струме́ніцца, ‑ніцца; незак.

Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.

2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.

•••

Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушанава́нне, ‑я, н.

1. Выражэнне павагі, пашаны; пэўныя цырыманіяльныя дзеянні як адзнака прызнання чыіх‑н. заслуг. Назаўтра пахавалі мы Бартало і Найдзёніка разам, з усімі нашымі партызанскімі ўшанаваннямі... Гроднеў. [Варанецкі:] — У гэтай зале ёсць людзі, якія, можа, больш варты ўшанавання, чым я. Дуброўскі.

2. Урачыстасці ў гонар юбіляра. Ушанаванне юбіляра. Ушанаванне перадавікоў працы. □ [М. Танк] .. быў членам Усесаюзнага камітэта па ўшанаванню памяці А. Міцкевіча. Бугаёў.

3. Прыстойнасць асобы. Сур’ёзныя твары .. [палешукоў] часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарвято́чына, ‑ы, ж.

1. Адтуліна, дзірка ў чым‑н., праедзеная чарвямі або лічынкамі. І расці шкадаванню ў душы Тых, хто быў да нячыстага падкі: У кашы не плады, у кашы — З чарвяточынай сохнуць ападкі. Маляўка. Сцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літар. Бядуля. // Месца ў чым‑н., сапсаванае, паточанае чарвямі. // Парахня на паточаным месцы. І праз колькі год пасыплецца на рассохлыя плінтусы, пад якімі заціснуты канцы пакарабачаных масніц, жоўтая чарвяточына. Чыгрынаў.

2. перан. Пра якія‑н. хібы, недахопы, заганы ў кім‑, чым‑н. «Подлая твая душа, — гнеўна абарваў яго другі [герой], — з чарвяточынай. Ты заўсёды толькі аб сабе і думаеш, табе напляваць на ўсіх і на ўсё, у цябе сумлення як кот наплакаў...» Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кудзе́ля ’валакно льну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Серб., Шпіл., Бяльк., Мат., Янк. 1, Чуд.). Укр. куделя, рус. кудель ’тс’, балг. къделя, серб.-харв. ку́деља, славен. kodȇlja ’тс’, польск. kądziel, чэш. koudel, в.-луж. kudźel, н.-луж. kuzel ’тс’. Параўн. кужаль (гл.), кужэль (гл.). Частка форм, якія ўзыходзяць да kǫžel, мае значэнне ’кудзеля’ (бел. кужаль ’ачэсаны і ачышчаны лён’, укр. кужіль ’ачэсаны лён, прыгатаваны для прадзення’, параўн. рус. кудель у тых жа значэннях). Такім чынам, kǫdelь і kǫželь могуць мець тоесную семантыку. Спробы даць прасл. kǫdelь этымалагічнае тлумачэнне былі няўдалымі. Такім з’яўляецца супастаўленне kǫdelь з літ. kedénti ’скубеш воўну’, якое генетычна суадносіцца з kedė́ti ’трэскацца, лопацца’, kėdóti рваць у розныя бакі’, kẽdaras ’лахманы’, а далей са ст.-грэч. σκεαννύναι ’расшчапляю’, літ. skedervà ’асколак’ (параўн. Фрэнкель, 233). Таксама няўдалай з’яўляецца спроба звязаць kǫdelь з kǫdьrь (гл. кудзер) з выдзяленнем у іх агульнага прэфікса (kǫdelьc і.-е. *del‑/*dol‑ ’расколваць’ з рэканструкцыяй першаснага значэння плесці’, якое не збераглося ў жывых дыялектах) (параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 99). Зыходзячы з факта спарадычнага змяшэння і у карысць у праславянскай мове, мяркуем, што kǫdelь < *kǫgelь (якое дало таксама kǫželь) (Мартынаў, Слав. акком., 64–65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаржо́к ‘ядомы грыб з маршчыністай шапкай, Morchella esculenta (Pers.) Fr.; Morchella conila Perg.’, смарчо́к ‘тс’ (ТСБМ), смаржо́к, смаршо́к, смаршчо́к, смарчо́к ‘тс’ (ЛА, 1, Сярж.–Яшк.), сморжкы́ ‘грыбы Morchella’ (Бейл.), а таксама сморж ‘тс’ (малар., Сярж.–Яшк.), ст.-бел. сморщкы ‘тс’ (Скарына). Укр. сморж, смо́ржій, змо́ршка, сморч, рус. сморчо́к, польск. smarz, smardz, в.-луж. smorž, smorža, н.-луж. smarž, чэш. smrž, славац. smrž, серб.-харв. смр́чак, славен. smȓček, макед. смрчка. Прасл. *smъrčь, smъržь (потым з другасным суф. ‑ъk‑). Фасмер (3, 692) звязвае з смаркаць і сморгаць (гл.), што да прасл. *smъrkati, *smъrgati. Мяркулава (Очерки, 168 і наст.) мяркуе, што гэтыя словы з’яўляюцца вымаўленчымі варыянтамі аднаго дзеяслова, магчыма, з экспансіўнай менай заднепаднябенных ‑к‑ і ‑g‑, а семантычна яны выступаюць як сінонімы са значэннем ‘тузаць, шморгаць’ і, не выключана, мелі адценне значэння ‘сцягваць, сціскаць, мяць, моршчыць’, адкуль у аснове назвы грыба магло быць уяўленне як аб нечым памятым, зморшчаным. На карысць гэтага сведчыць сморжкы́ ‘сукруткі’: пэрэкручэная пражка, збыраюцца сморжкы (Уладз.). Рэйзак (586), узводзячы назвы да тых жа праславянскіх дзеясловаў, першасным значэннем лічыць ‘слізкі грыб’, параўн. лат. smur̃gat ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùrgas ‘соплі’, што не ўзгадняецца з вонкавым выглядам грыба, ён таксама звяртае ўвагу на падобнасць славянскіх назваў да ням. morchel ‘смарчок’. Махэк₂ (562) мяркуе, што слова мае “праеўрапейскае” паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́стра 1, ‑а, н.

1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.

2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.

3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.

лю́стра 2, ‑ы, ж.

Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.

[Фр. lustre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.

1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.

2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.

3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)