыя па віду вытворныя: *kadьca і *kady/‑ъve. Апошні прыклад, аднак, нельга лічыць сур’ёзным, паколькі рэканструкцыя будуецца толькі на аднойчы зафіксаваным рус. дыял. кадовь ’вялікі чан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр. мі́ра, рус. ме́ра, польск. miara, н.- і в.-луж. měra, чэш. míra, славац. miera, славен. mẹ́ra, серб.-харв. мје̏ра, макед. мера, балг. мяра, ст.-слав. мѣра. Прасл. měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãtas, mãstas, ст.-інд. māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац. mētior ’мераю’, ст.-грэч. μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц. mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ. mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням. meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isan ‘кацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́так1 ‘гурт буйной дамашняй жывёлы’, ‘пагалоўе; быдла; рагатая жывёла’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Арх. Федар., Шымк. Собр., Бяльк., Сержп., Сл. ПЗБ; полацк., Шн. 2), ‘чарада кароў’ (ЛА, 1), ‘буйная рагатая жывёла’ (Нас., Мал.), ‘стада’ (Шат., Касп.), ‘інвентар; стада’ (Др.-Падб.), ‘стада авечак, коз і да т. п.’ (Мядзв.), ‘рухомая маёмасць’, ‘стада жывёлы’ (Федар. 7), ‘пасудзіна’, ста́ток ‘інструмент’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ), ста́ткі толькі мн. л. ‘снасці, прылады, прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), ‘рэшткі, спадкі, спадчына’ (Нас.), ст.-бел. статокъ ‘маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон; Сташайтэне, Абстр. лекс., 161), ‘буйная рагатая жывёла’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́ток ‘статак’, рус. ста́ток ‘дастатак; маёмасць’, зах. ‘жывёла’, польск. statek ‘рухомая маёмасць; жывы інвентар’, дыял. ‘быдла, хатняя жывёла’, н.-луж. statk ‘прадпрыемства; дзеянне; справа’, чэш. statek ‘маёмасць, рэчы’, дыял. ‘буйная рагатая жывёла’, славац. statok ‘тс’. Прасл. дыял. *statъkъ, дэрыват ад *stati ‘стаць’ з суф. ‑ъkъ. Гл. Махэк₂, 675; Фасмер, 3, 745. Шустар-Шэўц (1356–1357) мяркуе, што *statъkъ утворана ад праславянскага назоўніка *statь (параўн. стаць2, постаць, гл.; рус. стать ‘пастава’) з суф. ‑ъkъ; Борысь (576) выводзіць ад прасл. *statъ < *stati. Ст.-бел. статокъ ‘рэчы, маёмасць’ Булыка (Лекс. запазыч., 78) лічыць паланізмам, што, ведаць, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі. Пажарная бочка. □ У газеце .. [Малькевіча] назвалі «шашалем» за тое, што зводзіў калгасныя лясы на бочкі, цабэркі, ражкі і збываў гэты тавар тым жа калгасам па дарагой цане. Дуброўскі.

2. Руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 500 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы. Бочка аўса.

3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.

•••

Ад усіх бочак затычка гл. затычка.

Бочка з порахам — пра напружаныя адносіны паміж кім‑н., якія пагражаюць выліцца ў сутычку, вайну.

Бяздонная бочка — а) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе; б) пра таго, хто можа многа выпіць спіртнога і не ап’янець.

Нясе як з бочкі — моцна чуваць пах гарэлкі, віна ад чалавека, які выпіў.

Сорак бочак арыштантаў (нагаварыць) — шмат неверагодных гісторый расказаць.

Як у бочку (кашляць, гаварыць і пад.) — кашляць (гаварыць) глухім голасам, падобным на гук сказанага ў бочку.

Як у бочку (ліць) — многа піць і не п’янець.

Як у бочцы селядцоў гл. селядзец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.

2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.

3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.

4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.

5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.

•••

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)