Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́прык ’невялікі, малы’ (карэліц., Сл. ПЗБ), поўпрык ’малое дзіця’ (Скарбы), ’надуты, упарты хлопец, непаседа’ (Некр.). Няясна. Калі за зыходную прыняць форму поўпрык, то з улікам лінгвагеаграфіі слова можна параўнаць з паўпурык, паўпурак ’мера вагі’ (ЭСБМ, 8, 227), што звязана з літуанізмам пур (гл.); тады поўпрык > попрык ’той, хто мала важыць’. Аднак пры гэтым нельга, відаць, разглядаць асобна ад поўпрыца ’пупышка’ (гл.), што дазваляе звязваць названыя словы з назвай дэталі ў жорнах або млыне, параўн. ст.-бел. полприца < польск. paprzyca ’частка ў млыне, жорнах’ (з XVI ст.) (Булыка, Запазыч., 236). Гл. паўпрыца. Дадатковым аргументам можа быць падабенства семантыкі ў літ. pumpurė ’паўпрыца’ і pumpuras ’пупышка’, а таксама выраі як поўпрык перакідаецца (Цых.), што перадае характэрныя рухі дэталі, параўн. балг. прьприца, пьрплица. пъпрыщи чэш. papřice, серб. прприца, папрыцы, сярод значэнняў якіх і ’юда, вяртушка’ ці ’вяртун, непаседа, бутуз, карапуз: той, што паўсюль лезе, круціцца’, што выводзяцца з гукапераймання (Брукнер, 394; БЕР, 6, 825). Тады поўпрык, попрык — утварэнне м. р. ад першаснага слова ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пень, пэнь ’ніжняя частка ствала спілаванага або зламанага дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’бервяно’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), ’дрэва наогул’ (чэрв., барыс., Сл. ПЗБ), ’куча галля, ламачча’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’смаляны пень на падпал; хлыст дрэва’, ’пень с карэннем; шышак’: пень, апенак, ’цвёрдая частка пяра; адросткі пер’яў’, пе́нне, пення ’адросткі пер’яў’ (Сл. ПЗБ), пень ’вулей, калода’ (Скарбы), ’калодачны вулей’ (Нікан., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’ляжачы вулей’ (ЛА, 1), ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (мін., лаг., Шатал.), сюды ж пеньчужо́к ’аб’едзенае жукамі сцябло бульбы’ (Сл. ПЗБ), ’някемлівы, нездагадлівы’ (міёр., З нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Нас.): параўн. укр. пень, рус. пень, польск. pień, н.- і в.-луж. pjeńk, чэш., славац. peň, славен. pẹ̑nj, pȃnj, серб.-харв. па̑њ, макед. пен, балг. пън. Прасл. *pьnʼь, роднаснае з літ. pínas ’галіна’, ст.-інд. pínāka‑ ’кій’, ст.-грэч. πίνας ’бервяно, дошка’, ст.-в.-ням. witu‑vîna, ст.-н.-ням. vîne ’куча дроў’ (Фасмер, 3, 233; Бязлай, 3, 7–8; Махэк₂, 443; Покарны, 830).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́хаць ’рохкаць’ (Нас., Др.-Падб., Юрч., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Гарэц., Скарбы; мядз., Нар. сл.; Мат. Гом.), ро́хкаты ’тс’ (стол. Нар. лекс.), ро́хкаць ’утвараць гукі «рох-рох» (пра парасят, свіней)’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Сцяшк., Гарэц., Бес., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), ’ціха рохкаць’ (паўн.-, паўд.- і крайні ўсход Беларусі, ЛА, 1), рёхыцца, рёхыць ’рохкаць’ (Юрч.), ро́хнуць ’буркнуць’ (мядз., астрав., Сл. ПЗБ), ро́хканне, рёхыньня ’рохканне’ (Байк. і Некр.; Юрч.), ро́хот ’тс’ (ТС), рёх! — пра рохканне (мсцісл., Нар. лекс.), ро́хля ’свіння’ (ПСл.). Укр. рох! — пра рохканне, ро́ха ’свіння’, ро́хкати ’рохкаць’, рус. зах. і паўд. ро́хать, ро́хкать ’рохкаць’, ’моцна храпець’ (Даль); у заходніх і паўднёваславянскіх мовах — з пачатковым г/х/к: польск. chrząkać ’рохкаць’, ’пакашліваць’, н.-луж. chrjochaś ’рохкаць’, ’храпці’, ’сапці’, в.-луж. chrjachać ’кашляць’, чэш. chrochtat, hrochati ’рохкаць’, славац. krochkať ’тс’, славен. gróhati ’тс’, харв. gróktati, hrȍcati, серб. гро̀кта́ти, ро́ктати, ’рохкаць’, балг. грухтя́ ’тс’. Гукапераймальнае слова. Параўн. таксама ням. grunzen ’рохкаць’, ’бурчэць сабе пад нос’ (Праабражэнскі, 2, 217). Гл. таксама прасл. *groxati (ЭССЯ, 7, 134).