ВАЛ (ваен.),

насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДО́ЎКА,

адмова ад ежы ў знак пратэсту супраць дзеянняў улад або ў падмацаванне патрабаванняў да іх; адна з формаў барацьбы зняволеных і тых, хто вычарпаў інш. формы пратэсту.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЗ (франц. crise ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант),

раптоўны, адносна кароткачасовы стан хворага, які характарызуецца новымі сімптомамі хваробы ці ўзмацненнем тых, што ёсць. Бывае ў выглядзе атакі, прыступу; найчасцей патрабуе неадкладнай дапамогі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ (ад лац. pactum дагавор, пагадненне),

тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рознага роду дагавораў міжнародных, як правіла, тых, што маюць вял. паліт. значэнне па пытаннях узаемнай або калектыўнай бяспекі, узаемадапамогі, ненападу і да т.п.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНФАРМА́ЦЫЯ (ад дэз... + інфармацыя),

ілжывая, заведама няправільная інфармацыя; свядомае распаўсюджванне скажоных звестак, паведамленняў для дасягнення паліт., ваен. і інш. мэт, увядзення ў зман праціўніка, пазбаўлення правільнай арыентацыі людзей, тых або інш. сіл, арг-цый у бягучых падзеях паліт. жыцця (гл. таксама Дэзарыентацыя).

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІХІ́ДА (сярэднягрэч. pannychida літар. усяночная),

хрысціянская царк. служба па нябожчыку, а таксама ў гадавіну яго смерці. Існуюць таксама ўсяленскія П. ў памяць пра ўсіх памерлых. П. грамадзянская — агульны сход тых, хто прыйшоў на пахаванне, прысвечаны памяці памерлага; жалобны мітынг каля труны (урны з прахам) з развітальнымі прамовамі перад пахаваннем.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́Л (італьян. memoriale ад лац. memorialis памятны),

1) памятная кніга, дзённік.

2) Спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя памяці выдатных спартсменаў, а таксама асоб, што зрабілі важкі ўклад у развіццё спорту.

3) М., мемарыяльны ансамбль — архітэктурна-маст. комплекс, створаны ў гонар тых, хто па-геройску загінуў, а таксама выдатных дзеячаў або гіст. падзей.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ, анаматапея,

1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай ўтварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.​Лужанін).

А.​І.​Падлужны (у мовазнаўстве).

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,

збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)