Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнік ’гандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́са ’злакавая культура, Panicum miliaceum L.’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Бес., Сл. ПЗБ), прасцэ́ ’тс’ (Ян.). Рус., укр. про́со, ц.-слав. просо, польск., в.-луж., чэш., славац. proso, н.-луж. pšoso, палаб. prüsü, серб.-харв. про̏со, славен. prosó, балг. npócó, макед. просо. Пэўнай этымалогіі слова няма, паколькі адсутнічаюць надзейныя роднасныя формы. Параўноўвалі перш за ўсё са ст.-прус. prassan ’проса’, але яно, магчыма, было запазычана з польскай, гл. Фасмер, 3, 378. Параўноўваюць таксама (Голуб-Копечны, 295) з лац. pressī, premō ’ціснуць’, г. зн. *proso першапачаткова ’расціснутае зерне’, але гэта паралель адхіляецца на той падставе, што лацінскае слова ніколі не мела значэння ’таўчы зерне’ (параўн. Нідэрман, Зб. Развадоўскаму, 1, 112 і наст.). Фасмер (там жа) лічыць магчымым падтрымаць параўнанне з грэч. περκνός ’стракаты’, ст.-інд. pŕ̥çnis ’тс’, ст.-в.-ням. forhana ’фарэль’; г. зн. першапачаткова ’стракатае, плямістае’. Пра магчымую сувязь з і.-е. *pro‑sə ’пасеў’ (гл. сеяць), што, відаць, адлюстравана ў сваеасаблівай figura etymologica, параўн. з народнай песні: а мы проса сеялі, сеялі; серб. Јелисје просо сије, гл. Лома, Огледна св., 65–66. Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 378–379; Шустар-Шэўц, 2, 1151; Скок, 3, 52; Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 767. Гл. яшчэ просяніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калавора́т ’глыбокае месца ў рацэ, вір’ (жытк., Яшк.). Рус. пск. коловорот ’вір’, польск. kołowrót ’тс’, серб.-харв. ко̏ловрат ’тс’. Прасл. злучэнне kolo‑vortь (гл. кола і вярцець). Слаўскі (2, 372) мяркуе, што ў польск. мове значэнне ’вір’ (адзначала ўжо ў Ліндэ) з’яўляецца пераносным, думаецца, што гэта не так і прасл. лексема разам з тэрміналагічнымі значэннямі магла мець паралельную семему ’вір’, незалежную ад тэхнічных: пра гэта гаворыць, у прыватнасці, шырокі спектр значэнняў у слав. мовах разглядаемага слова, якія. натуральна, сведчаць аб полісемантычным яго характары. Параўн. калаўротак (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)