абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.
1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.
2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.
3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.
1. Абняць (рукамі, нагамі, лапамі). Адзін з мужчын, той, што вынес з агню жанчыну, абхапіў Ягора за шыю і шчыра, па брацку, пацалаваў. Кавалёў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Мядзведзь, выбіўшы з рук аслупянелага Радзівіла стрэльбу, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Гурскі.
2. перан. Акружыць з усіх бакоў (пра холад, цемру, полымя і пад.). Віця скінуў паліто. Мароз адразу ж абхапіў цела ледзянымі абцугамі. Корзун. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Чыгрынаў.
3. перан. Зразумець, засвоіць што‑н. [Ліда:] — Вы адразу ўсё жыццё хочаце абхапіць, каб ведаць яго. Галавач.
4. Зрабіць абход праціўніка з флангаў з мэтай нападу; акружыць. [Сярго:] Рашуча наступаць уздоўж ракі І горад абхапіць кальцом. Глебка. [Разведчык:] — Немцы прарваліся на поўдні ад Чырвонай Нівы. Каля двух батальёнаў. Імкнуцца абхапіць нас. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Хадзіць, ісці, нясмела прыступаючы на карацейшую ці балючую нагу. Андрэйка кульгаў і адставаў, а Коля тое і рабіў, што праз кожную хвіліну спыняўся, каб пачакаць таварыша. Сіняўскі.
2. Быць кульгавым, мець карацейшую ці балючую нагу. [Шолам] з прыроды быў глухаваты.. і кульгаў на правую нагу. Корбан. // перан. Разм. Мець значныя недахопы, быць непаўнацэнным у якіх‑н. адносінах. — Зразумейце вы, што ваша тэорыя кульгае... Выпраўце яе, — спачувальна ўхмыльнулася Зося. Шынклер. Непакоіла дысцыпліна. Яна, як кажуць, пачала кульгаць. Многія з выхаванцаў, што наступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі.
3. Разм. Дрэнна ведаць які‑н. вучэбны прадмет, не паспяваць па якім‑н. прадмеце. Кульгаць па матэматыцы. // Быць недастаткова засвоеным (пра які‑н. вучэбны прадмет). У яго фізіка кульгае.
•••
Кульгаць на абедзве нагі — а) будучы недастаткова дасведчаным у якой‑н. справе, рабіць значныя промахі; б) праходзіць дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і інш.). Дысцыпліна кульгае на абедзве нагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каза́, ‑ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.
1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.
2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.
3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».
4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.
•••
Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.
Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.
Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.
Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.
Козамі сена травіць гл. травіць.
Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кальцо́, ‑а́; мн. ко́льцы (з ліч. 2, 3, 4 кальцы́), ко́льцаў; н.
1. Прадмет, звычайна металічны, які мае форму вобада, абруча, акружнасці. Па баках ад яе [варонкі] пагойдваліся скручаныя кольцы калючага дроту. Пятніцкі. Каб зрабіць.. [бугая] больш-менш паслухмяным, яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны. Рвануў Даніла Ланцугі, І кольцы трэснулі са звонам. Колас. // мн. (ко́льцы, ‑аў). Гімнастычны снарад, які складаецца з двух падвешаных абручоў.
2. чаго. Тое, што мае форму такога прадмета. Дзед Мірон закурвае люльку, з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму, усё роўна бы паравоз, і ціха ўсміхаецца. Даніленка. // Тое, што абкружае, апаясвае, замыкае што‑н. або каго‑н. Кальцо блакады. □ Эвакуіраваныя чырвоныя прарваліся праз кальцо белых, кальцо, што сцягвалася наўкол горада. Мікуліч. Цяжка было зразумець, як яны [партызаны] змаглі вырвацца з кальца, знішчальнага агню. Брыль.
3. Канцавы пункт трамвайнага, аўтобуснага і інш. маршрутаў, дзе робіцца паварот для прадаўжэння шляху ў зваротным напрамку. Трамвайнае кальцо. Кальцо тралейбуса. Даехаць да кальца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каму-чаму.
1. Перайсці на бок ворага; прадаць (у 2 знач.). Народ цябе, як брата, прыме, Калі Радзіму ты любіў, Калі не здрадзіў ты Радзіме. Буйло. Саша ўзненавідзела свайго брата, калі ёй здалося, што той здрадзіў і прадаўся фашыстам. Кучар.
