заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.

2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.

3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.

•••

Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.

Прымусіць упасці; абярнуць. Паваліў вецер плот. □ Накінуліся жа[ў]неры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючы паваліць іх з разгону. Лынькоў. // безас. Прымусіць нахіліцца, нахіліць. Пры віражы самалёта пасажыраў паваліла набок. // Разм. Высечы, спілаваць (пра лес, дрэвы і пад.). [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. Ермаловіч.

павалі́ць 2, ‑валіць; зак.

Пайсці натоўпам, патокам. Адчыніліся дзверы, і ўслед за гарманістам у клуб з прыпеўкамі, гоманам і смехам паваліла моладзь. Дуброўскі. Нарэшце скончылася першая змена, і рабочы люд паваліў з цэхаў у прахадную. Сабаленка. // Пачаць часта хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н. з якой‑н. мэтай — пра многіх. Да Настасі Палікарпаўны павалілі заказчыцы ажно з другога канца горада. Шахавец. // Пачаць ісці густой масай (пра снег, дым і пад.). На хату з пячуркі паваліла густая пара. Галавач. Паваліў мяккі ціхі снег, і чарнату вечара як бы хто прафастрыгаваў белымі ніткамі. Сабаленка.

павалі́ць 3, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Зваліць усё, многае (шэрсць, воўну). Паваліць усю воўну.

2. і без дап. Валіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

1. Выражае прасторавыя адносіны, указвае месца ці прадмет, да якіх скіравана дзеянне.

Плысці да берага.

2. Ужыв. для абазначэння мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад.

Падкасаць штаны да каленяў.

3. Ужыв. для абазначэння велічыні, памеру чаго-н.

Барада да пояса.

Кажух да пят.

4. Паказвае на час, да якога адбываецца дзеянне.

Працаваць ад раніцы да вечара.

5. Ужыв. для падкрэслівання такой падзеі, якая адбылася раней чаго-н. іншага.

У кансерваторыю паступіў да прызыву ў армію.

6. Ужыв. для вызначэння ступені якасці, якой дасягае дзеянне, стан.

Крычаць да знямогі.

Надраіць да бляску.

7. Ужыв. для ўказання на прадмет, асобу, на якую накіравана дзеянне.

Сватацца да дзяўчыны.

Дакрануцца да шафы.

У мяне да цябе справа ёсць.

Рыхтавацца да экзаменаў.

Імкнуцца да новых поспехаў.

8. Ужыв. для вызначэння прыгоднасці да чаго-н.

Здатны да музыкі.

Спрытны да працы.

9. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, да якіх ёсць патрэба, зацікаўленасць, схільнасць.

Аматар да танцаў.

Цяга да спорту.

10. Ужыв. для выражэння адносін да каго-, чаго-н.

Павага да старэйшых.

Нянавісць да акупантаў.

11. Ужыв. для абазначэння падабенства, блізкасці да каго-, чаго-н.

Падобны да бацькі.

12. Ужыв. для паказання паўнаты колькаснага ахопу каго-, чаго-н.

Фільм зацікавіў усіх — ад малога да старога.

Разлічыцца да капейкі.

13. Ужыв. для выражэння прыблізнай колькасці чаго-н.

Зала змяшчае да васьмісот чалавек.

14. У спалучэнні з прыназ. «ад» і другім лічэбнікам ужыв. для абазначэння абмежавальных велічынь чаго-н.

Дзеці ад трох да пяці гадоў.

15. Ужыв. ў выразе пры развітанні.

Да пабачэння.

Да новых сустрэч.

16. Ужыв. ў пачатку загалоўкаў навуковых артыкулаў, даследчых прац.

Да пытання аб паходжанні мовы.

Да пытання аб электрадынаміцы цел, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сак1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нядо́бры, ‑ая, ‑ае.

1. Які непрыязна, варожа адносіцца да ўсіх; злосны. [Лясніцкі:] — Значыцца, сям’я ў цябе надзейная? За старога адказаў Прыборны: — Як бачыш... Жонка толькі ў яго злая. Нядобрая баба, неразумная. Шамякін. // Які выражае непрыязнасць, недружалюбнасць. Нядобрая ўсмешка. □ Лундзін насцярожваецца, у вачах яго загараюцца нядобрыя агеньчыкі. Палтаран. // Заснаваны на непрыязнасць непрыхільнасці. Нядобрыя намеры.

