струме́ніцца, ‑ніцца; незак.

Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)