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́жань ’старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер’, ’прылада да абмервання зямельных участкаў’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк., Янк., Мат. Гом.), ’старая мера дроў’ (Скарбы, Колас), са́жэнь ’сажань’ (ТС). Ст.-бел. сажень ’адзінка вымярэння даўжыні’. Рус. са́жень ж. р., укр. са́жень м. р., ст.-рус. сажень, сѧжень, сербск.-ц.-слав. сѧжень, польск. sążeń, в.-луж. sažeń, н.-луж. sežań, sćežań, ст.-чэш. sažež, чэш. sáh, славац. siaha, серб.-харв. се̏жа̑њ, славен. sé̻ženj ’сажань’. Прасл. *sęženь утворана ад прасл. *sęgati (гл. сягаць), дыял. прасл. *sęžanь (*sęg‑ěnь), гл. SP, 1, 125, з першасным значэннем ’мера даўжыні ад пальцаў адной да пальцаў другой распрасцёртых рук’ (Міклашыч, 291; Брукнер, KZ, 46, 234; Праабражэнскі, 2, 244; Махэк₂, 535). Фасмер, 3, 545 адхіляе рэканструкцыю Міккалы (LF, 8, 302) прасл. *sogeni‑ і параўнанне з літ. síeksnis ’сажань’, улічваючы ст.-рус. і інш. слав. формы. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1271; Борысь, 540.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трындзе́ць ‘многа гаварыць аб чымсьці нязначным; хлусіць’ (Мілк. Сл., Аляхн.), трындзе́ць, трындзі́ць ‘вярзці, гаварыць глупствы’ (Васільковая сп., Вушац. сл.), трындзі́ць ‘хутка гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), ‘вярзці’ (слонім., Жыв. НС), трындзі́ць, тырындзі́ць ‘пустасловіць, гаварыць абы-што’ (Скарбы), трыньді́ты ‘многа гаварыць, балбатаць’ (Клундук), сюды ж дэвербатывы трында́ ‘пустамалот, балбатун’, ‘балбатлівы чалавек’ (там жа), тры́нда ‘хлус, падманшчык’ (Аляхн.). Параўн. укр. дыял. три́ндати ‘трасці адзенне на сабе, ісці трасучыся’, рус. тры́ндить ‘гаварыць, навязліва паўтараць, балбатаць; распускаць плёткі’, польск. дыял. tryndać ‘круціцца, не сядзець на месцы, блытацца пад нагамі’, каш. trińdać ‘таптаць’, ‘збіваць масла’. Утворана на базе гукапераймальнага тры́нды (прыпеў), параўн.: Tryndy baba, tryndy dzied, / Zdochla baba, zdochnie dzied! (Федар., 6, 64), гл. трынды, трынды-рынды. Параўн. меркаванне пра паралельныя «звонкія» варыянты дрындаць (гл. дрындушка), польск. dryndać ‘цягнуцца, трасціся на возе’, славац. дыял. drindať ‘бегчы, тупацець’ (SEK, 5, 169). Гл. Брукнер, 99 (памылкова звязвае з tryny ‘апілкі’), ЕСУМ, 5, 639; Арол, 4, 110. Параўн. таксама трандзіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лькі1, ту́лько, ту́ко ‘толькі’ (бяроз., Сл. ПЗБ; валок., ЛА, 5, Скарбы), ту͡олʼко ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тулько (1553 г., ГСБМ). Да то́лькі (гл.). Мена о > у (або ў дыфтонг ці закрытае о̂) у закрытых складах магла адбывацца пад уплывам польскай мовы (Карскі 1, 117–123, асабліва с. 121). Беларускаму прыслоўю (без *‑l‑) ту́ко з абмежаваным значэннем адпавядаюць: укр. ті́ки, ті́ко, рус. то́ко, то́коли, макед. туку, балг. току́, токо ‘тс’. Сюды ж ту́лечкі ‘толечкі’ (Мат. Гом.).

Ту́лькі2, ту́лько ‘столькі’ (пруж., Сл. ПЗБ), ту́лько, ту́лькі ‘тс’ (зах.-пал., ЛА, 5). Лексемы, аформленыя ў адпаведнасці з рэфлексамі закрытага о̂ на гэтай тэрыторыі, магчыма, працягваюць стараж.-рус. толико ‘тс’, якое ўжывалася без с‑ (што надае значэнне ‘прыблізнасці’), утвораны ад займеннікавай асновы *to шляхам дадавання да яе часціцы *li (яшчэ ў даславянскі перыяд — ESSJ SG, 2, 675 і 681), параўн. паралель з літ. tõlei ‘да таго часу, аж / пакуль’, і пашыраныя часціцай *‑ko (ужо пасля распаду праславянскага адзінства). Гл. толькі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)