салю́т, ‑у, М ‑люце, м.

1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.

2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.

•••

Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.

[Фр. salut.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.

1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.

2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.

3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужы́цца, ужывуся, ужывешся, ужывецца; ужывёмся, ужывяцеся; зак.

1. Наладзіць сумеснае згоднае жыццё; зжыцца з кім‑н. — А мае развяліся, — сказала .. [Куліна] праз момант і паківала галавою. — Не ўжыліся. Чыгрынаў. Ужо месяц, як пакінула [гаспадароў] работніца — не ўжылася з Фядорай Антонаўнай. Пестрак. // перан. Спалучыцца, пачаць суіснаваць, узаемадзейнічаць. Хіба могуць ужыцца ў адным сэрцы нянавісць і каханне? Каваль.

2. Прывыкнуць да жыцця дзе‑н., у якіх‑н. умовах; звыкнуцца з чым‑н.; прыжыцца. Кірылу дзівіла толькі адно: як жа можна, каб з такім характарам і з такімі рукамі нельга было ўжыцца на адным месцы? Скрыган.

3. Глыбока асэнсаваць, пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Настаўнік:] — Трэба ўжыцца ў вобраз героя, бачыць яго перад сабою. Пальчэўскі. Да артыстаў маладых Не адразу ўдача прыйдзе: Цяжка ўжыцца ў ролі тых, Каго людзі ненавідзяць. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчамі́цца, ушчамлюся, ушчэмішся, ушчэміцца; зак.

1. Аказацца заціснутым, сціснутым з двух бакоў; зашчаміцца. [Свіння] то ўшчэміцца ў плот, то ўлезе ў шкоду, то раптам выпрастаецца на дарозе і імчыцца нема-ведама куды. Чарнышэвіч. Левая нага мая ушчамілася паміж бярозак. Жычка. // Уціснуцца, усунуцца; прымасціцца дзе‑н. [Ірма:] — Ведаю, цябе зноў цягне мора. Але сёння пасля шторму, там [на пляжы] з лежаком не ўшчэмішся. Карамазаў. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму пашэнціла ўшчаміцца і расцягнуцца на верхніх паліцах, не браў сон. Грахоўскі.

2. Трапіць куды‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. [Шабета:] — К[о]жны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Мележ. // перан. Уладкавацца на работу. — Хваліўся [Покат] мне, — падхапіў Галаўня, — што быў на Урале, у шахце. І адтуль, відаць, выкурылі. Цяпер да нас хацеў ушчаміцца. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву́, жыве́ш, жыве́; жывём, жывяце́, жыву́ць; жыў, жыла́, -ло́; незак.

1. Быць жывым, існаваць, знаходзіцца ў працэсе жыцця.

Доўга ж.

Расліны не могуць ж. у цемнаце.

2. перан., чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым-н., поўным руху.

Дарога дзень і ноч жыла.

3. Існаваць, мець месца (пра думкі, пачуцці і пад.).

У народзе жыве ўпэўненасць у перамозе справядлівасці.

4. Знаходзіцца, пражываць дзе-н., сярод каго-н.

Ж. у Мінску.

5. чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым-н.

Ж. сваёй працай.

Ж. з агарода.

6. перан., кім-чым. Быць захопленым, занятым кім-, чым-н.

Ж. надзеяй.

Ж. тэатрам.

Ж. дзецьмі.

7. кім і з прысл. Весці які-н. спосаб жыцця, знаходзіцца ў тых або іншых умовах.

Ж. багата.

Ж. весела.

Ж. бабылём.

8. Быць у якіх-н. адносінах з кім-н.

Ж. дружна з суседзямі.

Ж. душа ў душу.

Жыць з мазаля (разм.) — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужой думкі, не маючы сваёй.

Жыць як набяжыць (прымаўка) — жыць так, як дыктуюць абставіны.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) Бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

У горы жыць ды з перцам есці (прымаўка; іран.) — пра жаданне мець што-н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фо́рма, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета.

