Стэрх ‘белы журавель, які водзіцца ў тундры і лесатундры’ (ТСБМ). З рус. стерк, стерх ‘тс’; слова ўсходне-паўднёваславянскае, параўн. яшчэ рус. сте́рех, стёрха ‘тс’, укр. стерх ‘чорны бусел’, стараж.-рус. стеркъ, стьркъ ‘бусел’, серб.-харв. штр̑к, славен. štȓk, балг. стрък, штрък ‘тс’, ст.-слав. стрькъ ‘лебедзь’. ЕСУМ (5, 413) узнаўляе прасл. *st(ь)rkъ, якое, відаць, роднаснае лат. stirka ‘даўганогая істота; дзяўчынка з доўгімі нагамі’, stirkle ‘даўганогая аўца’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1073); далей — з пашырэннем ‑g‑: ст.-в.-ням. Storah ‘бусел’, ст.-ісл. storkr; з іншай ступенню чаргавання галосных: ст.-ісл. starkr ‘моцны, здаровы’. Кіпарскі (Gemeinslav., 162) і інш. набліжаюць да тарчаць, рус. сторчать (гл. сторч). Высоўвалася таксама версія аб запазычанні з германскіх моў, супраць чаго Фасмер (3, 758 з літ-рай, які адзначае, што тады застаецца няясным ‑ьr‑ (‑er‑); неабгрунтаванай застаецца і думка аб зваротным напрамку запазычання — з славянскіх моў у германскія (Сабалеўскі, ЖМНП, 1911, май, 165). Гл. яшчэ Міклашыч, 322; Младэнаў, 698; Матцэнаўэр, Cizí sl., 314; спецыяльна Клепікава, ВСЯ, 5, 163–164; Сной₁ (648: да і.-е. *(s)terk/g‑ ‘быць цвёрдым, тугім, ацвярдзець’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукма́н ’бурка, світка’ (Сцяшк., Скарбы, Бес.), ’адзенне з сукна’ (Шат.), ’суконнае верхняе адзенне’ (у мясцовасцях са шляхецкім насельніцтвам) (Малчанава, Мат. культ., 153), сукма́ны ’світкі’ (гродз., Сл. ПЗБ), сукма́нка ’кароткая жаночая верхняя вопратка’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’адрэзак суконнай тканіны’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. сукманъ ’світка, сярмяга’ (Ст.-бел. лексікон) Булыка (Лекс. запазыч., 115) праз стараж.-рус. сукманъ узводзіць да чув. səkman < цюрк. čekman; Жураўскі (Цюркізмы, 94) лічыць запазычаннем праз польскую непасрэдна з турэцкай. Параўн. укр. сукма́н, сукма́на ’бурка, світка’, рус. сукма́н ’суконны кафтан або сарафан’, ст.-рус. сукманъ (1671 г.) ’сукно’, польск. sukman(a) ’світка, сярмяга’, балг. сукма́н ’шарсцяная спадніца’, чукма́н ’тс’ (лічацца прабалгарскімі словамі). Этымалогія спрэчная. Мяркуецца, што слова спрадвечнаславянскае і роднаснае скаць, сука́ць, сукно; у словаўтваральных адносінах спасылаюцца на рус. дурма́н, польск. lochman; гл. Фасмер, 3, 799 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 470–471. На думку іншых даследчыкаў (Радлаў, 4, 799; Расянен, ZfslPh, 20, 448; Каліма, RLS, 133; Брукнер, 525), слова запазычана праз чув. səkman, səxman з цюркскай групы моў. Гл. яшчэ Анікін, 510 (са ст.-цюрк. sökmän ’мянушка, якую давалі асілкам і героям’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Весялу́ха1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха1 (гл.).

Весялуха4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха1 (гл.).

Весялуха5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плавун1, плывун ’аер, Acorus calainus L.’ (Бейл.), ’мнаганожка, папараць звычайная, Polypodium vulgare’ (смал., Кіс.), рус. плавун, плаўн, чэш. plavim ’дзераза, Lycopodium clavatum’, серб.-харв. plavun ’тс’. Да плаваць, плысці (гл.). Матывацыя: гарызантальны корань раслін ці сцябло падобны да ’таго, што плыве’ — гл. плаву́н4. Суфікс ‑ун утварае і інш. назвы раслін: паўзун, блішчу́н (Сцяцко, Афікс. наз., 69).

