Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус. осётр, осётер, осете́р, укр. осете́р, осе́тр, польск. jesiotr, паморск. i̯asotär, i̯esotär, в.-луж. jasotr, н.-луж. jesotr, чэш., славац. jesètr, балг., макед. есетра, серб.-харв. јѐсетра, славен. jesèter, ст.-рус. осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел. асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус. ešketras ’асетр’, ст.-літ. ešketras ’кіт’, літ. eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ. asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав. *ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц. esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац. excetra ’змяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мул 1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љ (з му̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул 2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​u̯hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма 1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма 2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах 1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма 2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма 1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́пел, пу́пёл ’патаўшчэнне ніткі пры прадзенні, сукаратка’ (талач., Шатал.; чэрв., Сл. ПЗБ), путы ’адходы пры прадзенні’ (круп., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), пу́пёл ’галоўка, кветка (расліны)’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’ножка плада’ (Варл.), ’маленькі агурок, у якога адпала кветка’ (Жд. 2), пу́пель ’маленькі трактар’, пу́ты ’малеча, дзецярня’ (Касп.), сюды ж пу́тік ’нешта малое, падобнае да шарыка’, перан. ’пра недарослую дробную бульбу’ (Янк. 1), ’гузік у кажусе; пупок, выступ, пампон; раменьчык на накрыўцы, каб адчыняць яе’ (ТС; палес., З нар. сл.; жытк., рагач., Мат. Гом.), ’пупышка; галоўка, кветка, бутон; завязь агуркоў’ (хойн., карм., ветк., рагач., чач., Мат. Гом.), пупёлачкі, пупёлашкі ’маленькія, недаразвітыя плады, завязь’ (дзісн., Шн. 3; Юрч. Фраз. 1), параўн. рус. смал. пу́пел ’чалавек невялікага росту; маленькі грыб’, польск. pępel, pąpel, pqpyl ’пухір’, балг. пу́пял, пу́тек ’дзікі мак’, пу́пляк ’цурачка; малы чалавек’, пу́пля ’малое пузатае дзіця’, серб.-харв. дыял. пупу́/ька, пупо/ьак ’выступ на прадметах; гузічак або раменьчык, за які трымаюцца’, макед. пупулец ’пупышка, бутон’. Усё да прасл. *pǫpъ (гл. пуп); магчыма рэканструкцыя прасл. *pǫpьl 1, аднак, можна дапусціць самастойнае словаўтварэнне і семантычнае развіццё для розных славянскіх моў, што, насуперак Фасмеру, 408 (< літ. pamplys ’маларослы, карапуз’), Лаўчутэ, Балтизмы, 56, 126 (< літ. puplys ’надуты, з вялікім жыватом’, pupulis ’маленькае дзіця’, ’патоўшчанае месца ў нітцы пры прадзенні’), не дае падстаў гаварыць пра запазычанне. Пра жывыя словаўтваральныя працэсы сведчыць пуп або пупёл “дрэвападобныя пруточкі, якімі садавіна прымацавала да галінкі”: dzieci abirali višni z pupami (Варл.), а таксама літ. pupos ’боб’, мн. л. pupelės ’фасоля’, зафіксаваныя яшчэ ў “Пастыллі” Даўкшы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр. пчола́, бджола́, рус. пчела́, польск. pszczoła, в.-луж. pčoła, н.-луж. coła, чэш., славац. včela, серб.-харв. пчѐла, чѐла, славен. čẹ̑la, балг. пчела́, макед. пчела, ст.-слав. бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл. *bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́ць ’гудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл. *bьčela < і.-е. *bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл. bech, літ. bìtė, ст.-в.-ням. bini, швед. bi, англ. bee ’пчала’, лац. fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск. pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск. pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэз 1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зка ’пілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз 2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз 3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз 4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз 2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяць 1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць 1 мае агульнае паходжанне са сцяць 2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць 2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧ ’згусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (sę), *stinati (sę) ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапе́за 1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск. дыял. trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ. trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус. дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ. drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат. drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен. trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).

Трапе́за 2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав. трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч. τράπεζα, якое са ст.-грэч. τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч. τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2–3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)