У форме шара.

Прадмет выпуклай формы.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н., структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам.

Адзінства формы і зместу.

3. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н. як нешта, што пярэчыць унутранаму зместу, рэчаіснасці.

Вытрымаць форму.

Рабіць дзеля формы.

4. Устаноўлены ўзор, парадак чаго-н.

Запоўніць ведамасць па форме.

5. Прыстасаванне для надання чаму-н. тых або іншых контураў, пэўнага знешняга выгляду.

Ф. для капелюшоў.

6. Аднолькавае па кроі, колеры і пад. адзенне (для ваеннаслужачых, вучняў і пад.).

Пераход ваенных на летнюю форму.

Школьная ф.

7. Сукупнасць прыёмаў і выяўленчых сродкаў мастацкага твора.

Апавядальная ф. верша.

8. У мовазнаўстве: сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказе.

Кароткая ф. прыметнікаў.

Формы множнага ліку назоўнікаў.

9. звычайна мн. Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма.

Прымітыўныя формы жывёл.

Па ўсёй форме (разм.) — як належыць, як трэба.

У форме — у такім стане, калі праяўляюцца ўсе сілы, здольнасці, уменне; сабраны, падцягнуты.

Шахматыст у бліскучай форме.

|| прым. фарма́льны, -ая, -ае (да 2, 3, 4, 7 і 8 знач.), фармавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.) і фо́рменны, -ая, -ае (да 4 і 6 знач.).

Фармальны аналіз.

Форменны бланк.

Форменны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр. треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус. треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус. пск. троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус. тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр. дыял. трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг. дыял. тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл. *trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у ​пускать — ​пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́пень1 ’назва сёмага месяца’ (Гарэц., Бяльк., ТСБМ; паст., Сл. паўн.-зах.). Укр. (зах.) ли́пень, рус. перм. липе́нь ’ліпа’, славац. lipeň ’тс’, славен. lipan, серб.-харв. ли̏пањ, ли̑пањ ’чэрвень’. Прасл. lip‑ьnь. Да лі́па (гл.). Названа паводле ліпы, якая цвіце ў гэты час (Шаўр, Этимология–71, 96; Качэрган, Мовознавство, 1967, 1, 57).

Лі́пень2, ліпеня, лепеня ’рыба харыус, Thymallus thymallus L.’ (нёманск., Жук.; астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр. ліпень, польск. lipień, в.-луж. lipen, lipon, чэш. lipan, ст.-чэш. lipan, lipen, lipeň, славац. lipeň, lipen, lipan, славен. lípan, серб.-харв. лѝпан, ли̏пен, ли̏пљан, ли̏пљен, ли̏пањ. Прасл. lipenъ//lipenjь, lipanъ//lipanjь. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Лёвенталь (WuS, 10, 194) і Бернекер (1, 723) звязвалі з літ. lipsnà ’полымя’, lipst ’гарыць’, лат. lipȋt ’запаліць’, беручы пад увагу чырвоныя плаўнікі і бліскучыя срэбныя бакі; Уленбек (KZ, 32, 260) вылучае аснову *lei̯p ’ляпіць’; Машынкі (O sposobach, 151) мяркуе, што гэта лексема была запазычана славянамі ад і.-е. жыхароў Прыкарпацця. Махэк₂ (335), спасылаючыся на ст.-чэш. назву гэтай рыбы květovoň і на тое, што харыус пахне чаборам, хоча бачыць матывацыю, звязаную з пахам. Слаўскі (4, 274) дапускае прасл. аснову lip‑/lьp‑/lěp‑, якая з і.-е. leip‑ ’масціць, мазаць, клеіць’. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе, што лексема lipьnь бытавала толькі ў тых дыялектах прасл. мовы, якія ляглі ў аснову бел., польск., чэш. і серб.-харв. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)