Плаву́н2 ’кошык для лоўлі рыбы’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), ’падвалока — снарад для лоўлі рыбы ў адкрытай вадзе; пры гэтым патрэбна сама мала дзве асобы’ (Касп.: Нік. Очерки), рус. валан плаўн ’невялікі невад’, славац. plavačka ’трохсценная падвалока’. Да плаваць (гл.). Лексемы звязаны са значэннем ’лавіць рыбу, плывучы (плаваючы)’. Параўн. рус. астрах, плавная (сеть) у процілегласць ставит (сеть) ’пастаўленая нерухома’.

Плаву́н3 ’смецце, раслінныя рэшткі, напесеныя вадой на карэнне дрэў, на кусты, у заліў у час разводдзя’ (Нік. Очерки; Скарбы), ’цякучы пясок’ (ветк., Яшк.). Рус. плавун ’наносны, павыкіданы лес’, сіб. ’лес, што плавае ў рацэ’. Да плаваць (гл.). Суфікс -ун утварае словы са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’.

Плаву́н4 ’човен’ (Яўс.), рус. наўг. плаву́н ’вялікая рыбацкая лодка, за якой ззаду ідуць (’плывуць’) рыбалоўныя сеткі’. Да прасл. *plavъ > *plaviti, гл. плавіць (Талстой, Геогр., 175), параўн. серб.-харв. дыял. плав ’судна, лодка’.

Плаву́н5 дрыгва, зыбаўка на балоце, каля возера’ (полац., ЛА, 2), ’топкае балота’ (пін., ЛА, 2). Да плаў 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́шчур ’далёкі продак, родапачынальнік, прапраўнук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. пращоръ ’нашчадак’, прашуръ ’продак’, пращуря ’нашчадак’. Рус., укр. пра́щур ’далёкі продак, родапачынальнік’, ст.-рус. пращур, пращюръ ’прапрадзед, прапраўнук’, польск. praszczur ’далёкі продак, прапраўнук’ (з усходнеславянскіх моў, Банькоўскі, 2, 760), plaskur ’прапрадзед’, praskuł, prazgulę ’прапраўнук’, ст.-польск. praskurzę, praszczur ’прапраўнук’, ст.-слав. праштоуръ, праштура ’прапраўнук’. Прасл. *pra‑sk(j)urъ > ’прапрадзед, родапачынальнік’ (рэканструкцыя Трубачова, История терм., 72 і наст.). Значэнне ’прапраўнук, г. зн. далёкі продак, але па сыходнай лініі’ лічыцца даследчыкамі другасным. Этымалогія выклікае спрэчкі. Трубачоў (там жа) услед за Бернекерам (IF, 10, 155) і Міклашычам (344) узводзіць слав. слова да і.-е. кораня *(s)kur‑ і параўноўвае з літ. prakūrė́jas ’продак’, ст.-ірл. caur, cur ’герой’, санскр. çávīra‑s ’магутны’, çūras ’моцны, герой’. Наяўнасць рус. щ (< skj) ён тлумачыць існаваннем гэтага і.-е. кораня з велярным k і магчымасцю чаргавання форм *(s)kour‑ і (s)keur‑ (як, напрыклад, у рус. гнус і гнюс). Пазаславянскія адпаведнікі (без ‑s) указваюць на тое, што тут было рухомае s. Фасмер (3, 356) параўнанні Бернекера і Міклашыча лічыць неверагоднымі, не прыводзячы контраргументаў. Другія версіі (супастаўленне з шурын, рус. чур меня!) адхіляюцца ім (там жа) па фанетычных прычынах. Гл. таксама Шаўр, Etymologie, 66–67 (тлумачыць неадрознасць назваў прабацькоў і праўнукаў); Банькоўскі, 2, 599 (выводзіць славянскія формы з і.-е. *prōskouros, *prōskeuros).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаты́рыць, колоіырыць ’валтузіцца, церціся, дурэць’ (Нас.), калатырыць ’забаўна, але неабгрунтавана гава-рыць’ (Касп.), кълатырыцца ’бескарысна важдацца з чым-небудзь’ (уіпац., Нар. лекс.), сюды ж і калатыры. калатырыць (Нік. Напаў.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове: валаг., чэрап., варонеж. колагырнть ’займацца пустой, дробнай справай’, арханг. ’таптацца без справы’, смал. ’круціцца, церціся каля каго-, чаго-небудзь, гарэзуючы, і да т. п.’, валаг., пск. ’балбатаць, балакаць’, алан. ’гаварыць глупства і да т. и.’ Відавочная бел.-рус. інавацыя. Бел. лексема адзначана ў паўн. і ўсх. гаворках, што можа указваць на генетычна тоесную з рус. колотить, колотиться ’бадзяцца без справы, мэты’, колотить ’пляткарыць’, ’гаварыць дробязі, пустасловіць’, валаг. ’пытаць’, бел. колотаты ’пытаць’ (нараўл., Мат. Гом.). Некаторыя семемы маглі развівацца незалежна ад утваральнага слова, у дэрыватаў, аднак, наяўнай інфармацыі недастаткова, каб зразумець цалкам іх іерархію. У бел. мове ў адрозненне ад рус. шэраг дэрыватаў атрымаў экспрэсіўны інфікс (гл. калантырыць). Гэта больш верагодная версія параўнальна з тлумачэннем Нікіфароўскага, Напаў., 16, што бел. слова суадносіцца са ст.-рус. калантарь. колонтарь, калантырь ’кальчуга’, прыткім калантыр разумеецца як панцыр з нашытых на скуру драўляных планак, вырабляць такія планкі — ’займацца лёгкай, пустой справай, калантырыць’, адкуль і калатыры калатырыць. Такое тлумачэнне вельмі штучнае і не ўлічвае шэрагу значэйняў слова калатырыць у бел. і колотырить у рус. гаворках, а таксама лексемы колотить. з якой яны, відавочна, суадносяцца. Па утварэнню паўн.-слав. лексемы нагадваюць серб.-харв. клатарити се ’бадзяцца, вандраваць’ клитити се ’бадзяцца’. Фасмер (2, 296) зыходным для дзеяслова колотырить лічыў колотыра — дэрыват ад колотить. Гэта, аднак, хутчэй за ўсё дзеяслоўнае ўтварэнне: колотить > колотырить; генетычна мадэль магла быць і трохстуменчатай. з паступовай стратай сярэдняга звяна ў выніку рэгулярнасці такога тыпу дэрывацыі. Аб далейшай этымалогіі гл. калаціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́траніца1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́н1 ’лятучая мыш, Vespenugo noctula’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; навагр., КЭС; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Бел., Федар. Рук., Шат., Шэйн, Яруш.), кажанюк (Сцяшк.), кажністы (Радч.). Укр. кожан, кажан. Рус. кожан (арх., паводле Даля, зах. і паўдн.), алан. кожаник, арл. кожанчик ’тс’. Усх.-слав. кожан ’лятучая мыш’ < кожа < kozja. Параўн. яшчэ рус. кожаная птичка, кожаный нетопырь. Укр. форма (з ‑а‑) — вынік пранікнення ў літар. мову слова з акаючых гаворак (з поўначы) або фанетычным шляхам (асіміляцыя), магчыма, таксама ў гаворках. Булахоўскі (Вибрані праці, 2, 162) лічыць, што кажан, калач, хазяін і інш., магчыма, з’яўляюцца беларусізмамі. Аналагічная думка аб уплыве беларускіх або рускіх дыялектаў (разглядаецца шэраг слоў), там жа, с. 239.