2. Парушыць вернасць каму‑, чаму‑н. Як лёгка ісці, калі наперадзе крочыць чалавек, якому ты верыш ва ўсім, які ніколі не здрадзіць. Савіцкі. Так упершыню ў той дзень Адам здрадзіў кухару і стаў вучнем барадатага шаўца. Нядзведскі. // Парушыць сямейную вернасць, вернасць у каханні. Я хачу не згубы, Толькі крыху радасці Ды каб тая, любая, Да пары не здрадзіла!.. Лявонны.
3. перан. Перастаць дзейнічаць, праяўляцца, служыць каму‑н. Платон анямеў; ногі здрадзілі, і ён ухапіўся аберуч за край мучной скрыні. Ракітны. // Рэзка змяніцца (пра псіхічны стан чалавека). Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Шамякін.
•••
Здрадзіць сабе — зрабіць што‑н. насуперак сваім перакананням.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злупі́ць, злуплю, злупіш, злупіць; зак., што.
Разм.
1. Зняць, садраць верхні слой чаго‑н. Злупіць кару з дрэва. □ Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.
2. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае. Сцяпан злупіў боты і кінуўся ў стаў. Чарнышэвіч. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу; кашулю ўздзеў, што злупіў у Міколы. Танк.
3. перан. Узяць за што‑н. празмерна вялікую суму. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей. Якімовіч.
4. Жорстка, моцна набіць каго‑н. Старшына, замест нас бараніць, Выгадней знаходзіць — брата злупіць. «Полымя».
•••
Злупіць скуру (дзве, тры скуры) — жорстка пакараць за што‑н. Пабаяўся [Яська] ні з чым вяртацца ў двор: аканом скуру злупіць. С. Александровіч.
Злупіць шкуру, (дзве шкуры, сем шкур) — абабраць каго‑н., узяць лішняе пры разліку. [Максім:] Ды што вы, .. хочаце з мяне ўжо дзве [ш]куры злупіць: каб я і штраф заплаціў і яшчэ за штэмпель грошы аддаў. Козел.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. з кім. Біцца, ваяваць са зброяй у руках. — Я прыйшла сюды не для таго, каб ратавацца ад смерці. Я прыйшла змагацца, помсціць ворагу, а не берагчы сябе для мужа. Шамякін. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. // Спаборнічаць у чым‑н. [Сухавараў] лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма. Колас. // перан. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні і пад.). Толя маўчаў, і ў душы яго змагаліся тры пачуцці: прыкрая злосць на старога .., нейкі сорам і боязь, што .. ён, дзед партызанскі, бачыць і ведае ўсё. Брыль.
2. з чым, супраць чаго. Супраціўляцца чаму‑н., імкнуцца перамагчы або знішчыць што‑н. Змагацца супраць вайны. □ — Яшчэ пяць хвілін я паляжу, і тады буду будзіць Скабакова, — думаю я і змагаюся з цяжкай дрымотай. Чорны.
3. за што. Адстойваць, абараняць што‑н., дамагацца чаго‑н. Змагацца за мір. Змагацца за тэхнічны прагрэс. □ [Фёдар Мікалаевіч:] Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.
1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.
2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.
•••
Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ліп, ‑ла; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.), да каго-чаго. Прыставаць, прыліпаць. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару. Кавалёў. На лоб налазяць і ліпнуць мокрыя валасы. Скрыган.
2. Разм. Шчыльна прыціскацца да чаго‑н. Было.. [гразі на вуліцы] столькі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Мележ. // перан. Гарнуцца да каго‑н. Дзеці ліплі да дзеда. □ Як і даўней, хлопцы цураліся.. [Ігнася] і не любілі. Ігнась таксама не надта ліп да іх, больш адзін быў. Мурашка. // перан. Аблепліваць, усыпаць. Усё больш і больш назойліва лезлі да людзей камары. Яны ліплі да твару, да рук, да ног, усмоктваліся ў чалавечае цела. Галавач.
3. перан. Разм. Назойліва прыставаць да каго‑н. Вяртацца з пустымі рукамі было няёмка. Хоць што-небудзь ды трэба ўзяць. Абы для апраўдання, для адводу вачэй было. Каб не ліплі людзі, не выдумлялі лішняга. Кандрусевіч.
•••
Ліпнуць смалой — настойліва, надакучліва прыставаць да каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)