Бры́дкі. Рус. (зах.) бридко́й ’рэзкі вецер’, укр. бридки́й ’дрэнны, агідны, брыдкі’, польск. brzydki, чэш. břidký (ст.) ’рэзкі; агідны’, ст.-слав. бридъкъ, серб.-харв. бри̏дак ’востры, рэзкі’ і г. д. Прасл. *bridbkъ < *bridъ (а гэта ўтварэнне суфіксам ‑d‑ ад *bri‑ ’брыць, рэзаць’, гл. брыць; і.-е. *bher‑ ’рэзаць вострым’); Бернекер, 86; Мейе, Études, 325; Слаўскі, 1, 47; Брукнер, 46; БЕР, 1, 78. Іншая версія (услед за Нідэрманам, IF, 37, 145 і наст.; Гуерам, LF, 44; 226) у Махэка₂, 73: роднаснасць з ням. bitter ’горкі’ (*bhid‑ró‑s); у славян розныя метатэзы (непераканаўча).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бухма́ты ’пухлы’ (БРС), ’тоўсты ў твары’ (КЭС, лаг.), ’раскідзісты, шырокі’ (ко́пы зрабі́лісі бухма́тыя; Сцяшк. МГ). Здаецца, таго ж паходжання, што і бахма́ты ’касматы, пушысты’ (гл.), укр. бахма́тий ’мешкаваты (аб адзенні)’, г. зн. вытворнае ад бахма́т ’конь татарскай пароды’ (гл.). Гэта апошняе выводзяць і ад мусульманскага імя Mähmäd, Mähmät. Гэту версію, здаецца, падтрымліваюць такія рус. дыял. формы, як бахмет ’непаваротлівы; касматы, махнаты’, бухме́т ’тоўсты, здаровы чалавек або жывёла’ (параўн. варыянтнасць вакалізму ва ўсх.-слав. мовах: бахма́т — бухма́т — бахме́т — бухме́т). Рус. бухме́т ’тоўсты, здаровы чалавек’ пацвярджае вывядзенне бел. слова ад бахма́т.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́жа. Ст.-рус. вѣжа ’шацёр, кібітка, вежа’, рус. ве́жа ’шацёр, кібітка, будка, вежа’, укр. ве́жа, польск. wieża, чэш. věž, ст.-чэш. věžě, ст.-слав. вѣжа, славен. véža ’сені, вестыбюль’. Першапачаткова ў славян, як думаюць, гэта быў рухомы будынак на санях або калёсах. Прасл. *věža < *vēz‑i̯a да *vez‑ti ’везці’. Гл. Фасмер, 1, 285. Паколькі ва ўкр. мове павінна было быць *віжа, думаюць, што ўкр. слова запазычана з польск. Адносна бел. слова штосьці падобнае сцвярджаць цяжка, бо няма фанетычных прыкмет запазычання. Зрэшты, і ўкр. слова можа быць не польскім запазычаннем, а палескім словам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Весажо́р ’сузор’е ў сем зор’, вісажы́р, вісыжа́р ’сузор’е’ (Бяльк.), зах.-палес. высожа́р ’Плеяды’ (Маш., Atlas, 3); рус. кур., дан., тул., калуж. весожа́ры ’сузор’е’, дан. весожа́ры, висожа́ры ’Плеяды’, калуж. висожа́ры, урал. висожа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’, смал. вышеза́р ’сузор’е Малой Мядзведзіцы’. Складанае слова ад віс‑ (параўн. рус. вяц., каз. ви́сы ’валасы’, новасіб. ’апоўзіны’) і ‑жар (усячэнне ад стожар). Гэта слова, як і роднаснае валасажа́р (гл.), узнікла ў выніку налажэння двух слоў з хісткай семантыкай, якая датычыць назваў сузор’яў і зорак; параўн. балг. власи́ ’валасы’, ’сузор’е Цяльца’ і рус. стожары ’Плеяды’; ’Вялікая Мядзведзіца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́лава (БРС, Яруш., Грыг., Нас., Касп., Шат.). Рус. о́лово ’волава’, ст.-рус., ст.-слав. олово ’свінец’, укр. о́лово, польск. ołów, чэш., славац. olovo, балг. о́лово, серб.-харв. о̏лово, славен. olȏv, ólovo (Далабко, ZfslPh, 3, 131), в.-луж. wołoj, н.-луж. wółoj ’свінец’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. alvás ’свінец’ лат. al̂va, al̂vs ’волава’, ст.