2. Які нясе ў сабе або прарочыць няўдачу, няшчасце, бяду. Нядобрыя весці. □ Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі? Багдановіч. Прылёг... А пушча прыглушана вые, З гушчару вее трывогай нядобрай. Панчанка. / у знач. наз. нядо́брае, ‑ага, н. [Нічыпар:] Чуе маё сэрца — нядобрае здарыцца ў гэтую ноч... Кучар. // Змрочны, цяжкі. Раніцаю ўсё для Карніцкага здавалася нейкім нядобрым сном. Паслядовіч.

3. Які няславіць, ганьбіць каго‑н.; дрэнны, заганны ў маральным плане. [Гаспадар:] — Я за табой, Ларывон Якаўлевіч, даўно заўважаю адну нядобрую якасць: падхалімнічаеш ты, брат, часам. Шамякін.

4. Варты дрэннай ацэнкі; не такі, якім павінен быць. Нядобры тавар. □ [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч.

5. Благі, непрыемны. Зірнуўшы на прэзідыум, Пракоп запыніўся на старшыні: ясна было відаць, што прамова Ганчара нядобрае зрабіла на яго ўражанне. Колас.

•••

Глядзець нядобрым вокам гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.

Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.

раі́цца, раі́цца; незак.

1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.

3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. пабі; зак., каго-што.

1. Разбіць на кавалкі, часткі. Пабіць талерку. // Разбіць усё, многае. Пабіць пасуду.

2. Забіць, перабіць усіх, многіх. [Дзед:] — Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў... Лынькоў. // Знішчыць, пашкодзіць пасевы, расліны градам, марозам. Град пабіў жыта. Рунь пабілі марозы.

3. Перамагчы ворага. [Алена:] — У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў. Колас. // Перамагчы ў спаборніцтве, спрэчцы, дыспуце і пад.

4. Нанесці пабоі; збіць. На сэрцы [у Маі] цяжка, нават балела цела, нібы яе пабілі. Дуброўскі. // Пашкодзіць ударам (якую‑н. частку цела). Пабіць бок. □ Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас.

5. Сапсаваць, пашкодзіць (пра воспу, моль і пад.). Моль пабіла паліто. Воспа пабіла твар.

6. Разм. Раздзяліць, падзяліць на якія‑н. часткі. Пабіць поле на агароды. Пабіць кругляк на клёпкі.

7. З’явіцца, узнікнуць; усыпаць. Кусцістыя бровы генерала пабіла сівізна. Алешка. // безас. Пакрыцца плямамі. У яго [Светазара] ажно твар на плямы пабіла. Ракітны.

8. У картачнай гульні — пакрыць карту партнёра старшай картай. — А твайго валеціка я паб’ю сваёю дамачкай, — весела сказаў Глеб. Васілёнак.

•••

Пабіць рэкорд — устанавіць новы рэкорд, новыя нормы. Вось хвілінай раней перадавалі, што ўкраінскія сталявары пабілі сусветны рэкорд па выплаўцы сталі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. чым і без дап. Вылучаць, распаўсюджваць які‑н. пах. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль. Рукі пахнуць зярнятамі, Што высяваў, Ці снапамі, нажатымі У часе жніва. Арочка. Пасля летняга цёплага дажджу каралінская вуліца пахне кветкамі і духмянай мятай. Сабаленка. / у безас. ужыв. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У паветры пахла сенам, грыбамі. С. Александровіч.

2. перан.; чым. Разм. Мець прыкметы або рысы чаго‑н. [Багуцкі:] — Я даўно заўважыў яго злачынную работу, якая пахла нічым іншым, як звычайнай дыверсіяй. Лынькоў. / у безас. ужыв. Раптам .. [Міхал Тварыцкі] убачыў грошы. Гэта быў ужо не трохсотрублёвы пачак. Тут пахла ўжо не сотнямі, а тысячамі. Чорны.

3. перан.; чым. Разм. Сведчыць пра набліжэнне чаго‑н., магчымасць чаго‑н. — Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін. Караткевіч. — Вось што, сынок, — Еўдакім узяў Юрку за плячо. — Бяжы да старшыні, скажы, што госці завіталі. А я сачыць за імі буду. Тут нечым нядобрым пахне... Курто. / у безас. ужыв. З дахаў звісаюць доўгія ледзя[ш]ы капяжу. Пахне вясной. Асіпенка.

•••

Грошы не пахнуць гл. грошы.

Зямлёю пахнуць — быць блізкім да смерці (пра вельмі хворага, пра зусім старога чалавека).

І не пахне чым‑н. — няма і не прадугледжваецца з’яўлення, наступлення чаго‑н.

Порахам пахне — пагражае вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)