Кажа́н2 ’спрытны чалавек’ (Маж. Маг.). Рэгіянальны перанос ад кажан1. Матывацыя ’хударлявы, спрытны’, параўн. з некалькі іншым значэннем рус. дыня. кожанка ’аб сухарлявай жанчыне’.

Кажа́н3 ’чалавек малога росту; дзіця, якое дрэнна расце’ (Чач.), кажанё ’занядбаная маладая жывёліна, звычайна парася’ (КЭС, лаг.), кажанчык ’запаршывелае, закажанелае парася’ (Бяльк.). Рус. смал. кожан ’высахлы грыб’, апог., пск. кожанка ’аб худым кані’; з іншай структурай — ярасл. кожевина ’тс’. Апошняе слова дазваляе меркаваць аб паходжанні разглядаемых лексем ад прыметнікавай асновы кожан‑ (параўн. рус. дыял. кожевый ’скураны’), нягледзячы на тое што перанос ад кажан1 (і суфіксальныя вытворныя ад гэтай формы) уяўляецца верагодным (параўн. у Насовіча кожановатый «старообразный, как бы имеющий шероховатость кожи летучей мыши»). Магчыма, чэрв. кажанець ’пакрывацца брудам, апускацца з віду’ (Шат.), тое ж кожаныць у Насовіча з’яўляюцца дзеясловамі ад кажан1 (параўн. кажанаты ’худы, які спыніўся ў росце’. Касп. — «парасяты кажанатыі») ’аслабелая жывёліна’ (КЭС, лаг.), а семантыка кажан3 і пад. лексем абумоўлена дзеяслоўнай семантыкай. Што датычыць храналогіі, то лінгвагеаграфія бел. і рус. слоў сведчыць аб уласна беларускай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)