Со́пка1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ла1 ’века ў пограбе’ (бых., Рам. 8–9; Мат. Гом.), твары́ло ’дзверы ў склеп’ (Сцяшк.), ’яма для захоўвання бульбы’ (Цых.), сюды ж запазычанае з польскай (Булыка, Лекс. запазыч., 94) ст.-бел. твори́дло ’форма для сыроў’ (1571 г., КГС; Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твори́ло ’скрыня або яма, у якой гасяць вапну’, рус. твори́ло ’вапнярка’, польск. tworzydło ’мяшочак або драўляная форма, у якіх выціскаюць сыры’, ’форма, кшталт’, ’выдзеўбаная адтуліна’, ст.-чэш. trořidlo ’форма для вырабу сыру’, в.-луж. tworidlo ’пасудзіна для тварагу’, славен. torilo ’пасуда для вырабу сыру’, харв. tvòrilo ’драўляная скрынка або абруч (з ліпавага або ясеневага лубу), у які закладваюць сыр, каб надаць яму круглую форму’, ’форма, мадэль’. Прасл. *tvoridlo ’форма для вырабу сыру’ ад *tvoriti ’ствараць, фармаваць’ (Бязлай, 4, 205; гл. тварыць1), што суадносіцца з літ. tvérti ’хапаць, ахопліваць; гарадзіць’, дыял. таксама tveriu ’агароджваю’ і ’раблю сыр’. Зыходнае значэнне ’кораб, скрынка’ пашырана да ’выдзяўбаная (выкапаная) ёмістасць’ і ’каробка, футрына (дзвярэй і пад.)’. Гл. таксама Махэк₂, 662; Шустар-Шэўц, 1565.

Твары́ла2 (твары́ло) ’чалавек, які ўсіх смяшыць, дзівачыць’ (пруж., Чэрн.). Аддзеяслоўны назоўнік ад тварыць ’вырабляць, вытвараць’ (гл. тварыць1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́ ’вага́; ва́гі; лоўкасць, сіла; важнасць’ (Шн. Песні, КЭС). Агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. wâga, н.-в.-ням. Wage ’вагі’. Гэта пашыраная версія выклікае, аднак, сумненне, паколькі для запазычання са ст.-в.-ням. зашырокі арэал распаўсюджання слова ў славянскіх мовах, параўн. рус. вага, укр. вага, польск. waga, в.-луж. waha, н.-луж. waga, чэш. váha, славац. váha, макед. вага, серб.-харв. ва́гаты ’ўзважваць’. Да ўсходніх славян слова прыйшло, відаць, праз польскую мову (Фасмер, 1, 263) разам з шэрагам новаўтварэнняў на польскай глебе і польскіх ка́лек нямецкіх слоў (Брукнер, 598–599). На беларускай глебе зараз суіснуюць шматлікія словы з гэтым коранем, але рознага паходжання — запазычанні, калькі, уласнабеларускія ўтварэнні і інш.: важыць, адвага, раўнавага, разважлівы, вагар, важкі, важны, падвага, стальвага і інш. Запазычаннем з польск. (і далей са ст.-в.-ням.) лічыў бел. вага Карскі (Труды, 310; Белорусы, 151). Гісторыю слова гл. Булыка, БЛ, 11, 73–74. Параўн. Міклашыч, 374; Уленбек, AfslPh, 15, 492; Кіпарскі, Gemeinsl., 267; Праабражэнскі, 1, 99–100; Гараеў, 37; Клюге, 393; Фік-Торп, 383; Махэк₂, 674; Голуб-Ліер, 500; Шанскі, 1, В, 5; Рудніцкі, 1, 288–289; Скок, 3, 558–559; Кюнэ, Poln., 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намёт1 ’вельмі тонкае палатно ў два ніты з каляровымі палоскамі па баках’ (докш., Янк. Мат.), ’абрадавы ручнік (даматаны’) (ветк., Мат. Гом.; чэрв., Сл. ПЗБ), кавалак тонкага кужэльнага палатна, які жанчыны абмотвалі вакол галавы’ (чэрв., пухав., калінк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. наметь (XVI–XVII стст.) ’шацёр’, укр. намет, наміт ’шацёр, палатка’, рус. намёт ’сховішча, навес, шацёр’, польск. namiot ’палатка, шацёр, полаг’. Старабеларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Жураўскі, SOr, 1961, 1, 40); адносна абрадавага ручніка і накрыцця галавы замужніх жанчын гэта меркаванне цяжка было б прыняць, паколькі ў польск. мове для слова namiot такіх значэнняў не фіксуецца. Фасмер (3, 41) прымае самастойнае развіццё ад на і метать, аспрэчваючы больш раннюю этымалогію, якая выводзіць усходнеславянскае і польскае слова ў значэнні ’шацёр’ з іран., афган, namd ’лямец’. Літ. nuometas ’накрыццё галавы з тонкага палатна’. Буга (Rinkt., 2, 502) лічыць запазычаннем з усходнеславянскіх моў. Пра магчымасць самастойнага ўтварэння слова намёт сведчыць наяўнасць аманімічных форм ад мятаць, напр., намёт ’кошык на рыбу’ (Бяльк.), ’падатак’ (Нас.), рус. намёт ’паветка’, ’капна’ і інш. Гл. наметка і.

Намёт2 ’гурба, сумёт’ (Юрч. СНС), рус. намёт ’тс’. Да мнеці (гл.), намятиць, параўн. таксама на́мець ’тс’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атла́с1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёпка1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́хта1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хта ’від спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́са ’злакавая культура, Panicum miliaceum L.’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Бес., Сл. ПЗБ), прасцэ́ ’тс’ (Ян.). Рус., укр. про́со, ц.-слав. просо, польск., в.-луж., чэш., славац. proso, н.-луж. pšoso, палаб. prüsü, серб.-харв. про̏со, славен. prosó, балг. npócó, макед. просо. Пэўнай этымалогіі слова няма, паколькі адсутнічаюць надзейныя роднасныя формы. Параўноўвалі перш за ўсё са ст.-прус. prassan ’проса’, але яно, магчыма, было запазычана з польскай, гл. Фасмер, 3, 378. Параўноўваюць таксама (Голуб-Копечны, 295) з лац. pressī, premō ’ціснуць’, г. зн. *proso першапачаткова ’расціснутае зерне’, але гэта паралель адхіляецца на той падставе, што лацінскае слова ніколі не мела значэння ’таўчы зерне’ (параўн. Нідэрман, Зб. Развадоўскаму, 1, 112 і наст.). Фасмер (там жа) лічыць магчымым падтрымаць параўнанне з грэч. περκνός ’стракаты’, ст.-інд. pŕ̥çnis ’тс’, ст.-в.-ням. forhana ’фарэль’; г. зн. першапачаткова ’стракатае, плямістае’. Пра магчымую сувязь з і.-е. *pro‑sə ’пасеў’ (гл. сеяць), што, відаць, адлюстравана ў сваеасаблівай figura etymologica, параўн. з народнай песні: а мы проса сеялі, сеялі; серб. Јелисје просо сије, гл. Лома, Огледна св., 65–66. Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 378–379; Шустар-Шэўц, 2, 1151; Скок, 3, 52; Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 767. Гл. яшчэ просяніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)