Траці́ны1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тудо́йпраз тое месца, тым шляхам, там, абышоўшы што-небудзь (рухацца)’ (ТСБМ, ПСл, Мат. Маг.), ‘тым месцам, той дарогай’ (Скарбы, Касп.): туды можна трапіць тудой (бялын., Янк. Мат.); ‘туды’ (Сцяшк.); тудо́ю ‘там’ (Нас.), ‘тым кірункам’ (Бяльк., Байк. і Некр., ТС), ‘у той бок, у тым напрамку’ (калінк., З нар. сл.; ПСл, Мат. Маг.; ганц., Скар. НМ; навагр., чэрв., драг., беласт., Сл. ПЗБ); тудэ́ю ‘тс’ (Шат., Жд. 3, ТС, Кліх), ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), ‘у той бок’ (ганц., пух., пруж., Сл. ПЗБ; слуц., Мал.), ‘у тым напрамку’ (ТСБМ), ‘тым шляхам, той дарогай; там’ (Клундук), тудэ́й ‘туды, той дарогай’ (Нас., ПСл), ‘там’ (Мат. Гом.); тудэ́йка ‘туды’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. тудо́ю ‘ў той бок, той дарогай’, рус. дыял. тудо́ю ‘тс’. Відаць, форма тудою, якая паводле канчатка набліжаецца да назоўнікаў ж. р. Тв. скл. з *‑ojǫ (ESSJ SG, 2, 695), выступала ў функцыі прыметніка (тудою дарогаю) — параўн. туды́й (гл.); гэты канчатак у народнай мове скараціўся да ‑ой (тудой), аналагічна да дарогай, гл. Карскі 2-3, 67. Галосны ‑о‑ пераходзіў у ‑э‑ па розных прычынах: наяўнасць наступнага ‑j, паводле аналогіі з канчаткамі прыметнікаў з мяккай асновай (параўн. ст.-бел. летнею, синею, горѧчею), або па аналогіі з тэй, аднэ́й і інш. (Карскі 1, 154–157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лап ‘кажух з роўнай спіной, без таліі’ (Шат., Сл. ПЗБ), тула́п ‘доўгі кажух’ (Сцяшк. Сл.), тулу́б ‘тс’ (Бес.), ту́лоб, ту́луб ‘вялікі доўгі кажух’ (ТС, зах.-палес., ЛА, 4), тулубо́к ‘кажушок’ (ТС), тулубе́ц ‘кароткая вопратка з аўчыны’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб, ту́луп ‘доўгая вопратка з аўчыны’ (там жа), тулу́п ‘выпатрашаны труп жывёлы без унутранасцей’ (Кліх), ‘шкура (жабы)’ (там жа), тулу́пам ‘цалкам’: скура здымаецца з вангора цэлым тулупам (іўеў., Сл. ПЗБ), тулу́п ‘кажух’ (усх.-бел., ЛА, 4) ‘верхняя зімняя доўгая мужчынская вопратка з аўчын’ (Сцяшк., ПСл), тулу́пчык ‘кажушок’ (слонім., Шн. 3). Выглядае на тое, што лексема запазычана (для шэрагу форм, магчыма, праз пасрэдніцтва ід. tulep) з рус. тулу́п ‘кажух без таліі, які аблягае, як халат, усё цела, увесь стан’, якое, у сваю чаргу, запазычана з цюркскіх моў, параўн. крым.-тат., алт., казах. tulup ‘суцэльны скураны мех без швоў, зняты з адной жывёліны’, казах. тулып ‘чучала’, ‘шкура здохлага цяляці, набітая сенам (ставяць перад каровай, якую дояць)’, чагат. тулб ‘скураны мяшок’ (Міклашыч, 365; Фасмер, 4, 118; Анікін, 563–564). Дапускаецца збліжэнне з ту́лаб ‘тулава’ (кажух засцерагае стан, тулава чалавека) альбо магчымасць генетычнай сувязі з тул2, тулі́ць (ЕСУМ, 5, 673; Чарных, 2, 270; Куркіна, Этимология–1982, 21–24; Трубачоў, Этимология–1991–1993, 10–11). Гл. таксама тулуп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́ра ж., в разн. знач. ме́ра; (для отмеривания — ещё) ме́рка;

м. даўжыні́ — ме́ра длины́;

м. вагі́ — ме́ра ве́са;

прыня́ць ме́ры — приня́ть ме́ры;

ме́ры спагна́ння — ме́ры взыска́ния;

ме́ры сацыя́льнай засцяро́гі — ме́ры социа́льной защи́ты;

кубі́чныя ме́ры — куби́ческие ме́ры;

пачуццё ме́ры — чу́вство ме́ры;

без ме́ры — без ме́ры;

праз ме́ру — сверх (свы́ше) ме́ры; че́рез ме́ру;

у адно́й ме́ры — без измене́ния;

кра́йнія ме́ры — кра́йние ме́ры;

у зна́чнай ме́ры — в значи́тельной ме́ре (сте́пени);

па ме́ры магчы́масці — по ме́ре возмо́жности;

