Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.
Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.
1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас.АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.
2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).