павалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.

Прымусіць упасці; абярнуць. Паваліў вецер плот. □ Накінуліся жа[ў]неры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючы паваліць іх з разгону. Лынькоў. // безас. Прымусіць нахіліцца, нахіліць. Пры віражы самалёта пасажыраў паваліла набок. // Разм. Высечы, спілаваць (пра лес, дрэвы і пад.). [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. Ермаловіч.

павалі́ць 2, ‑валіць; зак.

Пайсці натоўпам, патокам. Адчыніліся дзверы, і ўслед за гарманістам у клуб з прыпеўкамі, гоманам і смехам паваліла моладзь. Дуброўскі. Нарэшце скончылася першая змена, і рабочы люд паваліў з цэхаў у прахадную. Сабаленка. // Пачаць часта хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н. з якой‑н. мэтай — пра многіх. Да Настасі Палікарпаўны павалілі заказчыцы ажно з другога канца горада. Шахавец. // Пачаць ісці густой масай (пра снег, дым і пад.). На хату з пячуркі паваліла густая пара. Галавач. Паваліў мяккі ціхі снег, і чарнату вечара як бы хто прафастрыгаваў белымі ніткамі. Сабаленка.

павалі́ць 3, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Зваліць усё, многае (шэрсць, воўну). Паваліць усю воўну.

2. і без дап. Валіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)