Лі́пень 1 ’назва сёмага месяца’ (Гарэц., Бяльк., ТСБМ; паст., Сл. паўн.-зах.). Укр. (зах.) ли́пень, рус. перм. липе́нь ’ліпа’, славац. lipeň ’тс’, славен. lipan, серб.-харв. ли̏пањ, ли̑пањ ’чэрвень’. Прасл. lip‑ьnь. Да лі́па (гл.). Названа паводле ліпы, якая цвіце ў гэты час (Шаўр, Этимология–71, 96; Качэрган, Мовознавство, 1967, 1, 57).
Лі́пень 2, ліпеня, лепеня ’рыба харыус, Thymallus thymallus L.’ (нёманск., Жук.; астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр. ліпень, польск. lipień, в.-луж. lipen, lipon, чэш. lipan, ст.-чэш. lipan, lipen, lipeň, славац. lipeň, lipen, lipan, славен. lípan, серб.-харв. лѝпан, ли̏пен, ли̏пљан, ли̏пљен, ли̏пањ. Прасл. lipenъ//lipenjь, lipanъ//lipanjь. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Лёвенталь (WuS, 10, 194) і Бернекер (1, 723) звязвалі з літ. lipsnà ’полымя’, lipst ’гарыць’, лат. lipȋt ’запаліць’, беручы пад увагу чырвоныя плаўнікі і бліскучыя срэбныя бакі; Уленбек (KZ, 32, 260) вылучае аснову *lei̯p ’ляпіць’; Машынкі (O sposobach, 151) мяркуе, што гэта лексема была запазычана славянамі ад і.-е. жыхароў Прыкарпацця. Махэк₂ (335), спасылаючыся на ст.-чэш. назву гэтай рыбы květovoň і на тое, што харыус пахне чаборам, хоча бачыць матывацыю, звязаную з пахам. Слаўскі (4, 274) дапускае прасл. аснову lip‑/lьp‑/lěp‑, якая з і.-е. leip‑ ’масціць, мазаць, клеіць’. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе, што лексема lipьnь бытавала толькі ў тых дыялектах прасл. мовы, якія ляглі ў аснову бел., польск., чэш. і серб.-харв. моў.