СУМА́ЦЫЯ ў фізіялогіі,

узаемадзеянне сінаптычных працэсаў (што ўзбуджаюць ці затарможваюць) на мембране нейрона або мышачнай клеткі, якое характарызуецца ўзмацненнем эфектаў раздражнення да рэфлекторнай рэакцыі ў адказ; адзін з механізмаў каардынавання рэакцый арганізма. Апісана І.М.Сечанавым у 1868. На сістэмным узроўні адрозніваюць С. прасторавую і часавую. Прасторавая С. адбываецца ў выпадку адначасовага ўздзеяння аферэнтных раздражненняў, кожнае з якіх неэфектыўнае для розных рэцэптараў адной і той жа рэцэптыўнай зоны (напр., узбуджэнне многіх нейронаў розных участкаў мозга). Часавая С. вызначаецца ўзаемадзеяннем нерв. уплываў, што прыходзяць з пэўным інтэрвалам да адных і тых жа ўзбудлівых структур па адных і тых жа нерв. каналах. Забяспечвае неабходную працягласць рэакцый і можа падтрымлівацца кальцавой сувяззю нейронаў. На клетачным узроўні С. мае прасторава-часавы характар.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)