-прус. alwis ’свінец’. Далей гэта слова збліжаюць з назвамі колераў: ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты’, лац. albus ’белы’, грэч. ἀλφός (Траўтман, 7; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Персан, 300). Іншыя гіпотэзы і літаратуру гл. Фасмер, 3, 135; Махэк₂, 413.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́салапіць (БРС, Нас., Гарэц., Грыг., Чач., Клім., Бес., Шн., 2, Нік., Оч., Шпіл., Янк. БФ), вы́салапіцца ’выказацца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́солопити ’тс’, рус. вы́солопить (толькі пагран. рус. гаворкі). Беларуска-ўкраінская ізалекса, якая не мае адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах. Слова-крыніцу (*salpiti) Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 46) прапаноўвае аднесці да літ.-лат. лексічнай групы: літ. sul̃pti, sul̃piti ’ссаць, прысёрбваць’, лат. sulpît ’ссаць, аблізваць’. У сувязі з тым што бел. і ўкр. формы паслядоўна фіксуюць поўнагалоссе, гэта запазычанне павінна было адбыцца да метатэзы плаўных. Гл. яшчэ салупаць і Трубачоў, Слав. языкозн., 177.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газе́та. Рус. газе́та, укр. газе́та, польск. gazeta і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніцай слова з’яўляецца іт. gazzetta ’тс’ (гэта назва ўтворана ад gazzetta ’дробная манета’: «плата за чытанне зводу навін, газета»). Рус. газета запазычана з франц. мовы (Шанскі 1, Г, 9). Бел. газета запазычанне з рус. мовы. Але бел. дыял. газэ́та (Шат., Бяльк., Сцяшк., Касп., Яруш., Мядзв.) узята непасрэдна з польск. мовы (таксама Слаўскі, 1, 264; ён лічыць, што паланізмам з’яўляецца і ўкр. газе́та). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 382. Іншыя этымалогіі, што прапанаваліся рознымі даследчыкамі, гл. у Шанскага (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гайда́р, гайда́й ’паганяты жывёлы’ (палес., Выгонная Л. Ц., вусн. паведамл.), гайда́й, гойда́й ’гандляр коньмі’ (лун., Шатал.). Параўн. Вяр.-Крыв.гайдай у песнях (Дзмітр.). Як відаць з геаграфіі слова, у бел. мове яно вядома толькі на поўдні. Укр. гайда́р(ь), гайдай ’пастух авечак’ (агляд іншых форм гл. у Рудніцкага, 528). Як мяркуе Рудніцкі (там жа), мабыць, ад выклічніка га́йда́ (цюрк.). Гэта этымалогія ёсць ужо ў Цімчанкі. Слоў гайда́р, гайда́й няма, здаецца, у рус. мове (няма ў Даля і ў СРНГ). Можна думаць, што гэтыя словы ўтварыліся ва ўкр. мове (параўн. і ўкр. прозвішча Гайда́й, Гайда́р).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй l — r > l — l).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гано́к ’плыт’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. гоно́к ’тс’, але таксама га́нок. Дакладна аб этымалогіі слова, хоць яно і здаецца празрыстым, нічога пэўнага сказаць нельга. Яно можа паходзіць ад дзеяслова гнаць. Але бянтэжыць рус. дыял. форма га́нок ’тс’, якая можа ўказваць на фармальную сувязь са словам га́нак (гл.). Гэта апошняе ў дыялектах мае шмат значэнняў (параўн., напр., для рус. мовы агляд у СРНГ, 6, 135). Але ўсё ж такі здаецца, што зыходным трэба лічыць *гоно́к (: goniti ’гнаць’), якое пазней у гаворках у выніку дээтымалагізацыі асацыіравалася з іншым словам (га́нок, га́нки ’ганак’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)