ве́даць ме́ру — знать ме́ру;

не ве́даць ме́ры — не знать ме́ры;

канца́е́ры няма́ — конца́-кра́ю (конца́-кра́я) нет;

перабра́ць ме́ру — хвати́ть че́рез край; хвати́ть ли́шнее;

м. за ме́ру — ме́ра за ме́ру;

ме́раць той жа ме́рай — ме́рить той же ме́рой;

па ме́ры сіл — по ме́ре сил;

па ме́ры таго́ — по ме́ре того́;

у ме́ру — в ме́ру;

у по́ўнай ме́ры — в по́лной ме́ре;

м. і ве́ра — как в апте́ке;

па кра́йняй ме́ры — по кра́йней ме́ре;

па ме́ншай ме́ры — по ме́ньшей ме́ре;

ні ў яко́й ме́ры — ни в како́й ме́ре;

у пэ́ўнай ме́ры — в не́которой сте́пени

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бяда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. беды, бед; ж.

1. Няшчасце, нядоля, гора. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігне апошняя бяда. Брыль. Ды зноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю. Колас. // Непрыемнасці, клопат. Але сёння здарылася з цыркуляркай бяда — сапсаваўся па нейкай прычыне матор. Гамолка. Трэба, думае [мужык], хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі... Якімовіч.

2. Галеча, нястача, недахоп сродкаў для жыцця. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. Вечная ў хаце бяда — Ніва, як палец, вузкая, У хлебе цвіла лебяда. Танк. [Дзед:] — Дзе ж ты [Сымонка] дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Колас.

3. у знач. вык. Дрэнна, нядобра; непрыемнасць. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. [Камандзір:] — Пяхоце шукай, дзе вузей, ды дрэвы валяй цераз ваду. З фурманкамі — таксама бяда. Брыль. // (з адмоўем). Неістотна, не мае значэння. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён [Беразоўскі] і сам не малады. Чарнышэвіч.

•••

Бяда вялікая — не мае значэння, няважна.

Бяда малая — не датычыцца каго‑н. [Шчырэц:] — Ты [Валошын] — гарадскі, табе бяда малая: Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць. Глебка.

Бядой латаны гл. латаны.

Далей ад бяды гл. далей.

Дапамагчы бядзе гл. дапамагчы.

Лезці ў бяду гл. лезці.

Не твая (мая, яго і г. д.) бяда — не твая (мая, яго і г. д.) справа, што табе (мне, яму і г. д.) абыходзіць.

Такой бяды; толькі (той) бяды — не мае значэння; ну дык што ж!

Як на бяду — як назнарок, як на тое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

найсці́ 1, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

1. на каго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба. Мурашка. Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна. Сіняўскі. // Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); на што. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара. // без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы. Лынькоў. Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж. Дуброўскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей. Сабаленка. // Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны. Пташнікаў. [Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Колас.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; на каго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. □ Момантнае забыццё найшло на чалавека. Чорны. Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла. Лобан.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам. Найшла бяда.

•••

Найшла каса на камень гл. каса.

найсці́ 2, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспе́ць 1, ‑спее; зак.

1. Зрабіцца, стаць спелым; выспець. І макі даўно адцвілі, і жыта паспела, І водар ранетаў даносяць да вокнаў вятры. Тарас. — От калі ў падарожжа ехаць, Міхась, калі арэхі паспеюць! Чарнышэвіч. На Беларусі яблыкі паспелі І глуха асыпаюцца на дол. Грахоўскі.

2. Разм. Стаць гатовым для яды. І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела. Колас. // Стаць прыгодным, гатовым для чаго‑н. Глеба паспела.

паспе́ць 2, ‑спею, ‑спееш, ‑спее; зак., звычайна з інф.

Здолець, змагчы зрабіць што‑н. у тэрмін, своечасова. Да вечара .. [мужчыны] паспелі прынесці толькі па адной вязцы. Маўр. [Брыгадзір:] — Ці чуў — радыё казала — не сёння-заўтра снег сыпане. Трэба паспець дакапаць клін, што пад ярам. Хадановіч. Часу бракавала: трэба было яшчэ паспець дзе-небудзь паснедаць, ды і хацелася хоць з паўгадзіны паблукаць па горадзе. Хадкевіч. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. тэрмін, час. Ледзь паспее вясной Чарназём адагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй... Аўрамчык. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Арцём:] — А праз паўгадзіны прыбывае калінінградскі... Мне трэба паспець... Ракітны. Ну, проста... проста не паспелі Прыбыць на аганёк. Астрэйка. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. // Ідучы за кім‑н. услед, не адстаць у хадзьбе. [Шаевічу] і сапраўды ў такім адзенні цяжка было паспець за мной. Сабаленка.

•••

Не паспець (што‑н. зрабіць) як... — ужываецца пры абазначэнні хуткага дзеяння, нечаканага наступленне чаго‑н. Я не паспеў закрыць ілюмінатар, Як шторм запеніўся з усіх старон. Танк. Яшчэ не паспела .. [Алена] выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак. Колас. Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)